Выбрать главу

— Баламут? — я ажно рот адкрыў ад здзіўлення.

— Яшчэ які баламут. Знарок нашу вёску баламуціць. Калі мужчыны разыходзіліся пасля таго, як пакрычалі крыху, душу адвёўшы, дык ён адно што на дыбкі не ўстаў: «Ды гэтыя школьнікі заўтра нам вёдры панадзяваюць. Няўжо не разумееце, што трэба іх правучыць?»

— Чамусьці не любіць ён нас, — пагадзіўся я з Дзімам. — Памятаеш, як бабцы Верцы даказваў, што нас трэба ў кулаку трымаць? Каб можна было, то ён нас так заціснуў бы, што і не піснулі б.

— Шпіён ён, — сказаў Дзіма. — Давай сёння паглядзім, чым займаецца. Каля акна станем і паглядзім. Ён той пакой займае, акно якога ў гародчык выходзіць.

— Давай, — згадзіўся я.

І вось, калі добра сцямнела, мы накіраваліся да хаты бабкі Веркі. Праз плот пералезлі ў гародчык, падышлі да акна. Бабка Верка фіранкай завешвала толькі ніжнюю палавіну акна. Мы падкацілі вялізны камень, які ляжаў каля плота, сталі на яго і пачалі глядзець у верхнюю палавіну. Фама Спірыдонавіч стаяў каля люстра і штосьці мурлыкаў пад нос. Пасля падышоў да ложка, нагнуўся.

— За рацыяй палез, — прашаптаў Дзіма. — Зараз уключыць і будзе перадаваць.

— Што перадаваць? — не зразумеў я.

— Шпіёнскія звесткі. Мне ажно горача стала.

— Дзіма, я да старшыні сельсавета пабягу, а ты папільнуй.

— Потым разам пабяжым, — сказаў Дзіма.

Мы затаілі дыханне. А Фама Спірыдонавіч дастаў з-пад ложка… гантэлі. Вось было б, калі б да старшыні сельсавета пабеглі. На ўсю вёску абняславіліся б. Пра нас да самай старасці анекдоты хадзілі б.

— Дзіма, можа, пойдзем?

— Пастаім. Цікава.

Стаяць і вось так назіраць сапраўды было цікава. Канечне, я не раіў бы вам гэтага рабіць. Самі ведаеце, чаму.

Фама Спірыдонавіч падняў рукі з гантэлямі ўгору, потым апусціў уніз, сам сабе камандуючы:

— Аць, два, аць, два.

— Як той сабака ў лесе. Які братоў муштраваў, — напомніў я Дзіму.

— Я не здзіўлюся, калі даведаюся, што Кот Спірыдонавіч і сабака-дваранін адзін курс навукі праходзілі, — сказаў Дзіма.

Фама Спірыдонавіч падняў гантэлі чатыры разы і паклаў на падлогу.

— Хутка ён задаволіўся, — заўважыў Дзіма.

— У яго жывот вунь які. Цяжка яму. Бачыш, як потам абліўся? — заступіўся я за Фаму Спірыдонавіча.

А Фама Спірыдонавіч пачаў новае практыкаванне рабіць: прысядзе, пакрэкча і ўстане, пастаіць і зноў садзіцца, крэкча. Ды не пашанцавала яму крышку. Трэці раз прысеў, а ўстаць не змог: паваліўся, высока задраўшы ногі.

— Цыркач, — засмяяўся Дзіма.

— Бясплатны фільм, — не вытрымаў і я. — Пашанцавала нам сёння.

Фама Спірыдонавіч устаў, крэкчучы, і крыкнуў:

— Вераніка Юльянаўна, тазік, калі ласка, прынясіце!

— Навошта яму тазік? — пытаюся ў Дзімы.

Дзіма ажно кісне са смеху:

— Відаць, баіцца вечарам на двор выходзіць.

Праз хвіліну ў пакой зайшла бабка Верка і на табурэтку паставіла тазік.

— Вада ў тазіку. Будзе мыцца Кот Спірыдонавіч, — пракаменціраваў Дзіма.

Фама Спірыдонавіч мезеным пальцам дакрануўся да вады, сказаў:

— Думаў, што і сёння перагрэеце, Вераніка Юльянаўна.

Бабка Верка паказала на гантэлі, якія ляжалі на падлозе.

— Фама Спірыдонавіч, зноў вы гэтыя жалязякі гушкаеце?

— Трэніруюся, — адказаў Фама Спірыдонавіч.

— Хі-хі-хі, — хіхікнуў Дзіма.

— Хі-хі-хі, — захіхікаў за ім я.

Бабка Верка выйшла з пакоя, а Фама Спірыдонавіч пачаў мыцца. Апусціць некалькі пальцаў у ваду, а потым мокрымі пальцамі па твары водзіць, водзіць… У канцы папляскаў рукамі па вадзе, нібы гусь лапаю, узяў ручнік, выцерся і накіраваўся да акна. Мы з Дзімам адскочылі, прыселі каля плота.

Акно насцеж расчынілася, і мы ўбачылі Фаму Спірыдонавіча з тазікам у руках. Фама Спірыдонавіч плюхнуў ваду з тазіка ў гародчык. На нас толькі пырскі паляцелі.

Я штурхнуў Дзіму ў бок:

— Каб крыху правей, то з галавы да ног абліў бы.

— Фама Спірыдонавіч, выносьце, калі ласка, памыі, — пачулі мы, як гукнула бабка Верка.

— Зараз.

— Зараз памыямі нас абалье, — кажу Дзіму.

— Абалье, — прашаптаў Дзіма. — Хутка плюхне праз акно. Палянуецца праз дзверы выносіць. Уцякаць трэба.

Мы ўсхапіліся і на плот.

— Лавіце! Зладзеі! — залямантаваў Фама Спірыдонавіч.

А нас з плота як вадою змыла. Шукай ветру ў полі.

Тэлеграма ў сталіцу

Ні свет ні зара да нас прыляцела бабка Верка. Растрашчалася, хоць вушы затыкай.

— Маруся, твой арыштант хацеў ноччу ў хату да мяне залезці. Майго кватаранта да смерці перапалохалі. Хочаш вер, а хочаш не, але і цяпер у яго ніжняя губа, як у старога каня, трасецца.