Выбрать главу

— Няўжо сам Цмок?

Я стукнуў па мяху нагою:

— Пан Цмок, азавіся. Ку-ку…

— Выпусціце мяне, злыдні, — заенчыў Цмок.

— Не выпускайце, — устрапянуўся сабака. — Ён калісьці прымушаў, каб я стойку на лапах рабіў. У мяне ад той стойкі і цяпер галава трасецца.

— Паскуднік! — данеслася з мяха.

— Яшчэ лаецца, — з крыўдаю прамовіў сабака. — Дазвольце яго дубцом пацягнуць.

Дзіма ўсміхнуўся:

— Калі ласка.

Сабака выхапіў з маіх рук дубец і са ўсяе сілы сцёбнуў па мяху.

— Ай-я-яй! — заенчыў Цмок.

Сабака сцёбнуў у другі раз.

— О-ё-ёй…

— Што, падабаецца? — спытаўся я ў сабакі.

Сабака шчасліва-шчасліва ўсміхнуўся:

— Яшчэ як.

— Ну і лупі, пакуль не надакучыць. А мы пойдзем. Некалі нам тут сядзець.

Сабака выцягнуўся, казырнуў:

— Буду старацца!

— Не сабака, а сапраўдны ваяка, — у рыфму сказаў Дзіма і дадаў: — Мех не развязвай, дваранін. Калі выпусціш Цмока, дык ён цябе разам са штанамі праглыне.

Мы зайшлі ў будан, забралі скрыпку і, пасвістваючы, накіраваліся да калодзежа.

Зноў з сябрамі

У музыкі-чарадзея ажно слёзы на вачах выступілі, калі ён убачыў сваю скрыпку.

— Прынеслі? Усё-ткі прынеслі? — толькі і прамовіў.

Узяў у рукі, прытуліў да грудзей.

— Цяпер я з табою ніколі не разлучуся.

— Малайцы хлопцы, — пахваліў нас дзядзька Тодар. — Цяпер да мяне. У госці.

Канечне, нам хацелася пабыць з сябрамі. Так, так, менавіта з сябрамі. Няхай дзядзька Тодар і музыка-чарадзей старэйшыя за нас, але мы непрыкметна пасябравалі з імі. Быццам з роўняй, пасябравалі. Як самыя блізкія сталі яны нам. Але ж і дома, гэта мы добра ведалі, чакаюць нас, непакояцца. А магчыма, і ва ўсе званы б’юць.

— Дзякую за запрашэнне, — сказаў Дзіма. — Не можам сёння. Як-небудзь у другі раз.

— Разумею, — прагаварыў дзядзька Тодар. — Свая хатка — родная матка.

— Можа, крыху адпачнем? — звярнуўся я да Дзімы.

Ногі мае проста гудам гудзелі. І па лесе давялося пахадзіць, і настаяцца, і ў мяху наскакацца.

— Не, — сказаў Дзіма. — Дома адпачнем.

— Ідзіце, — прамовіў музыка-чарадзей. — Я для вас на скрыпцы пайграю. Каб стома прайшла.

Дзядзька Тодар абняў нас, развітаўся, і мы пайшлі па сцяжынцы. А праз хвіліну пачуліся лагодныя гукі музыкі. Стала лёгка-лёгка. Так лёгка, што хоць у скокі пускайся.

Я азірнуўся.

— Дзякую. Мы яшчэ вернемся, — крыкнуў.

Чароўная мелодыя гучала, спяваючы аб шчасці, і радасна было на душы.

Частка трэцяя

Пяць добрых спраў

Як пачыналася завязка

Тры дні мы з Дзімам пражылі без усякіх прыгод. А вось на чацверты дзень, у сераду…

Не, не стану забягаць наперад. Паслухайце, як пачыналася новая завязка.

Раніцою мы з Дзімам ішлі ў школу. Ідзем, значыць, пазяхаем (перад гэтым цікавы фільм паказвалі ў перадачы «Для тых, хто не спіць», і мы з Дзімам, вядома, таксама не спалі, глядзелі яго), а насустрач загадчык фермы дзядзька Рыгор, ці, як у вёсцы завуць яго, Іванавіч. Дваццаць сем гадоў хлопцу, а ўжо Іванавіч. Заслужыў.

Параўняўся ён з намі і пытаецца:

— Не выспаліся, хлопцы?

— Не, — пазяхнуў я.

— Каб які дабрадзей дзве ночы стачыў, то, канечне, выспаліся б, — вырашыў пажартаваць Дзіма.

Іванавіч крыва ўсміхнуўся:

— А калі я вас цяпер за вушы ды ў міліцыю?

— За што? — спачатку не дайшло да мяне.

— За вушы, — цвёрда сказаў Іванавіч. — А пасля: — Па-добраму прызнавайцеся. Я ўсё ведаю.

Рыжыя вусы ў Іванавіча таргануліся. У яго, ведаў я, заўсёды так, калі злуецца. Мы стаялі як апараныя кіпнем.

— Мы нічога кепскага не рабілі, — першым апамятаўся Дзіма.

— А чаму не выспаліся?

Злосць мяне ўзяла. Хай сабе ён загадчык фермы, хай сабе Іванавіч, але чаму сярод вуліцы запыняе? Чаму ні за што чапляецца да нас?

— Вы ў сябе на ферме камандуйце. Даяркамі і каровамі, — кажу. — А нам у школу трэба ісці.

Зноў у Іванавіча вусы таргануліся.

— Смелыя, — працадзіў ён праз зубы. — Паглядзім, як у міліцыі заспяваеце.

— Мы і ў школе наспяваемся. Во хопіць, — правёў я рабром далоні па горле. — Сёння ў нас спевы якраз.

Іванавіч падняў руку. Відаць, хацеў схапіць нас за вушы, але мы, як два зайцы, адскочылі ўбок.

Іванавіч пагладзіў свае рыжыя вусы, а потым спытаўся:

— Навошта кароў павыганялі?

Калі б гэты эпізод у якім-небудзь фільме паказвалі, то я аж бакі рваў бы. Але тут было не да смеху. Я разумеў, што трэба ратавацца.