Воля Чайкоўская
Эратычны алфавіт
Эратычны алфавіт
Несамастойныя мае словы
На інтанацыях-мыліцах
Нараджацца працівяцца.
Зычныя му-
pычныя
Гукі
Развязалі язык і
Рукі.
Эратычныя санорныя
Мажорна-мінорныя
Літары
Агалілі клітары.
Знакі алфавіту
Чыняць
Групавы
ТЭКСТ.
***
Лабірынты слоў
І вымаўленняў
Уяўленне
Уяўленне
Скарбы гэтага горада
Каштуюць
Дорага
Сняданак
Абед
Вячэра
Веру табе
Веру
Доўгая дарога
Мала цябе
Мяне многа
***
нібыта і дыхаеш
а жыць як бы не паспяваеш
толькі назіраеш
як праплываюць міма аблокі
уцякае вада з-пад крана
банальна
дзень прыходзіць новы
а музыка ўсё тая ж
спрабуеш рабіць усё
паступова
спакваля
нават марудна
каб час браў прыклад
але час нікога не слухае
тым больш мяне
***
калі б
можна было
проста ўзяць і адключыць
функцыю «надзея»
ў наладах сваёй аператыўнай сістэмы
і больш не спадзявацца
тупа зняць галачку
кажучы мовай суровай сучаснасці
стала бы прасцей і
спакайней
можна было б узяцца
за справы
пачытаць кнігу
схадзіць з сябрамі на каву
і не думаць пра будучыню
таму што яна наступае
толькі тады
калі пра яе забываеш
ты ўсё ведаеш
але нічога не знаеш
***
не думаць пра цябе
не глядзець табе ў вочы
проста атрымліваць задавальненне
ад таго што ты недзе побач
будзь чужым
маўчы
рабі выгляд што мяне не
бачыш
хочаш
гуляй
таньчы
так весела
абрагочашся
***
некаму выйсця няма
іншым уезд забаронены
каб я толькі магла
зрабіцца дымам над комінам
сталі б тады ўсе
межы пераадольныя
каб я толькі магла
зрабіцца дымам над комінам
***
Лета
Адцвітаюць півоні
Пірацкія рэйбаны
Блішчаць
Як сапраўдныя
Можа быць
Увесь сэнс
Знаходжання тут
У гэтым свеце
Хаваецца ў бліку
Сонечнага святла
На гэтых ідыёцкіх акулярах
Якія пасуюць табе
Калі ім захочацца
Можа быць
Увесь сэнс
Гэтага свету знікне
Як толькі гэтыя пустыя
Не
Не пустыя
Простыя словы
Скончацца
Вецер
Такі моцны вецер,
Што калі дазволіш сабе расслабіцца,
Ён аднясе цябе далёка на поўнач
І на месцы твайго знікнення
Пакіне табе помнік —
Водар парфумы.
Калі б ты вырашыў быць некім большым,
Чым «проста ісці побач»,
Я падтасавала б карты,
Падманула б руны.
І хай сабе вецер свішча,
Даводзячы фіранкі да аргазму.
Я табе дам дакладны адрас выйсця
З гэтага пекла.
Але не адразу.
***
Гэта паэзія?
Тое, што я думаю,
Гэта паэзія?
Гэта паэзія,
Калі ўрачы глядзяць
На маю кардыяграму
І заўжды здзіўляюцца:
Што гэта за словы?
На якой гэта мове?
О-о! Ды ў вас брадзікардыя!
У вас сэрца баліць?
Баліць. Анягож!
Дайце! Дайце!
Я сама прачытаю, што напісала маё сэрца!
Praying for the god of rain
эйфарыя растварылася ў пене і тлене дзён
я нават не спадзявалася
што нехта яшчэ нешта будзе памятаць
больш чым два тыдні
хіба што трошачку марыла
~ 1 ~