Выбрать главу

— Чалавек-жаба! — вырвалася ў мяне.

Мы з Міхасём імгненна павярнуліся на сто восемдзесят градусаў і як мага паімчаліся назад, на поле.

Міхась апярэдзіў мяне. «Дагоніць чалавек-жаба. Зловіць. Мяне зловіць», — мільганула ў галаве.

Не ведаю, адкуль сілы з’явіліся, але я за якую секунду абагнаў Міхася. Мы беглі, беглі, нічога не цямячы, пакуль, зняможаныя, не ўпалі на мяккую раллю.

Мы сядзелі на зямлі. Вясенняя ноч атуляла ласкавым цяплом ваколле. Вакол было ціха і спакойна. Не верылася, што ў такую лагодную ноч можа здарыцца штосьці страшнае. І тое, што згінула Наташа, і тое, што мы сустрэлі ў Дворным Садзе агіднага чалавека-жабу, здавалася мройным сном.

— Міхась, мы ўсё гэта не снім?

— Не снім, — адгукнуўся Міхась.

— А калі гэта нам здаецца? Я чытаў пра бельгійскага хіміка Жака Перо. У яго ўзарвалася лабараторыя. Дык пасля ўсе прадметы ён стаў бачыць толькі перавернутымі. Ці не здарылася і з намі нешта падобнае?

— Няшчасце беднага Жака Перо яшчэ паўбяды, — сказаў Міхась. — Свой зрок, я думаю, ён вылечыў. Для гэтага прызматычныя акуляры носяць. А вось у нас сапраўдная бяда. Нам цяжэй. Цяжэй, бо нічога нам не здаецца. Ёсць чалавек-жаба. Дарма бабцы Тэклі не паверылі. Блукае ён у Дворным Садзе. — Міхась скрыгітнуў зубамі: — Як уяўляю, у чые рукі Наташа трапіла, дык… Чаму гэтая пачвара, як гаспадар, ходзіць па нашай зямлі? Чаму?

Я крануў Міхася за плячо.

— Міхась, хадзем зноў у Дворны Сад. Крыху адпачнём і пойдзем. Мы выратуем Наташу.

У прышэльцаў з Эльдарада

Пра тое, што здарылася з Наташай, мы даведаліся пазней. Паспрабую перадаць тое, што яна нам расказала. Наташа, паспрачаўшыся з намі, цвёрда вырашыла ісці ў Дворны Сад адна. Яна чула, як мы з Міхасём крычалі, як клікалі яе. Падышоўшы да Дворнага Саду, яна заўважыла, што ў кустах мільганулі дзве постаці. Падумала, што мы з Міхасём апярэдзілі яе, што хочам напалохаць. «Хлопчыкі, вылазьце», — паклікала.

Але ніхто не азваўся. Толькі на самым ускрайку трэснула сухая галінка. Нібыта на яе нагою наступілі. Упершыню Наташа пашкадавала, што пайшла ў Дворны Сад. Толькі азірнулася — і тут на яе накінуліся. «О-о-ой!» — крыкнула яна. Памкнулася, каб вырвацца, ды дарэмна. Ёй закруцілі рукі назад, моцна звязалі вяроўкаю. А пасля, штурхаючы ў спіну, павялі. Яна спатыкалася, галінкі балюча сцёбалі па твары, а яе штурхалі, вялі наперад. Двое, якія вялі яе, былі ў зялёных камбінезонах. А твары… Твары да жудасці агідныя: пукатыя вочы, скура на шчаках абвіслая, шэрая…

Нарэшце Наташа ўбачыла камяніцу панскага палаца. Яе прывялі ў скляпенне. У гэтае скляпенне яна не раз лазіла с намі. Тады было цікава, а цяпер…

У скляпенні гарэла свечка. Прыхінуўшыся да сцяны, сядзеў чалавек, як дзве кроплі вады падобны на тых двух, якія яе прывялі: і вочы пукатыя, і шчокі шэрыя, абвіслыя, і гэткі ж зялёны камбінезон.

— Палонную прывялі,— звярнуўся да яго адзін з тых, хто вёў Наташу. — Яна нам усё раскажа.

Другі моцна піхнуў яе ў спіну.

— Сядай.

Наташа села ў самы куточак, каб толькі далей ад іх.

— Прагаладаліся мы, Кока-Кола, — прагаварыў той, які піхнуў Наташу.

Гаварылі яны па-нямецку. Наташа ведала нямецкую мову. У нашай школе нямецкую мову вывучалі ўжо з першага класа. «Эксперыментальная, з ухілам замежнай мовы», — вось так крыху мудрагеліста называлася наша школа.

Наташа не паказвала, што разумее іх.

Той, які сядзеў, устаў, выцягнуў з кутка пакоўную сумку, паставіў пасярод скляпення.

«Кока-Кола яго зваць», — здагадалася Наташа.

— Бяры, Банан, — глуха прагаварыў Кока-Кола. — Ніколі ты не наясіся.

Банан расшпіліў сумку, дастаў з яе некалькі апельсінаў, падаў таму, з якім вёў Наташу.

— Частуйся, Кальмар.

«Кока-Кола… Банан… Кальмар… Якія ў іх дзіўныя імёны! А калі гэта не імёны, а клічкі? Бандыты яны, — з жахам падумала Наташа. — Не з Эльдарада людзі, проста бандыты».

Банан і Кальмар аблупілі апельсіны, пачалі есці, гучна цмокаючы жабінымі ратамі.

— Палонную пачастуйце, — прагаварыў Кока-Кола.

— Пацерпіць, — засмяяўся Кальмар. Па спіне ў Наташы мурашкі забегалі.

— Рукі развязалі б, — сказаў Кока-Кола. — Не ўцячэ.

Кальмар зыркнуў на яго пукатымі вачыма.

— Яна мяне за палец укусіла!

Кока-Кола падышоў да Наташы, выняў з кішэні нож, разрэзаў вяроўку.

Кальмар хацеў штосьці сказаць, але Кока-Кола апярэдзіў яго:

— Не зыркай на мяне, не зыркай. Ведаю, што раблю.

Кальмар даеў апельсін.

— Мазалі баляць, — буркнуў.