— А ўмееце вы да дзесяці лічыць? — пытаюся.
— Я нават да дваццаці ўмею, — смела адказвае Васька. — Мяне Аня навучыла.
І другія карапузікі закрычалі:
— А я да сямі.
— А я да дванаццаці.
— А я да дзевятнаццаці.
— А я да пяці.
«Толк будзе, — думаю. — Калі лічыць умеюць, то і разважаць навучацца».
— Ёсць вельмі цікавая гульня, — кажу. — Вось паслухайце. Я загадваю слова, якое пачынаецца з літары «зэ», а заканчваецца літарай «я». Як яно называецца? Адгадайце.
— Лыдлёўка, — гукнуў хтосьці. Я ледзь не папярхнуўся.
— Не лыдлёўка, а рыдлёўка, — паправіў. — І ўсё роўна няправільна, бо слова «рыдлёўка» пачынаецца з літары «эр», а заканчваецца літарай «а». Ваша слова павінна пачынацца з літары «зэ», а заканчвацца — «я». Няўжо не дайшло?
— Зямля, — крыкнуў Васька.
— Малайчына, — пахваліў я яго. — Ты будзеш настаўнікам, будзеш словы ім загадваць, а яны няхай адгадваюць. Калі хто не паслухаецца, у кут стаўляй. Згодны?
— Згодны, — закрычалі малыя.
— Міхась, а дзе будзе кут? — спытаўся Васька.
— Каля плота.
Я павярнуўся і пайшоў, усміхаючыся. Іду паціхеньку, тут Дзіма даганяе.
— Міхась, што ты з малымі зрабіў? Крычаць, як вароны, а трое дык каля плота стаяць насы павесіўшы.
— У школу навучыў іх гуляць. Анін Васька словы на розныя літары загадвае, а яны адгадваюць.
— Яны наадгадваюць, — прагаварыў Дзіма. — Крычаць і «зюк», і «ліба», і «саса».
— Хай трэніруюцца, — кажу. — Гэта для іх карысна.
— А ты ведаеш, што Кот Спірыдонавіч з чамаданам у лес пайшоў?
— Калі?
— Вось толькі. У яго чамадане, напэўна, рацыя. Ён хоча з лесу шпіёнскія звесткі перадаць.
— А ў які лес ён накіраваўся?
— Ды ў хвойнік. Туды, адкуль мы ў казку трапілі.
— Чаму адразу не сказаў? Пабеглі.
І мы з Дзімам прыпусцілі па вуліцы.
Сустрэча з дзядзькам Тодарам
Вось і лес. Мы спыніліся. Ціха вакол. Дзе ж Фама Спірыдонавіч? Няўжо не знойдзем?
— Прыгніся, — пацягнуў мяне за руку Дзіма.
— Чаму?
— Галінка трэснула.
— Не хавайцеся, — пачуўся знаёмы голас дзядзькі Тодара.
Мы сваім вушам не паверылі. Выскачылі з кустоў. Сапраўды, дзядзька Тодар стаіць, на павадку сабаку трымае. Вялізнага, тлустага.
— Не пазналі свайго старога знаёмага? — кіўнуў дзядзька Тодар галавою, паказваючы на сабаку.
Я паціснуў плячамі:
— Не.
— Гэта Фама Спірыдонавіч.
— Збыткуеце? — вырвалася ў Дзімы.
— Праўду кажу. Гэта Фама Спірыдонавіч, — паўтарыў дзядзька Тодар. — Яго Цмок паслаў. Загадаў яму, каб вас, школьнікаў, з дарослымі пасварыў.
— Дык Цмок у мяху! — усклікнуў Дзіма.
— Дурань-сабака яго выпусціў.
— Той сабака, які дваранскую грамату меў? — пытаюся.
— Той самы. Цмок яго на яліну закінуў. Напэўна, і цяпер там сядзіць.
Так, здзівіў нас дзядзька Тодар. Вельмі здзівіў. Нават верыць яму не хацелася. Але ж казка…
— Расквітаўся Цмок з сабакам-дваранінам і вырашыў вам адпомсціць, — працягваў дзядзька Тодар. — Ды пабаяўся сам у вёску ісці. Папрасіў прагнага багацея. Вялікія грошы яму паабяцаў. Прыйшоў да вас прагны багацей і назваўся Фамой Спірыдонавічам.
Цяпер я амаль усё зразумеў, акрамя аднаго: чаму прагны багацей, які назваўся Фамой Спірыдонавічам, у сабаку ператварыўся? Хацеў спытацца пра гэта ў дзядзькі Тодара, але Дзіма апярэдзіў мяне:
— Дык гэта ён кароў паадвязваў і на двор выпусціў?
— Ён. Ведаў, што на дзяцей падумаюць.
— Ён і майму барану вядро на галаву надзеў?
— Ён. Знарок рыдлёўку прынёс, каб ваш металалом закапаць.
Дзіма замахнуўся нагою, намерваючыся стукнуць сабаку.
— Я думаў, ты кот, а аказалася, што сабака. У-у-у! Як трэсну, дык зубы не пазбіраеш.
— Не трэба біць, — спыніў я Дзіму. — Гэта ж жывёла.
— Цяпер прагны багацей пяцьдзесят пяць гадоў сабакам будзе, — сказаў дзядзька Тодар.
— А чаму ён ператварыўся ў сабаку? — не выцерпеў я.
— Ператварыўся таму, што вы пяць добрых спраў зрабілі. Калі б не зрабілі, то цяжка вам прыйшлося б.
— Пяць добрых спраў? Штосьці не памятаю, — прагаварыў Дзіма.
— Даярак павіншавалі — першая добрая справа, — пачаў загінаць пальцы дзядзька Тодар, — металалом завезлі, які два гады на выгане ляжаў, — другая, дзень нараджэння бабцы Верцы сапраўдным святам зрабілі — трэцяя, а чацвертая, што Міхась малых навучыў, як па-сапраўднаму ў школу гуляць.