Прафесар Жытковіч, колішні віленскі, а зараз тарунскі, надрукаваў у «Квартальніку» (№ 2) артыкул пра мае «Очерки». Ён націскае на два пункты: кніга ня чыста акадэмічная, у кнізе не падкрэслена роля палякаў, у дадатак паказаў на колькасць памылак. Я чакаў вострага артыкулу ад Ахманскага, але яго ўсё няма (пэўна будзе ў чарговым нумары «Студый»), а пра Жытковіча ня думаў. Наогул, гэта ўжо дзевятая рэцэнзія, на што я ніколі не спадзяваўся.
Думаю, што калі том выйдзе з друку, прыеду да Мінска. З наступным томам ідзе кепска. Да гэтага часу не магу атрымаць з Ленінграду Супрасльскага летапісу. Адтуль прыслалі рукапіс мне непатрэбны, а замяніць патрэбным ніяк не збяруцца. Тыя, што падрыхтаваў машыністцы, яна перадрукавала так, што толькі сапсавала добрую паперу, а ў выдавецтва здаваць яе нельга. Наогул, справа з машыністкамі робіцца ледзьве ня самаю складанаю: ніхто маіх тэкстаў ня хоча друкаваць, хоць ім за гэта плоцяць вельмі добра.
Чуў, што цяжка хварэў Ліс. У якім стане ён зараз? У «Истории СССР» выйшаў мой артыкульчык пра «Помнікі», і па рэакцыі з Мінску адчуваю, што там гэта вельмі не спадабалася.
Прывітанне ўсім знаёмым.
17.ХІ.1974.
А.П. Грыцкевічу
Дарагі Анатоль Пятровіч,
Думаю, што калі «Вялікае Княства» слалі сюды, дык спецыяльна папярэдзілі, каб не давалі рукапіс мне. Звычайна ўсё, што тычыцца Беларусі і Літвы, а часткова Украіны і Латвіі, абавязкова ідзе да мяне, а пра «Вялікае Княства» і пра тое, хто быў рэцэнзентам, я даведаўся ад Вас (між іншым, Флора — супрацоўнік Інстытуту славяназнаўства і балканістыкі, а Харашкевіч — Інстытуту гісторыі СССР). У інстытуце пэўна памятаюць, што я пісаў водгук на кнігу Ігнаценкі (не на саму кнігу, а на аўтарэферат), што дарма ён абхаяў Каяловіча, бо ягоная схема адрозніваецца ад схемы Каяловіча тым, што ў Ігнаценкі ёсць спасылкі на класікаў марксізму, а ў Каяловіча іх няма. У іншым розніцы няма).
Сюды прыязджалі палякі: Керсноўскі, Тадэвуш Васілеўскі і Стэфан Кучынскі (малады Кучынскі з Варшавы, а ня з Лодзі). Харашкевіч шмат гадоў прабівае ідэю неабходнасці выдання Метрыкі. Першапачаткова меркавалі прыцягнуць да ўдзелу ў гэтым прадстаўнікоў (апрача гісторыкаў Масквы) Беларусі і Літвы. Але, калі справа стала пераходзіць на практычны грунт, то дырэкцыя Інстытуту гісторыі абвясціла, што гэта будуць рабіць два інстытуты: гісторыі СССР і гісторыі Польскай акадэміі. Нават Флора, які, меркавалі, будзе ўдзельнічаць, адхілены. Вырашылі, што дакументы, пісаныя кірыліцай, будуць рыхтавацца да друку і друкавацца ў нас, а пісаныя лацінкаю (на польскай і лацінскай мовах) — рыхтавацца і друкавацца ў Польшчы. Зважаючы на тое, што спецыялісты па Метрыцы вымерлі, і што нашыя спецыялісты ня ведаюць ня толькі лацінскай, але і польскай і беларускай мовы (Статут у Мінску выдалі з перакладам на рускую), — надрукаваць як у СССР, так і ў Польшчы некалькі артыкулаў пра Метрыку, а ў універсітэтах Мінска і Вільні прачытаць спецкурсы і правесці спецсемінары па Метрыцы. Я напісаў пра ўсё гэта ліст Валянціне Ўладзіміраўне, але ня маю адказу (паслаў на універсітэт, бо хатняга ня ведаю). За адным скрыпам напісаў пра свой водгук на аўтарэферат Ігнаценкі. Можа прафесар спалохалася ўсяго гэтага?
З геаграфічнымі і асабовымі зараз бяда. У нас ужо часта Дзвіну завуць Даўгаваю, незалежна ад таго, пра якую частку яе пішуць. Кожны дурань ведае, што Нясвіж — гэта ў Літве, а Велья — не Вялля, а Нярыс. Ужо спатыкаюцца выпадкі, калі даюць побач дзве асобы: Радвіла і Радзівіл, а гэта асоба адна. У віленскім музеі ёсць партрэт «Костаса Острогишкиса» — вялікага гетмана Астроскага. Прозвішчы іншых ужо перарабілі, але вялікаму гетману вярнуць яго прозвішча ня стала сілы. Тут абмяркоўваліся (у рэдакцыі «Вопросов литературы») гісторыя беларускай і літоўскай літаратур на рускай мове. Зараз мяне клічуць і на такія паседжанні, і я там сказаў тое, што пішу зараз Вам: што літоўцы на літоўскай мове завуць Вільню Вільнюсам, — гэта вынікае з законаў іх мовы (зараз, калі горад афіцыйна перайменаваны, так павінны пісаць усе), але Вільнюская губерня, Укмергскі павет, ці Кяткявічюс заміж Хадкевіча — гэта немагчыма. Літоўцы вельмі балюча ўспрымаюць адмаўленне пераносіць геаграфічныя назвы і імёны на мінулае. Але чаму, калі ўсе летапісы толькі літоўскія і пісаныя літоўцамі (як гэта імкнецца даказаць Ахманскі), чаму гэтыя імёны напісаныя не па-літоўску? У літоўскай дзяржаве літоўцаў ніхто ня мог прымушаць перакручваць іх імёны і назвы гарадоў, а яны, выходзіць, перакручаныя. Як мог такое зрабіць літовец і (тым больш) як мог з гэтым згадзіцца Гаштаўт ці хто іншы, на замову якога пісаліся летапісы.