Выбрать главу

- Ды ведаеш ты... Ды каб ты яму трапіўся, а не мне, то ён цябе ўміг на запчасткі распатрашыў бы!

- Паспрабую прааналізаваць. Пеця таксама робіць электронных робатаў-паліглотаў ізаляванага дзеяння? І ў яго не хапае нейкай дэталі?

- Ціха ты! - таўхануў Ваня робата ў бок. - Блізка яны! І нічога ён не робіць, толькі гатовае разбірае. У іх і бацька такі: дзе што ні знойдзе, усё дадому валачэ - «на запчасткі». «Масквіч» у іх, машына.

- Інфармацыю зразумеў. Маўчу.

- Маўчы і слухай: вучні таксама пра метэарыт гавораць. Уся школа ўжо ведае!

Галасы гучалі ўсё бліжэй. Хлапчукі хадзілі кругамі. Зусім блізка каля выратавальных елачак прайшоў Пеця Галабродзька. Чуваць было, як ён гаварыў свайму сябруку:

- За метэарыт, кажуць, многа грошай даюць. От каб мне знайсці яго!

- І што ты рабіў бы з грашыма? Каб далі мне, я для ўсяго класа марожанага накупляў бы! - чуўся другі голас, не Пецеў.

- Ты што - дурны? Увесь клас частаваць! Я дык купіў бы ўсяго тры порцыі: адну табе, дзве мне. Астатнія грошы на запчасткі пусціў бы.

Галасы хлапчукоў аддаліліся ў бок Партызанскага лесу.

- Ну, чуў, які ён? - спытаў Ваня.

Здалося, што Эрпід у адказ хіхікнуў.

- Ты чаго? Прызнавайся, штосьці з Пецем ужо вытварыў?

- Нічога асаблівага. Я проста памагу яму ажыццявіць запаветную мару.

- Паляжалі - і хопіць. А цяпер давай... оп-па! На гуські-ножкі... Не пайду да дзеда, давай бягом на гравійку! Да Менска ж больш за пяцьдзесят кіламетраў.

7

«Гэты ці не гэты?»

Дзед Гардзей спыніўся, цяжка, зняможліва дыхаючы. Цярнуў з ілба рукавом пот, выграб пальцамі з валасоў, падаставаў з-за каўняра шыпулькі-ігліцу. Паволі паварочваўся, аглядаў кожнае дрэва, асабліва сосны і бярозы: «Гэты востраў ці не?» Колькі астравоў, меншых і большых, сярод гэтага балота, дасюль ніхто не злічыў. Сярод іх і той ёсць, на якім яны, пяцёра партызан, хаваліся ў час блакады. Іх спачатку семнаццаць было, калі заселі яны прыкрываць адыход свайго атрада. А немцы напіралі, усё тужэй сцягваючы кальцо. Адзін за адным гінулі таварышы, урэшце іх засталося сямёра, у тым ліку двое цяжка параненых. Апала ноч, і яны, паклаўшы на самаробныя насілкі параненых, адступілі ў балота. Задача была выканана, яны пратрымаліся да змяркання. Неслі насілкі, пагружаючыся ў ваду то па пояс, то па грудзі. Каб параненыя не захлынуліся ў вадзе, часам даводзілася класці ручкі-жэрдкі насілак сабе на плечы...

Хоць немцы кідалі ўпопускі міны, вырашылі перабыць на востраве да світання. Сілы больш не было ніякай, пападалі пластом і доўга ляжалі-стагналі, аддыхваючыся...

Гэтую ноч тыя двое цяжкапараненых не перажылі. Вобмацкам выкапалі нажамі і кіямі магілу - адну на двух, неглыбокую: падступала вада...

Памятае Гардзей, як рабіў на бліжэйшай тонкай бярозцы зарубкі-меткі. Потым прыгнуў яшчэ і сасонку, перавіў яе ствол са ствалом бярозкі.

То не маглі ж яны самі раскруціцца! І павінны былі выжыць, як выжыў і ён у той калатнечы.

Не мог дзед Гардзей забыць той начны востраў, тыя два дрэўцы, абвітыя адно вакол другога. Дзесяткі гадоў прайшло з таго часу, дзесяткі разоў лазіў па астравах, а тых злучаных дрэўцаў знайсці не мог. Дзе яны падзеліся?

Многае, праўда, змянілася з таго часу, ладны лес вымахаў на месцы партызанскіх зямлянак, акопаў. І тых балотных нетраў няма ўжо. Па краях балота пралеглі канавы, яны і сцягнулі лішнюю твань. Цяпер на любы востраў можна дабрацца ў звычайных гумавых ботах. Сотні бяроз Гардзей перамацаў, перагледзеў, шукаў свае меткі. Але хіба знойдзеш, калі бярозы ўжо такія, што ледзь ахопіш рукамі? Кара знізу ўчарнела, парэпалася барознамі-разорамі, пакрылася зялёным мохам. Мо вось гэтая бяроза? А мо тая? Мо сасна ссохла, згніла, а тая, пазначаная бяроза, выпрасталася і адна сягнула ўвысь?

А трэба ж знайсці астанкі тых партызан, перанесці да помніка на брацкай магіле, што ў цэнтры Бярозаўкі, каля сельсавета.

«Я адзін яшчэ жывы з тых пяці партызан... Я адзін ведаю пра тую безымянную магілу... Як жа знайсці яе? Як?»

Усе гады пячэ памяць пра загінуўшых, не дае спакою ні ўдзень ні ўночы. Пячэ віна перад імі.

«Дарагія мае! Даруйце! Але я не вінаваты, паверце... Адзінока вам там ляжаць, крыўдна, я разумею... Але я жывы яшчэ, і я вас знайду! Знайду!»

Горна дзеду Гардзею, слёзна. Шчыміць ад жалю сэрца...

І вось, калі ён вырашыў яшчэ раз абысці гэты востраў, перамацаць кожнае дрэва, штосьці раптам нібы цюкнула ў галаву. Быццам заслона якая раптам рассунулася, скончылася зацямненне. Не на гэтым востраве трэба шукаць, дзе ён топчацца зараз, а на самым крайнім, усходнім. Яны ж на першым востраве тады пападалі без сілы, не брылі далей у цемры. А прабіраліся ў паўночна-заходнім напрамку...