Выбрать главу

— Дзіма, ты на пяцёрку з плюсам прыдумаў, — кажу. — Але ці павераць нам на пошце? Ці не надаюць у каршэнь?

— Павераць, — упэўнена прагаварыў Дзіма. — Я два разы тэлеграмы Дзянісу пасылаў.

— Дык давай цяпер на пошту пойдзем. Невядома, што нас дома чакае.

І мы з Дзімам пайшлі на пошту. Пошта знаходзілася ў суседняй вёсцы. Да гэтай вёскі было ўсяго два кіламетры. За паўгадзіны на пошту зайшлі.

Загадчыца пошты, маладая дзяўчына ў «бананах», сустрэла Дзіму як старога знаёмага.

— Пісьмо прынёс? — прыязна ўсміхнулася.

— Не. Тэлеграму хочам у Менск паслаць. Бабка Верка прасіла.

— Ну-ну, — падахвоціла загадчыца пошты.

— У тэлеграму ўсяго чатыры словы. «Цяжка захварэла. Прыязджай. Мама».

— Няўжо так моцна захварэла бабка Верка? — здзівілася загадчыца пошты.

— Другі дзень з ложка не ўстае. А ў бальніцу не згаджаецца ехаць, — схлусіў Дзіма.

— Тады трэба тэрміновую пасылаць, — сказала загадчыца.

Вось так мы з Дзімам паслалі тэлеграму ў сталіцу. А дома мне мама з татам аб’явілі байкот. Байкот яны мне аб’яўляюць, калі вельмі раззлуюцца. Ні слова мне не кажуць. Быццам не заўважаюць мяне. Быццам я збоку прыпёку. Вось як сёння было.

Да самага вечара я вучыў урокі. Вечарам нарэшце вылез са свайго пакоя. Тата, бачу, за сталом сядзіць, гадзіннік рамантуе. Татаў гадзіннік, як ён сам кажа, «з заскокамі»: то зусім становіцца, то як шалёны стрэлку ганяе. Захацелася і мне каля таты прымасціцца. Як падысці да яго? Вырашыў пяцёркай пахваліцца.

— Тата, — кажу, — я пяцёрку атрымаў…

Тата ні слова. Тады я да мамы накіраваўся. Мама тэлевізар глядзіць і ката на каленях трымае, гладзіць па спінцы. Кот задаволена жмурыцца і мурлыкае пад нос.

— Мама, я пяцёрку па геаграфіі атрымаў.

Мама гладзіць ката, гладзіць. А кот мурлыкае, мурлыкае…

Я цяжка ўздыхнуў і на кухню падаўся. А на кухні Міколка нажом нейкі кіёк стругае.

— Міколка, што майструеш? — пытаюся.

І Міколка маўчыць.

— Міколка, давай заўтра ў горад паедзем. Я папрашу маму. Там марожанага наядзімся.

Міколка адагнуўся на секунду і паказаў мне язык. Хацеў рэзнуць яму па карку, але стрымаўся. Плюнуў і пасунуўся ў свой пакой. Лёг у ложак, заплюшчыў вочы, каб хутчэй заснуць. А сну ні ў адным воку. Нейкім мулкім здаецца ложак. Чамусьці ўспомнілася, як тэлеграму з Дзімам пасылалі.

«Цікава: атрымаў Дзяніс тэлеграму ці яшчэ не атрымаў, — разважаю. — Відаць, атрымаў. Пэўна, камечыць у руках, месца сабе не знаходзіць. А яго жонка Ірына ходзіць за ім, як цень, і супакойвае. Гэта не жартачкі — маці цяжка захварэла. Прыедзе заўтра. Абавязкова прыедзе. Першым аўтобусам. А бабка Верка сустрэне яго жывая-здаровая. Ён, канечне, тэлеграму ёй пакажа… Што ж будзе? А калі накінецца на бабку Верку? Маўляў, я ўсю ноч не спаў, папрасіўся, каб з работы адпусцілі. Не, усё-ткі прамаўчыць. А жонка, Ірына? Тая, напэўна, не сцерпіць. Людзі кажуць, што языкатая. Наробіць яна ляманту. Будзе дзень нараджэння ў бабкі Веркі! Не дзень нараджэння, а сапраўдны тарарам. Што ж рабіць? З татам і мамай параіцца? Калі раскажу, што з Дзімам тэлеграму паслалі, то адразу пра свой байкот забудуцца. За папружку возьмуцца. Але ж і бабцы Верцы заўтра дастанецца. Няхай бяруцца за папружку, няхай. Затое, як Дзіма казаў, не будзе камень на душы ляжаць».

Усхапіўся я і да таты і мамы.

— Мы з Дзімам сёння Дзянісу тэлеграму паслалі, — аб’яўляю, як дыктар.

— Што? — натапырыў вушы тата.

— Якому Дзянісу? — спалохана глянула на мяне мама.

Ката ўбок шпурнула. Бедны кот толькі мяўкнуў.

— Сыну бабкі Веркі. Хіба ты яго не ведаеш? Мама пакратала мой лоб.

— Міхась, у цябе тэмпературы няма?

— Я здаровы, як дуб, — кажу. — Гэта бабка Верка захварэла.

— Захварэла? — прыўзняў бровы тата.

— Яна не па-сапраўднаму захварэла. Гэтак мы з Дзімам у тэлеграме напісалі. Заўтра ў бабкі Веркі дзень нараджэння, і мы вырашылі Дзяніса ў вёску выклікаць. Хай пасядзіць за сталом з бабкай Веркай як чалавек.

— Што вы нарабілі! — успляснула рукамі мама.

— Спакойна, — сказаў тата. — Спакойна, разбярэмся. — І нечакана пахваліў мяне: — Малайчына, што прызнаўся.

— Мы хацелі, каб лепей было, — паціху прамовіў я.

Тата лёгенька штурхнуў мяне ў спіну.

— Разбярэмся. Ідзі спаць.

Я зноў лёг на ложак. Чамусьці цяпер ён не здаваўся мулкім, і на душы было лёгка. Я заплюшчыў вочы і адразу заснуў.

Дзяніс, Ірына і… пароцікі

— Уставай, — разбудзіў мяне тата.

Мне хацелася даўжэй паспаць. Сёння нядзеля, у школу ісці не трэба.