Выбрать главу

— Няхай сам балет пакажа.

— Чаму душ у нас не працуе?

— Чаму цырульніца не прыязджае? Абяцалі.

Відаць, вырашылі жанчыны ўсе грахі Іванавічу ўспомніць. Замахаў Іванавіч рукамі:

— Цішэй, бабы, цішэй. Дайце слова сказаць.

— Слова просіць, — крыкнула цётка Маня. — Паслухаем.

Замоўклі жанчыны, суцішыліся.

— Ну, вінаваты я, — прагаварыў Іванавіч. — Дык мяне цяпер на кавалкі разарваць?

Цётка Маня рукі ў бакі і да Іванавіча:

— Чаму нашых дзяцей не паважаеш? На ўвесь калгас раззваніў, што кароў павыпускалі. Хіба пойдуць яны сярод ночы кароў адвязваць? Вось ёлку нам прынеслі. Мне ў жыцці ніхто ні адной кветачкі не падарыў, а тут цэлую ёлку прынеслі, і яшчэ з цацкамі.

Цётка Маня неспадзявана ўсхліпнула. Не думалі мы, што гэтак будзе. Думалі: павіншуем і хуценька разыдземся. А тут цэлая дыскусія разгарэлася. Не рады былі, што прыйшлі.

— Цётка Маня плача. Што будзем рабіць? — прашаптаў я, звяртаючыся да Ані і Дзімы.

Пачула цётка Маня:

— Ды я ад радасці плачу, харошыя вы мае. Я сёння як трыццаць гадкоў скінула.

Кожнага з нас па чарзе абняла, ды яшчэ ў шчокі пацалавала. Лепей было б скрозь зямлю праваліцца.

— Маня, — гукнуў хтосьці з жанчын, — а ты не адмовілася б, калі б табе Іванавіч букет рамонкаў ці валошак прынёс?

А цётка Маня звонка-звонка, зусім як маладая:

— І ад рамонкаў, і ад валошак не адмовілася б. Што скажаш, Іванавіч?

Іванавіч чамусьці да нас падышоў:

— Скажыце свайму дырэктару, што заўтра я сам каня прывяду. Сам і агарод узару. Вось так.

Абняла цётка Маня Іванавіча і, як і нас, у шчаку пацалавала. Пачырванеў Іванавіч, як рак, а жанчыны ў далоні як запляскаюць. Напэўна, рэха аж да вёскі дайшло.

Невядома, колькі яшчэ тут так цалаваліся б, абдымаліся б, калі б не заўважылі, што насупраць акна легкавая машына спынілася.

Усе жанчыны да акна кінуліся, а Іванавіч скамандаваў:

— Бабы, каб ціха было. Невядома, хто да нас прыехаў.

— Гэта карэспандэнт з газеты, — паведаміла Аня. — Ён будзе даярак фатаграфаваць.

Быццам бомба ў пакоі разарвалася. Замітусіліся жанкі, завойкалі:

— Ой, прычоску зрабіла б, каб ведала!

— Ой, няўжо ў газеце будзем?

— Ой, пабягу хоць новую кофту адзену!

— Пойдзем, — шапнуў я Дзіму і Ані.

Мы непрыкметна выбраліся з пакоя і ва ўсе лапаткі дамоў.

Здарэнне на выгане

Цэлых паўдня мы ў школе хадзілі як героі. Аднакласнікі з зайздрасцю пазіралі на нас, а малыя здалёку віталіся, быццам з правяраючымі. Нават дырэктар школы Анатоль Лукіч нас пахваліў: «Малайцы! Ініцыятыўна дзейнічалі. Так і далей трымайце». Пасля такой пахвалы мы маглі б горы звярнуць. Каб толькі нам іх паказалі.

А загадчык фермы Іванавіч стрымаў сваё слова. Рана-раненька ў школу прыехаў і агарод узараў. Яшчэ і «дзякуй» сказаў Анатолю Лукічу на развітанне. Сам узараў, сам падзякаваў. Арыгінальна выйшла? Па-мойму, вельмі арыгінальна. Такое не часта здараецца.

Што яшчэ запомнілася мне? Ага, у гэты дзень я ажно тры пяцёркі атрымаў. Можна сказаць, толькі іх для поўнага шчасця не хапала.

А пасля паўдня ўсё шыварат-навыварат пайшло. Здарылася такое, што як снег на галаву.

Пачыналася так. Выйшаў я на вуліцу і бачу: Дзіма барана на вяроўцы цягне. Баран упіраецца, а Дзіма валачэ.

— Куды ты яго цягнеш? — пытаюся.

— На выган. — Так позна?

— Маці хацела пастрыгчы яго, ды ножны не знайшла. Закінула кудысьці. Загадала, каб на пашу завёў. Здурнеў, у хляве стоячы — назад ірвецца.

— Дапамагчы? — пытаюся. — Потым у футбол пагуляем. Хлопцы сёння на школьным стадыёне збіраюцца.

— Я даў сабе слова, што сам зацягну. Пачакай мяне тут.

Пацягнуў Дзіма барана, як санкі, за сабою, а я па вуліцы ад плота да плота хаджу, чакаю, калі вернецца.

Дачакаўся нарэшце. Падышоў Дзіма да мяне, выцер узмакрэлы лоб:

— Гэтага барана хоць у воз запрагай. Сем патоў сышло, пакуль завёў.

Толькі сказаў ён так — мой брат Міколка бяжыць.

— Дзіма, — крычыць здалёку, — твой баран ашалеў.

Мы, як пачулі гэткае, насустрач Міколку.

— Ты што пляцеш? — накінуўся Дзіма на Міколку. — Я свайго барана нядаўна на выган завёў.

— Ты завёў, а ён ашалеў.

— Жартачкі строіш? — схапіў Дзіма Міколку за каўнер.

— Дзіма, пусці яго, — заступіўся я за брата. — Твайго барана, напэўна, шалёны сабака ўкусіў.

— Не, — прагаварыў Міколка, — ён вядро сабе на галаву надзеў.

— Гм, — хмыкнуў Дзіма, — хлусіш.