Пра гэтае цяпло я, вядома, знарок Міхасю нагаварыў. Не хацелася прызнавацца, што боязна.
Мы прайшлі яшчэ колькі крокаў, спыніліся за кустом. Нечакана пачуўся свіст. Ціхі, быццам хтосьці клікаў каго. Я адразу перастаў дрыжаць. Самі сабою прайшлі дрыжыкі.
— Акрамя чалавека-жабы, тут яшчэ салавей-разбойнік блукае, — кажу, азіраючыся.
Міхась пацягнуў мяне за рукаў.
— Прысядзь.
Мы прыселі, схаваўшыся за куст. Зноў пачуўся свіст.
— Што будзем рабіць?
— Пачакаем, — сказаў Міхась. — Не думаю, што яны нас заўважылі. Між сабою перасвістваюцца. Няхай збяруцца ўсе, і ты тады выскачыш. Не здрэйфіш?
Я не паспеў адказаць, бо ў кустах штосьці трэснула і на невялічкую палянку выйшаў… чалавек-жаба. Ен азірнуўся па баках, спыніўся.
Мы затаілі дыханне.
Чалавек-жаба паднёс рукі да рота і нягучна крыкнуў:
— Не бойцеся. Я чалавек, не бойцеся.
«Няўжо заўважыў? — пранеслася ў галаве. — Няўжо? Не. Калі б заўважыў, то кінуўся б на нас. „Не бойцеся…“ Хоча, каб выйшлі. Пашукай дурняў…»
— Я чалавек. Не бойцеся, — данеслася ў другі раз.
— А мы не баімся. У нас стрэльба, — неспадзявана вырвалася ў мяне.
— Маўчы! — Міхась балюча ўшчыпнуў мяне за плячо.
— Не страляйце. Не трэба страляць. Я чалавек. Глядзіце. На твары ў мяне маска.
Чалавек-жаба сарваў з галавы агідную маску.
Выбліснуў месяц, і мы змаглі разгледзець незнаёмага. Было яму гадоў сорак — сорак пяць. Твар смуглявы, прыгожы. Доўгія, чорныя, як смоль, валасы спадалі на яго плечы.
Ен стукнуў сябе кулаком у грудзі.
— Бачыце? Я чалавек. Я Кока-Кола. Разумееце? Кока-Кола. А вы рускія?
Страх адступіў. Мы бачылі перад сабою чалавека, а не пачвару. Пакуль мы не верылі яму: памяталі, што здарылася з Наташай. Але ранейшага страху ўжо не было. Дый мы былі не на чужой зямлі, а на сваёй, дзе, як кажуць, кожны куст родны. А гэты, мы адчувалі, баіцца нас.
— Мы беларусы, — крыкнуў я. — Савецкі Саюз! Кока-Кола заўсміхаўся:
— Вельмі добра.
— Дзе Наташа? — гукнуў Міхась.
— Наташа? Дзяўчынка? Я раскажу. Я вам усё раскажу. Не страляйце.
— Дзе Наташа?
— Наташа добрая. Наташа прыгожая, — хутка-хутка загаварыў Кока-Кола. — Яе схапілі кепскія людзі.
— А ты добры? — запытаўся Міхась.
— Я слухаў пра Савецкі Саюз. У майго гаспадара Кляйна радыё. Гаспадар Кляйн дазваляў мне радыё слухаць. Кляйн казаў, што Савецкі Саюз кепскі, а я не верыў яму. Я другое чуў. Радыё мне многа расказала.
— Міхась, гэта ён прыслаў запіску, — здагадаўся я. — Ен прасіў, каб дапамаглі жыхарам Эльдарада.
— Ты з Эльдарада? — спытаўся Міхась. — Ты індзеец?
— Эльдарада. Індзеец, — усміхнуўся Кока-Кола.
— Я веру яму. Ен добры. Чаго нам хавацца? Выйдзем з кустоў,— прапанаваў Міхасю.
— Мы выходзім, — крыкнуў Міхась. — Ты не ўцякай. Не бойся нас.
— Я не баюся.
Мы выйшлі на палянку. Міхась, як сапраўдны дарослы, падаў Кока-Колу руку, назваў сваё імя:
— Міхась.
Павітаўся і я, сказаў:
— Андрэй.
— Андрэй… Разумею… Андрэй… — Кока-Кола доўга трос маю руку, не адпускаў.
Пальцы ў яго былі моцныя, а далонь мазолістая. Я спытаўся ў Кока-Колы:
— Чаму ў цябе такое цікавае імя: Кока-Кола? Зусім не індзейскае.
Кока-Кола перастаў усміхацца, спахмурнеў:
— О-о-о, гэта доўгая гісторыя, вельмі доўгая. Калі будзеце слухаць, я вам яе раскажу.
Вось што мы пачулі ад Кока-Колы.
Кока-Кола расказвае
— Пасля таго як краіну інкаў захапілі чужаземцы-іспанцы, жыхары нашага Эльдарада зразумелі, што іспанцы прыйдуць і да іх. Аднойчы разведчыкі паведамілі правадыру: іспанцы ўжо шукаюць Эльдарада, каб забраць яго багацце. А багацця — золата і каштоўных камянёў — было нямала. Стагоддзямі збіралі яго ў нашай краіне. Правадыр загадаў усім назаўсёды пакінуць Эльдарада. Дзень і ноч нашы індзейцы знішчалі ўсё тое, што сваімі рукамі будавалі. Ад гарадоў, дзе нядаўна стаялі белакаменныя гмахі, і каменя не пакінулі. Ніхто не павінен быў ведаць, што існавала Эльдарада. Інакш, разумеў правадыр, прагныя іспанцы трапяць і на край свету, каб знайсці жыхароў нашага Эльдарада. Золата і каштоўныя камяні нашы людзі пакідалі ў цясніны, завалілі каменнем. Рэшту з сабою ўзялі.
Невялікімі атрадамі, па пяцьдзесят — сто чалавек рушылі ў далёкую дарогу. Самыя вопытныя воіны ўзначальвалі такія атрады. Толькі яны ведалі шлях, які выбраў правадыр. Многія не дайшлі, загінулі. Прыходзілася і рэкі адольваць, і балоты, і цясніны.