— Ігар Аляксеевіч… Там… У… Трэба…
Дыханне ў мяне перарывалася, а так хацелася хутчэй расказаць Ігару Аляксеевічу, што мужчыны збіраюцца металалом закопваць.
Напалохаў я Ігара Аляксеевіча. Збялеў ён, нібы палатно. Такім я яго яшчэ ніколі не бачыў.
— Міхась, што здарылася? Што?
— Металалом хочуць закопваць. Кот Спірыдонавіч з рыдлёўкаю. Дзімаў баран вядро на галаву надзеў.
Ігар Аляксеевіч паціснуў плячамі:
— Не разумею. Які кот? Чый баран? Навошта яму вядро?
— Ды Дзімаў. А вядро незнарок надзеў.
— Міхась, супакойся. І ўсё па парадку раскажы.
Нарэшце, аддыхаўшыся, я расказаў Ігару Аляксеевічу, як мы з Дзімам былі на вуліцы, як прыбег Міколка, як потым лавілі барана, як раззлаваліся мужчыны, як павёў іх Фама Спірыдонавіч металалом закопваць.
Уважліва выслухаў мяне Ігар Аляксеевіч і засмяяўся:
— А каб цябе качкі затапталі! Я немаведама што падумаў. — А потым дадаў: — Усё-ткі вінаваты мы. Сабралі металалом, а ён зеллем зарастае. Я цяпер у школу пайду. Пазвонім, каб машыну з раёна прыслалі. А ты назад бяжы. Скажаш людзям, што сёння ж забярэм.
І зноў я панёсся на выган. За гэты дзень набегаўся не менш чым за цэлы тыдзень.
Яшчэ здалёку заўважыў, што на выгане, акрамя Дзімы і Фамы Спірыдонавіча, нікога не было. Дзіма стаяў каля металалому, а Фама Спірыдонавіч, заклаўшы рукі за спіну, хадзіў непадалёку.
Я падбег да Дзімы і радасна паведаміў:
— Хутка машына прыедзе. Ігар Аляксеевіч у раён пазвоніць.
— Тры тоны нагрузім, не меней, — паказаў Дзіма на металалом.
— А мужчыны дзе?
— Мужчыны пакрычалі ды разышліся. Толькі Кот Спірыдонавіч, як бусел, ходзіць. Рыдлёўку шукае. Я яе так схаваў, што і са свечкаю не знойдзе.
Задаволены, Дзіма засмяяўся. Фама Спірыдонавіч накіраваўся да нас. Спыніўшыся насупраць, ён паківаў галавою:
— Э-э-эх вы, школьнікі! Не сорамна вам? Рыдлёўку ўкралі і яшчэ зубы скаляць. Я вашаму дырэктару паскарджуся.
— А вы бачылі, што мы рыдлёўку ўкралі? — з націскам на «мы» прамовіў Дзіма. — За руку нас злавілі?
Фама Спірыдонавіч скрывіўся:
— Не замазвайце вочы. Каму яшчэ яна патрэбна?
— Дзімаў баран яе панёс, — усміхнуўся я. — У яго пытайце.
Фама Спірыдонавіч стаяў як мыла з’еўшы.
— Гэтую рыдлёўку я ў Веранікі Юльянаўны ўзяў. Я ёй усё раскажу. Яна вас крапівою адхвошча.
— Яшчэ невядома, каго адхвошча, — не стрымаўся я.
— Аддайце рыдлёўку.
— Каля дарогі яна ляжыць, — сказаў Дзіма. — Там шукайце.
— Не дзеці, а чэрці з лазы, — са злосцю кінуў Фама Спірыдонавіч і пайшоў. Адвярнуўся, памахаў кулаком: — Я яшчэ сустрэнуся з вамі на вузенькай дарожцы. Абавязкова сустрэнуся.
— Чхалі мы на цябе, — паціху прамовіў Дзіма.
Неўзабаве на балота прыехала машына. З кабіны выскачыў Ігар Аляксеевіч.
— Усё-ткі адстаялі. Малайцы, — пахваліў ён нас.
Мы пагрузілі металалом на машыну, хоць, вядома, і папацець давялося, а потым пайшлі дамоў. Мы адчувалі б сябе сёння па-сапраўднаму шчаслівымі, калі б не гэты канфлікт з Фамою Спірыдонавічам.
Што было вечарам
Гэтае здарэнне на выгане ніяк не выходзіла з маёй галавы. Два пытанні не давалі мне спакою.
Першае: чаму менавіта ў гэты дзень, а не раней, напрыклад, Дзімаў баран надзеў на галаву вядро? І другое: чаму Фама Спірыдонавіч прыйшоў на выган з рыдлёўкай? Ну, на першае пытанне яшчэ можна было даць адказ. Надзеў, бо менавіта ў гэты дзень рупіла яму скубці траву каля металалому. Ну і выйшла так. Самі ведаеце, як здараецца. Ходзіш, напрыклад, увесь год па дарозе, і нічога. А ў адзін дзень раптам спатыкнешся. Выпадак. А вось на другое пытанне я не мог адказаць. Не чарвей жа прыйшоў капаць з рыдлёўкай Фама Спірыдонавіч. Калі б чарвей, то вудачку з сабою ўзяў бы і якую-небудзь бляшанку. А ні вудачкі, ні бляшанкі ў яго руках не было. Толькі рыдлёўка. Быццам у землякопа. Значыць, узяў рыдлёўку, каб яму выкапаць. Значыць, ведаў, што баран вядро на галаву надзене і такога перапалоху наробіць. Але як ён мог даведацца, што надзене? Як? Немагчыма гэта. Нават прымаўка такая ёсць: «Каб ведаў, што ўпадзеш, то салому падаслаў бы». Чаму ж тады з рыдлёўкай прыйшоў? Чаму? Колькі ні ламаў я галаву, а на гэтае пытанне не змог адказаць. Вечарам сустрэў Дзму.
— Дзіма, — звяртаюся да сябра, — ты заўважыў, што Фама Спірыдонавіч з рыдлёўкай на выган прыйшоў?
— Заўважыў, — адказаў Дзіма. — Ён першы прапанаваў яму выкапаць, каб металалом закапаць. А на нас як пазіраў? Нібы з’есці збіраўся. Баламут ён. Вось што я табе скажу.