Выбрать главу

— Я не хлушу. Надзеў твой баран вядро на галаву і па балоце гойсае. Авечкі ўцякаюць ад яго. Яны таксама як ашалелі ад страху. Твайго барана мужчыны ловяць.

— Дзіма, пабеглі на выган, — сказаў я. — Паглядзім, што там робіцца.

Міколка не хлусіў. Збіўшыся ў гурт, па выгане насіліся авечкі. Яны бляялі так, што хоць вушы затыкай. За імі імчаўся Дзімаў баран. На галаве ў яго было надзета іржавае вядро. Воселкам яно зачапілася за рогі, закрыўшы яму вочы. За бараном, рассыпаўшыся ланцугом, часалі мужчыны.

Некалькі хвілін мы стаялі як у здранцвенні.

— Міхась, трэба яго злавіць, — крыкнуў Дзіма.

Я, доўга не думаючы, кінуўся напярэймы.

— Бэ-э-э, б-э-э, — забэкаў, падклікаючы барана.

Баран раптам павярнуўся — і проста на мяне. Са ўсіх чатырох. Уяўляеце? Ляціць з вядром на галаве, нібы жывы таран.

— Лаві, — галёкнуў Дзіма.

А я ходу. Бягу штосілы, і баран ззаду тупаціць, не адстае. Я яшчэ хутчэй прыпусціўся. І баран, здалося мне, хутчэй. «Калі не заб’е, то абавязкова пакалечыць», — думаю.

Наперадзе, як на тое гора, роў. Гэты роў меліяратары выкапалі. Даволі-такі шырокі роў. Метры на тры — тры з палазінаю. А магчыма, і болей. Ніхто не вымяраў яго шырыню. Вады ў рове зусім нямнога, але дно гразкае. Ступіш — і па калені правалішся. «Калі скачуся ў гэты роў, то з гразі не адразу вылезу, — думаю. — Дагоніць баран — і на галаву. Жывога месца не пакіне. Трэба пераскочыць. Няўжо не пераскочу?»

Заплюшчыў вочы — і як сігану! Усё-ткі пераскочыў! Стаю, зямлі пад сабою не чую. Радасна так радасна на душы!

А баран боўтаецца ў гразі, як шчупак. «Бэ-э-э, б-э-э», — бляе, заходзіцца. Падбеглі мужчыны, хуценька вядро з галавы знялі, выцягнулі небараку з рова.

— Ідзі, дурань, — падштурхнуў яго Іванавіч — І сам ты страху набраўся, і авечак перапалохаў.

Крыху пастаяў баран і, як ачмурэлы, ківаючыся накіраваўся да гурту. І тут Дзіма падлятае:

— Хто майму барану вядро на галаву надзеў? Га?

На мужчын сур’ёзна пазірае, за папружку трымаецца, як бы збіраецца адхвастаць усіх па парадку. Ды ледзь яго не адхвасталі, а заадно і мяне.

— Так ты на нас яшчэ і галёкаеш? — падступіў да Дзімы дзед Тамаш. — Вінаваты, і галёкаеш? Язык прыкусіў бы.

Дзед Тамаш хоць і крычыць, але пазірае на Дзіму соннымі вачамі. Ён нават калі на возе едзе, то спіць. «Но, но», — паганяе каня праз сон.

— Я вінаваты? — замаргаў вачамі Дзіма. — Па-вашаму, я сам свайму барану вядро на галаву надзеў?

— Усе вы, школьнікі, вінаватыя. Чый металалом другі год на выгане ляжыць?

І праўда, у мінулым годзе сабралі мы металалом, тут, на выгане, яго склалі. Не хацелася ажно на школьны двор цягаць. Спадзяваліся, што прыедзе машына з раёна і адразу забярэ. Але чамусьці не прыехала. І ні ў мінулым годзе, і ні ў гэтым.

— Парадачкі! — распаліўся дзед Тамаш. — Кінулі-рынулі. Хай калечыцца жывёла.

— Значыць, мой баран каля металалому траву скуб і выпадкова вядро на галаву надзеў? — разгублена прагаварыў Дзіма.

— Табе каб гэтае вядро на галаву, а не твайму барану.

— Ды забярэм металалом, — не сцярпеў я.

— А ты, матадор, не агрызайся, — накінуўся дзед Тамаш на мяне. — Барана спалохаўся! У Гішпаніі і Мексіцы людзі з быкамі ваююць, а ён барана спалохаўся.

Наперад выступіў кватарант бабкі Веркі Фама Спірыдонавіч. Невядома, калі і з’явіўся тут. Чамусьці раней я яго не бачыў. У адной руцэ Фама Спірыдонавіч трымаў капялюш, а ў другой — рыдлёўку.

— Цішэй, людзі, цішэй, — замахаў капелюшом. — Давайце мы гэты металалом закапаем. Выкапаем яму і закапаем. Я першы пачну капаць.

Фама Спірыдонавіч рушыў на выган. За ім пацягнуліся мужчыны.

Канфлікт

— Закапаюць! — усклікнуў Дзіма. — А там будзе цэлая машына металалому.

Я ўспомніў, як мы збіралі гэты металалом. Дзе толькі не выпорвалі розныя жалязякі! І на трактарным двары знаходзілі, і на полі, і па дварах хадзілі, пыталі ў людзей. А цяпер усё закапаюць.

— Дзіма, — кажу, — што хочаш рабі, а затрымай мужчын. Хоць на дзесяць хвілін. Я ў школу пабягу, каго-небудзь з настаўнікаў паклічу.

— Не дам закопваць, — прагаварыў Дзіма. — Я ў гэтага пузатага Ката Спірыдонавіча рыдлёўку ўкраду.

Дзіма накіраваўся туды, дзе гаманілі мужчыны, а я з усіх сіл у вёску. Хоць цяпер і не бег за мной Дзімаў баран, але я ляцеў так, што мяне, мабыць, і на веласіпедзе не дагналі б. Нават па баках не азіраўся. Вось і вёска. Зусім нямнога да школы засталося.

— Міхась, куды ты? — чую.

Азірнуўся — Ігар Аляксеевіч, наш настаўнік фізкультуры, з хаты выходзіць.