— Заўсёды так: наробіць хто-небудзь шкоды, а дзеці вінаватыя, — сказаў Дзіма.
Я ў думках пагадзіўся з Дзімам. І праўда, усе дарослыя лічаць, што дзеці — гэта нейкія каты-шкоднікі. Калі не зрабілі шкоды, то абавязкова зробяць. Вось як у нас дома нядаўна было. Тата крыштальную вазу разбіў. Рукавом са стала яе змахнуў. Мама прыйшла з работы і мне ручніком па спіне. А тата стаіць ды цыгарэту пакурвае. Што ж, не яго б’юць, а мяне. Толькі на трэці дзень прызнаўся, што ён разбіў. Відаць, сумленне заела.
Пра гэта, вядома, я цяпер не сказаў сябрам. Хіба дапамогуць яны мне? У іх таксама падобнае часта здараецца. Я толькі ўздыхнуў:
— Нас хутка з вёскі вытураць.
— Каб толькі гэта! — з горыччу прамовіў Дзіма. — Іванавіч школе каня не даў. Пазваніў да яго наш дырэктар. Так і так, трэба агарод узараць. А Іванавіч яму: «У нас коні і так замораныя. Ледзьве ходзяць. Ім адпачываць трэба».
— Начальнік! — усклікнула Аня. — Давайце зробім так, каб ён не ведаў, куды ад сораму дзецца.
— Трэба Іванавіча на месца паставіць, — згадзіўся Дзіма. — Што прыдумала?
— Наша ферма выканала гадавы план па продажу малака, — неяк па-газетнаму пачала Аня, — а даярак ніхто не павіншаваў. Крыўдзяцца яны. Я сама чула.
— Дык што рабіць? — прамовіў Дзіма. — Пайсці і паціснуць ім рукі? Віншуем вас, працаўнікі ферм!
— Павіншуем, але не так, як ты думаеш. Навагоднюю ёлку паставім. Каб бачылі, што для іх наступіў Новы год.
Канечне, нічога звышарыгінальнага Аня не прыдумала. Я не раз бачыў, як такую ёлку па тэлевізары паказвалі. Але ж даяркам прыемна будзе. І таму я падтрымаў яе:
— Сёння ж паставім. Хай Іванавіч згарыць ад сораму. Пайшлі.
— Пачакай, — спыніў мяне Дзіма.
— Ты што, супраць? Не хочаш людзей парадаваць? — накінуўся я на яго. — Нашы даяркі табе не падабаюцца?
— Я не супраць, — сказаў Дзіма, — але ж па ёлку трэба ў лес ісці.
— Вядома, не ў агарод, — засмяяўся я.
— Ды я не пра тое. Нельга без дазволу ёлку ссякаць. Мы ссячэм, а ляснік нас за каўнер. Зноў непрыемнасць.
Я пачухаў патыліцу. Правільна кажа Дзіма: нельга, непрыемнасць. Вось як бывае. Хочаш добрае зрабіць, а можа кепскім абярнуцца.
— Дык не будзем ставіць? — спытаўся я.
— У мяне ёсць штучная ёлка, — сказала Аня. — Яна як сапраўдная.
— Аня, ты бяжы за сваёю штучнаю ёлкаю, а мы з Дзімам прынясем цацкі, — скамандаваў я.
Не паслухалася Аня:
— Так нецікава. Цацкі мы самі зробім. З яечных шкарлупін.
— Дзе ж столькі шкарлупін набраць? — хмыкнуў Дзіма. — Хіба на сметніку?
— На сметніку хай куры грабуцца, — сказаў я.
— Вы быццам на свет нарадзіліся, — з папрокам прамовіла Аня. — У вас дома яйкі ёсць? Ёсць. Спачатку пракаліце іх з двух канцоў іголкаю, а затым бялок і жаўток высмоктвайце. І вам карысць, і шкарлупіны будуць. Размалюем іх па-рознаму. Цудоўныя цацкі выйдуць.
Як мы ні пераконвалі Аню. што фабрычныя цацкі прыгажэйшыя, не пераканалі. Заўпарцілася, на сваім стаіць: са шкарлупін лепшыя. Мусілі згадзіцца з ёю. Хіба пераканаеш дзяўчынку, ды яшчэ выдатніцу? Яны заўсёды лічаць, што за ўсіх разумнейшыя.
— Бяжы па сваю ёлку, — уздыхнуў я. — Да мяне прынясеш. Тата і мама на рабоце. У маёй хаце шкарлупіны размалюем.
Калі Аня пайшла, Дзіма прапанаваў мне:
— Я дзесяць яек вазьму, і ты дзесяць возьмеш. Пароўну. Каб не крыўдна было.
Пайшоў Дзіма ў хату за яйкамі, а я застаўся на вуліцы. Хвіліна прайшла, пяць хвілін, дзесяць — няма Дзімы. Нарэшце выходзіць, азіраючыся, як злодзей.
— Во, — паказвае на адтапыраныя кішэні. — У адну кішэню пяць улезла і ў другую пяць.
— Чаму так доўга быў? — накінуўся я на яго.
— Маці ў хаце была. Чакаў, калі выйдзе.
Мне здавалася, што мы хутка справімся з гэтай незвычайнай работай, якую даручыла нам Аня. А выйшла па-другому.
Спачатку, як вучыла Аня, мы з Дзімам пракалолі яйкі з двух канцоў іголкай, а потым пачалі смактаць, як смокчуць мёд з сотаў. Смокчам, а з дзіркі ані кропелькі.
— Трэба мацней, — сказаў Дзіма.
Пачалі з усяе сілы смактаць. У мяне ў скронях аж нейкія жылачкі затахкалі, а ў Дзімы твар так пачырванеў, нібы яго замест шкарлупіны чырвонаю фарбаю памалявалі.
Не ведаю, што рабілі б, калі б Аня не прыйшла. Як сапраўдны Дзед Мароз. З ёлкаю і з фарбамі.
— Бялкі і жаўткі быццам прыраслі да шкарлупін, — кінуўся да Ані Дзіма.
Паківала яна галавою:
— Эх вы! Трэба большыя дзіркі пракалоць.
— А можа, там кураняты сядзяць? — прагаварыў я.
— Кураняты вясною выводзяцца, а не восенню. Кажу вам, што трэба большыя дзіркі пракалоць, — раззлавалася Аня.