— Нашу карову тата на пашу выганяе. Я сплю як забіты, калі ён яе выганяе, — кажу, адступаючыся назад.
— І я сплю без задніх ног, калі каровы выганяюць, — заморгаў Дзіма.
— Няўжо вы невінаватыя? — прагаварыў Іванавіч. — Уважліва паглядзеў на нас і махнуў рукою: — Ідзіце. Можа, дарма вас запыніў. У мяне таксама нервы. Усю ноч не спаў, кароў заганяў.
Нам вельмі хацелася спытацца ў Іванавіча, якіх кароў ён усю ноч заганяў, ды чамусьці пабаяліся. Закінулі партфелі на плечы і борздзенька патупалі па вуліцы.
— А ўсё-ткі хтосьці з вас, школьнікаў, гэта зрабіў, — крыкнуў Іванавіч наўздагон. — Дарослыя такога не зробяць.
— Што з ім? — таўхануў я Дзіму. — Якая муха яго ўкусіла?
Дзіма паціснуў плячамі:
— Хто яго ведае. Мабыць, не з тае нагі ўстаў.
— А калі гэта не Іванавіч, а Цмок?
Дзіма спыніўся:
— Што вярзеш? Таксама не з той нагі ўстаў?
— Усё можа быць, — кажу Дзіму. — Ператварыўся Цмок у Іванавіча і з казкі да нас прыплёўся. Як нядаўна работнік-селянін.
— А дзе тады сам Іванавіч?
— Хто яго ведае, — паціснуў я плячамі.
— Ты пра гэта нікому ні слова, — сказаў Дзіма. — Потым высветлім, хто з намі размаўляў: сапраўдны Іванавіч ці несапраўдны.
Мы подбегам накіраваліся ў школу. А на школьным двары нас спыніў Сяргей Мазоль.
— Чулі? Ноччу з кароўніка нехта ўсіх кароў павыганяў, — паведаміў ён. — Думаюць, што гэта мы, школьнікі.
— Кароў? — лыпнуў я вачамі на Сяргея.
— Кароў. Паадвязваў і на двор выгнаў. Ха-ха-ха, — зарагатаў Сяргей.
— Чаму смяешся? — спытаўся Дзіма.
— Бо смешна. Кароў павыганяў! Ха-ха-ха… Калі б «Жыгулі» з гаража выгнаў, то не смешна было б.
Дзіма скоса зірнуў на мяне і паказаў кулак.
Я здагадаўся, чаму кулак паказвае. З-за таго, што Іванавіча Цмокам назваў. Выходзіць, з сапраўдным загадчыкам фермы мы размаўлялі. Проста не зразумелі яго. Але ён і сам вінаваты, што не зразумелі. Калі б растлумачыў як чалавек, што здарылася, то такога не было б. І ўсё роўна неяк не верылася, што хтосьці кароў павыганяў.
— Ты не ілжэш? — спытаўся я ў Сяргея.
— У каго другога спытайцеся, калі не верыце.
— Дык вартаўнік у кароўніку. Хіба ён не чуў?
— Дзед Тамаш як засне, дык яго самога хоць бяры ды вынось. Ну, я пайду. Яшчэ каму-небудзь раскажу.
Сяргей падэбаў, усміхаючыся, а мы з Дзімам стаялі як вады ў рот набраўшы. Не чакалі гэткага. Разгубіліся.
Кватарант
А пасля ўрокаў прылятае Дзіма. І з парога:
— У бабкі Веркі кватарант жыве!
Я адразу пра ўсё забыўся. Не часта ў нашу вёску чужыя людзі прыязджаюць, ды яшчэ кватараваць.
— Малады? — пытаюся.
— Здаецца, не, — адказаў Дзіма. — Я ад мамы пачуў. Пабеглі паглядзім.
Праз некалькі хвілін мы былі каля хаты бабкі Веркі. На надворку, на лаўцы, сядзелі бабка Верка і незнаёмы мужчына. Я яму даў бы гадоў пяцьдзесят, не меней. Адзенне на ім было новенькае, як толькі ў магазіне купленае: і адпрасаваны касцюм, і доўгі, ажно да пояса, гальштук, і сарочка ў клеткі, як на шахматнай дошцы. А яшчэ на каленях у мужчыны ляжаў шэры капялюш.
Мы з Дзімам прыселі каля плота.
— Міхась, — прашаптаў Дзіма, — бабка Верка і яе кватарант падобныя, як дзве кроплі вады.
Прыгледзеўся я. Здаецца, падобныя: ружовашчокія (іголкай дакраніся — кроў пырсне), тоўстыя, як бочачкі.
— Мабыць, яны сваякі, — кажу Дзіму.
— Не, — не пагадзіўся са мною Дзіма, — у бабкі Веркі няма сваякоў. Толькі сын Дзяніс у сталіцы, у Менску, жыве. Я нават яго адрас ведаю. Бабка Верка часта просіць мяне, каб пісьмо яму напісаў.
— А можа, гэты капялюш, — паказваю на мужчыну, — сватаецца да бабкі Веркі?
— Вярзеш грушу на вярбе, — сказаў Дзіма. — Лепей паслухаем, аб чым гавораць.
Мы сцішыліся.
Мужчына ўзяў капялюш, надзеў на галаву, звярнуўся да бабкі Веркі:
— Бульбы сёлета шмат накапалі?
— Позняя была. І ўсходзіла кепска. Ды колькі той бульбы мне трэба? — адказала бабка Верка.
— А грыбоў багата было?
— Не сказаць, каб вельмі. Дожджык толькі зрэдку пырскаў. Але я торбачку баравікоў насушыла. Прыедзе сын з горада — хай з сабою вязе.
— Раней лепей было. Лепей, — два разы паўтарыў мужчына. — І дажджы штодзень ішлі, і грыбоў вырастала, хоць касу закладай.
— Лепей, — пагадзілася бабка Верка. — Цяпер вось ногі круціць, а некалі, памятаю, нібы перапёлка, бегала.
Некалькі хвілін бабка Верка і мужчына сядзелі моўчкі. Потым зноў пачаў мужчына: