Нам з усім гэтым клопату стане на ўсё жыццё, і яшчэ застанецца. Усё было гладка, пакуль ня ўлічваліся інтарэсы беларусаў, а як узняліся яны, то калатні будзе.
Валянцін Пятровіч мне пісаў пра гісторыю Беларусі па-руску. Я такі яе ня бачыў, а пісаную па-руску гісторыю Літвы прыслаў Ючас.
19.III.1979.
Улашчык
А.П. Грыцкевічу
Дарагі Анатоль Пятровіч,
Некалькі дзён таму прыйшла «История Белорусии», сёння — Ваша кніга. Дзякуй за ўсё, рады за Вашыя поспехі. Рэдакцыя «Истории СССР» адмовілася друкаваць рэцэнзію на кнігі Ткачова, бо напісаны не па-руску. Для Вашай кнігі такой заганы няма, але ўпэўненасці няма таксама. Буду пісаць самую кароткую.
Адносна лекцый. Цалкам згодзен, вельмі падыходзіць і пара — восень, але пакуль гэта не ўвязана з выхадам летапісаў. Том 35 ПСРЛ з тэкстамі на беларускай, польскай і лацінскай мовах цяжкі для набору, а ў набор (больш дакладна — у друкарню) пойдзе, пэўна, у маі, бо зараз сканчаюцца ўсе даробкі ў выдавецтве. Таму зараз я толькі частка выдавецкай машыны і вызвалюся, калі падпішу том на выхад, а калі гэта будзе — ніхто ня ведае. Але нават зважаючы на ўсе гэтыя акалічнасці буду спадзявацца, што да лістапада ўсё будзе скончана, — я буду вольны і вазьму вялікі адпачынак.
Чаго б я хацеў, ды яшчэ зважаючы на практыку. У Горадні і Мінскім педагагічным інстытуце мне давалі 20 гадзін, з іх 16 на лекцыі, 4 гадзіны на кансультацыі і на нешта падобнае да экзамену. Добра было б, каб і ў Вас было таксама. Там я чытаў спецкурс — па-сутнасці выкладаў змест сваіх «Очерков». Зараз у мяне ляжыць рукапіс, які завецца «Введение в изучение белорусско-литовского летописания». Я пастараўся зрабіць яго ў тым стылі, у якім напісаныя «Очерки». Кажучы больш дакладна, я шмат увагі звярнуў на тое, хто быў заказчыкам летапісаў, дзе (хаця б прыкладна) яны пісаліся, як і калі трапілі ў тыя кнігасховішчы, у якіх знаходзяцца цяпер. Асобны раздзел складае дослед пра гарадскія хронікі (віцебскія, магілеўскія і слуцкая, усё гэта ў сувязі з гісторыяй новых гарадоў). Зважаючы, што лекцыі патрэбны ня так мне, як студэнтам, можа Вы яшчэ ўдакладніце, што было б для іх больш пажадана. Калі мы змовімся з Вамі па ўсіх пунктах, напішыце ліст у дырэкцыю, гэта лічыцца абавязковым. Паведаміце мне адрас Чапко.
Я прачытаў Вашу праграму. Ня ведаю, як яна розніцца да праграм педінстытутаў. Ведаю толькі на практыцы, што праграма гэта добра, але сутнасць — што ў яе ўкладаецца.
Мне здаецца, што калі б Вы наступную кнігу напісалі пра Нясвіж як культурны цэнтр, то гэта было б надта добра. Трэба нашай публіцы, перш за ўсё беларусам, паказаць, якія ў нас былі вялізныя культурныя каштоўнасці, і як мы збяднелі зараз. Сам я ўсё сватаю дзве тэмы: бежанства 1915 г. (пра гэта размова была і тут, і ў Мінску з Танкам і Брылём, і ўсё марна), а другая — ваяводы. Тры ваяводы (з тых, што я ведаю — Завіша, Храпавіцкі і Матушэвіч) пакінулі дзённікі ці мемуары, — адно гэта чаго вартае. У мсціслаўскага ваяводы Хамінскага захоўваўся Ольшаўскі рукапіс. Таксама акалічнасць, вартая ўвагі. Наогул, гэта і фігуры цікавыя, і варта было б ведаць, які ж быў народ.
7.ІV.1979.
Улашчык.
Калі надыходзяць вясеннія месяцы, то заўсёды ўспамінаюцца дзіцячыя гады, жаўранкі, шпакі, буслы, пачынаюць крактаць жабы і інш.
У 3 нумары «Вопросов литературы» кароткія тэксты выступленняў пры абмеркаванні гісторыі літаратуры. Там і мае тры грошыкі.
М.А. Ткачову
Дарагі Міхаіл Аляксандравіч!
Пішу адказ на Ваш цікавы ліст. Калісь, у 1948-49 г. я быў выкладчыкам у Маскоўскім універсітэце, і хоць мне і да таго, і пасля давялося шмат працаваць, але такім занятым я ня быў ніколі. Тое ўсё давядзецца перажыць некалькі гадоў і Вам, аж пакуль ня выпрацуецца нейкі нібы трафарэт, калі будуць зробленыя канспекты ўсіх лекцый і г.д.
Пра студэнтаў, якім абы скончыць, гаварыць ня будзем, а пра тых, з якіх нешта будзе, трэба клапаціцца. Я тут бачу добрую практыку ў студэнтаў Гістарычна-архіўнага інстытуту (ці ня большасць супрацоўнікаў нашага Інстытуту дасавецкага часу вышлі з гэтага Інстытуту). Дбайныя студэнты з першага ці другога курсу бяруць тэмы, якія пазней робяцца курсавымі, а яшчэ пазней дыпломнымі, а пасля дысертацыямі. Добра, каб і ў Вас пайшло так.
Якія варта даваць тэмы? Тут шмат што ўпіраецца ў польскую мову. Абавязкова трэба прымушаць перспектыўных студэнтаў вучыць польскую мову, бо бяз гэтага надта шмат крыніц нельга ім рэкамендаваць. Дарэчы, трэба ўвесь час тлумачыць, што вывучыць мову проста. Колькі ўжо чуў, ды і на сабе выпрабаваў, што трэба пачынаць чытаць Сянкевіча, яго трылогію ў арыгінале, іншае прыкладзецца. Трэба рэкамендаваць і нямецкую, бо ў свой час у Караляўцы (Кёнігсбергу) вышла шмат капітальных прац, якія нам трэба ведаць.