Мы пракалолі ў яйках большыя дзіркі і пачалі па адным піць. Вып’ем — шкарлупіну на стол кладзем. А Аня рознымі колерамі малюе. І нейкіх вясёлых чалавечкаў, і кветкі, і домікі, і шары. Напіліся мы яек, што аж моташна стала. Я на іх і цяпер глядзець не магу.
Размалявала Аня шкарлупіны, а потым усе разам ніткі да іх прывязалі, вялікаю іголкаю праз дзіркі прасадзіўшы.
Паклала Аня ўсе гэтыя цацкі са шкарлупін у цэлафанавы мяшочак і пытаецца:
— Колькі гадзін?
— Пяць, — кажу.
— А даяркі калі на ферму прыходзяць?
— У шэсць.
— Значыць, паспеем ёлку ўпрыгожыць, — сказала Аня, пазіраючы на нас з Дзімам, як на немаўлят. — Цяпер у рэдакцыю пазвонім.
Я ажно вочы вылупіў:
— Куды?
— У рэдакцыю раённай газеты.
— Не трэба званіць, — усклікнуў Дзіма. — Загрымім, як кажуць, пад фанфары.
— Я пазваню не для смеху. Папрашу, каб прыехалі да нас на ферму і даярак каля ёлкі сфатаграфавалі. Гэта іхняя работа.
Разважылі мы з Дзімам. Сапраўды, работа, сапраўды, трэба сфатаграфаваць. Хай на нашых перадавікоў увесь раён глядзіць.
— Звані, — сказаў Дзіма.
Набрала Аня нумар — яго мы ў тэлефонным даведніку знайшлі — і гукнула:
— Ало, гэта рэдакцыя?
Мы з Дзімам выцягнулі шыі, слухаем.
— Рэдакцыя, — мужчынскі голас з трубкі даносіцца. — З кім размаўляю?
— З вамі размаўляе вучаніца шостага класа Вароніцкай васьмігадовай школы Аня Бялько. А вы хто?
Я таўхануў Дзіму ў бок.
— Быццам рэпу грызе, — прамовіў Дзіма.
— Я карэспандэнт, — чуецца з трубкі голас.
— Таварыш карэспандэнт, прыедзьце, калі ласка, да нас у Варонічы. На нашай ферме ўсе даяркі гадавое заданне выканалі.
— Прыехаць?
— Прыедзьце, таварыш карэспандэнт. Мы вельмі просім вас.
«Зусім не баіцца, — думаю. — Ёй толькі дзе-небудзь на вялікім заводзе камандаваць».
— Позна ўжо. Каб раней, — чуем, як апраўдваецца карэспандэнт.
— Сёння для даярак мы ёлку паставім. Разумееце?
— Разумею… Разумею… Э-э-э…
— Духу ў карэспандэнта не хапае, — заўважыў Дзіма.
— Таварыш карэспандэнт, вас вучні просяць. Прыедзеце?
— Пастараемся прыехаць, — нарэшце згадзіўся карэспандэнт.
А Аня, нібыта сапраўдны начальнік:
— Дык пастараецеся ці прыедзеце?
— Ха-ха-ха, — чамусьці засмяяўся карэспандэнт. А пасля: — І пастараемся, і прыедзем.
— Калі ласка.
— Да пабачэння.
Аня паклала трубку, уздыхнула:
— Натамілася, як на бураках. Дзялку лягчэй прапалоць, чым з карэспандэнтам дамовіцца.
— А я лепей яшчэ дзесяць яек выпіў бы, чым у рэдакцыю да карэспандэнта званіць, — шчыра прызнаўся Дзіма.
На ферме
Смеючыся, мы выйшлі на двор. Агародамі, каб не трапляць людзям на вочы, падаліся на ферму. Не хацелася, каб распытвалі: што ды чаму? Даярак на ферме яшчэ не было. Мы зайшлі ў пакой жывёлавода. Пасярод пакоя стаяў вялізны круглы стол. Вось на гэты стол мы і паставілі ёлку. Хуценька ўпрыгожылі яе сваімі самаробнымі цацкамі, селі на крэслы, як імяніннікі, чакаем, хто першы зойдзе. Вельмі хацелася, каб сам Іванавіч. Напэўна, у яго язык да зубоў прымёрз бы, калі б убачыў гэткае цуда. Але ў пакой зазірнула цётка Маня, адна з самых старэйшых даярак на ферме. Зазірнула, рукамі ўспляснула:
— Што гэта?
Устаў Дзіма і, як вызубранае правіла, без запіначкі:
— Дарагія даяркі! На вашым рабочым графіку Новы год. Віншуем вас з працоўнымі поспехамі і жадаем шчасця ў сямейным жыцці.
— Пабягу жанок паклічу. Хай падзівяцца, — усклікнула цётка Маня.
Павярнулася — і як ветрам яе здзьмула. А неўзабаве жанчыны ў пакой уваліліся. Раскудахталіся, як куры ў куратніку:
— Ах, што за ёлка!
— Ах, якія прыгожыя цацкі!
— А ў якім магазіне куплялі іх?
— Няўжо самі зрабілі?
— Усё-ткі ўспомнілі пра нас.
І тут хтосьці голас падаў:
— Іванавіча сюды, Іванавіча!
Глядзім: вядуць дзве жанчыны Іванавіча, як пад канвоем. Ступае Іванавіч як не сваімі нагамі і часта-часта рот адкрывае, нібы рыба, якую выцягнулі на бераг.
Падступілася да яго цётка Маня:
— Школьнікі нас павіншавалі. А ты?
Таргануў Іванавіч сваімі рыжымі вусамі.
— Мы збіраемся вас у кантору выклікаць. Урачыста павіншуем.
— А нам і тут урачыста! — крыкнула цётка Маня.
Абступілі жанчыны Іванавіча, джаляць, нібы восы:
— Калі на экскурсію паедзем?
— Ты абяцаў, што балет на лёдзе паглядзім.