Выбрать главу

— Ваш сын, Вераніка Юльянаўна, часта да вас прыязджае?

Я пырснуў у кулак. Вераніка. Ды яшчэ Юльянаўна. Смешна гучыць. Так бабку Верку ў нашай вёсцы, відаць, ніхто зроду не называў. Цвіце бабка Верка. Такі зварот ёй як маслам па сэрцы.

— Маўчы, — зашаптаў Дзіма. — Калі насмяешся?

— Не, рэдка, — уздыхнула бабка Верка. — Нявестка мая, Ірына, да сваёй маткі ўсё цягне. А ён за Ірынаю, як цялятка, бяжыць.

— Вось і гадуй дзяцей, — прамовіў мужчына. — На старасці кубак вады не пададуць. Волю вялікую ім далі. Да чаго дадумаліся, нягоднікі! Кароў павыпускалі.

— Яшчэ свая вош іх не ўкусіла. Таму і гуляе вецер у галаве, — прагаварыла бабка Верка.

Мужчына зняў капялюш, памахаў ім перад тварам:

— Э-э-э, памыляецеся, Вераніка Юльянаўна. Ад распусты ўсё. Іх трэба ў кулаку трымаць. Каб не піснулі.

У мяне раптам заказытала ў носе. Вось-вось чхну. Заціснуў рот, а ўсё роўна чхнуць так хочацца, што не вытрываць. І я не вытрываў:

— Апчхі.

Мужчына ажно падскочыў:

— Што гэта?

«А ў цябе слабыя гайкі», — падумаў я.

— Пайшлі на надворак, пакуль не заўважылі, што каля плота сядзім, — пацягнуў мяне за сабою Дзіма.

Мы адчынілі весніцы, зайшлі на падворак, прывіталіся.

Мужчына зыркнуў на нас спадылба, а бабка Верка ўсміхнулася:

— Што скажаце?

— Вады захацелася папіць, — схлусіў Дзіма.

— Калодзеж на вуліцы, — няласкава сказаў мужчына. — Дасталі б і папілі б з вядра.

— Я не прывык з вядра піць, — з гонарам адказаў Дзіма.

— Школьнікі? — спытаўся мужчына.

— Школьнікі, — прагаварыў я.

— Можа, пазнаёмімся?

Мы моўчкі стаялі, пераступаючы з нагі на нагу.

— Гэты Міхась, а той Дзіма, — тыцнула пальцам бабка Верка. — Саромеюцца хлопцы.

— Міхась? Дзіма?

Мужчына выцягнуў шыю, зірнуў на нас, як кот на мышэй. Мне здавалася: яшчэ хвіліна — і кінецца, ушчарэпіцца, каб не выпусціць. Але, на шчасце, не кінуўся, праз секунду скрывіў губы ва ўсмешцы:

— Мяне Фама Спірыдонавіч зваць. Са сталіцы я прыехаў. Навуковым работнікам там працую. Вялікія навуковыя працы пішу. Захацелася ў вёсцы крыху пажыць, вясковым кіслародам падыхаць. Вераніка Юльянаўна дазволіла, каб у яе пажыў.

— Жывіце, Фама Спірыдонавіч. Колькі захочаце, жывіце. Я вучоных людзей паважаю. Я з вас нават грошай не вазьму.

— Мы пойдзем, — сказаў Дзіма, адступаючы.

— Вы ж хацелі вады папіць, — здзівілася бабка Верка.

— Ужо расхацелася, — крыкнуў я, зачыняючы весніцы.

— Не падабаецца мне гэты Кот Спірыдонавіч, — сказаў Дзіма. — Нутром адчуваю, што кепскі ён чалавек.

— Ён такі навуковы работнік, як я старшыня калгаса, — падтрымаў я Дзіму. — Ваду муціць. Нас, школьнікаў, з’есці гатоў. Валіць з хворай галавы на здаровую.

Вось так мы пазнаёміліся з кватарантам бабкі Веркі Фамой Спірыдонавічам, ці, як назваў яго Дзіма, Катом Спірыдонавічам.

Назаўтра пасля ўрокаў

Назаўтра пасля ўрокаў мы з Дзімам сядзелі на лаўцы і Фаме Спірыдонавічу костачкі перамывалі. Асабліва Дзіма стараўся:

— Гэты Кот Спірыдонавіч адно не праглынуў нас.

— Але, — падтрымліваў я Дзіму, — глянуў на мяне як тры грошы даў.

— Відаць, шпіён.

— У сто разоў горшы, — замахаў я рукамі.

Размаўляем гэтак, а тут Аня Бялько падыходзіць. Вы, напэўна, памятаеце яе? Яна выдатніца ў нашым класе. Падыходзіць, садзіцца без запрашэння на лаўку і пачынае:

— Сумуеце?

Не спадабалася мне, што такую цікавую гаворку перапыніла.

— А ты новым анекдотам хочаш нас пацешыць? — рэзнуў ёй прама ў вочы.

— Ні этыкі ў вас, ні эстэтыкі, — з дакорам прамовіла Аня.

Я хацеў сказаць ёй, што такімі нарадзіліся, што не ёй нас перавыхоўваць, але Дзіма не даў мне рот адкрыць:

— Маўчы, Міхась. Не будзем сварыцца. Нельга цяпер.

«Так, — падумаў я, — правільна ён разважае. Трэба вывесці Фаму Спірыдонавіча на чыстую ваду, даведацца, хто ён такі. А калі сварыцца пачнём, дык і пра Спірыдонавіча забудземся».

— Аня, ты чаго да нас прыйшла? — спытаўся больш лагодна.

Аня адразу павесялела:

— Хлопчыкі, вось я сядзела і думала…

Аня задрала галаву, стала глядзець кудысьці ўгору. «Зноў думае», — здагадаўся я.

— Дык аб чым ты думала? Можа, аб тым, як у нябесны блакіт узляцець? — Дзіма падняў руку, паказваючы на неба. — З птушкамі палятаць захацелася?

— Не, — сказала Аня, — мне болей падабаецца па зямлі хадзіць. А вось чаму на нас у вёсцы коса глядзяць, дык і вы задумайцеся.

— А чаго тут думаць, — сказаў я. — Раструбіў Іванавіч, што мы кароў павыганялі.