Выбрать главу

— А пятая? — запытаўся Дзіма.

— Гэта тыя пяцёркі, якія вы цэлы тыдзень дамоў прыносілі. Пра ўсё гэта мне прагны багацей расказаў, калі яшчэ чалавекам быў. Ён ведаў, што ў сабаку ператворыцца. Гаспадара шукаў. Пасаджу яго цяпер на ланцуг. Дурань, дурань! Паквапіўся на багацце і сабакам стаў.

Мне вельмі захацелася, каб дзядзька Тодар сабаку ў вёску прывёў, каб бабцы Верцы паказаў, каб маме і тату, каб Дзянісавы пароцікі крыху за хвост яго пацягалі.

— Дзядзька Тодар, пойдзем да нас, — прапанаваў я.

— Не магу. Трэба развітвацца. Вось прыйшоў, каб супакоіць вас, каб галаву не ламалі, каб не хваляваліся.

— Дык мы болей не сустрэнемся?

— Тры разы мы, казачныя героі, з вамі сустракаліся. А болей нельга. Калі чацверты раз сустрэнемся, то і казкі не стане, назаўсёды згіне яна. Вы як хочаце?

— І нават у кніжках казак не будзе? — запытаўся Дзіма.

— І ў кніжках.

— Хай будзе казка, — прамовіў я.

— Хай будзе казка, — слова ў слова паўтарыў за мною Дзіма.

— Да сустрэчы ў кніжцы, — сказаў дзядзька Тодар і пайшоў.

Усяго тры разы сустракаліся мы з казачнымі героямі, а запомніцца назаўсёды.