Дзед забыў пра кош з грыбамі (а баравічкі ж былі, баравічкі!). Пашыбаваў напрасткі да таго вострава, блытаючыся ў кустах буячніку і багуну. Гучна чвякала пад нагамі гразь...
Вось ён, той усходні востраў... Быў Гардзей на ім пасля вайны, і не раз. Шмат разоў аглядаў дрэвы і ніякіх сваіх прыкмет не выявіў. Чаго ж яго зноў сюды павяло-пацягло? А сэрца, як дурное, бабухае ў грудзях: «Тут-тут!.. Тут-тут!»
Захацелася спыніцца дзеду не каля бярозы ці сасны, а каля дзвюх купін. Нібы штосьці падказала: «Шукай тут!» І ён пачаў церабіць, расхіляць на купінах бруснічнік і чарнічнік. Знайшліся рэшткі гнілых пеньчукоў: адзін, мабыць, быў бярозавы, бо валяліся кавалкі бяросты. Другі быў сасновы, бо яшчэ тырчаў поўны смалы асяродачак-корчык. «Капай тут!» - зноў нібы хто падказаў яму. І ён пачаў рэзаць нажом дзёран, выграбаць рукамі зямлю - як тады, у далёкім сорак трэцім годзе...
Доўга капаў-гроб, здалося - цэлую вечнасць. І на метр яшчэ не выграб яму, а ўбачыў тое, што шукаў. «Тут!»
Сілы пакінулі Гардзея. Не ўстаючы з калень, ён зноў заплакаў - горна, але і з палёгкай.
А трэба ж падымацца. Трэба ісці клікаць на дапамогу людзей...
8
Міма іх, выючы і бліскаючы мігаўкаю, прамчалася машына «хуткай дапамогі». Ваня паспеў згледзець у акне Алега Максімавіча і Лёню. Настаўнік хмура пазіраў перад сабою, моршчыўся. А Лёня, убачыўшы Ваню, адчайна замахаў рукамі ў бок Клінцоў, якія машына будзе мінаць, і назад, у бок Бярозаўкі. Потым «хуткую дапамогу» завалакло воблака пылу.
- Што ты натварыў, прызнавайся?! - закрычаў Ваня на Эрпіда. Той ужо стаяў побач з ім на ўзбочыне гравійкі і злёгку паварушваў вусамі-антэнамі. - І Лёню, і настаўніка ў бальніцу павезлі!
- Ну і што? Хай з'ездзяць. Не трэба так хвалявацца, траціць столькі энергіі. Твае электрычныя палі рэзка ўзраслі.
«Пайшоў ты... Жалязяка чортава! Навязаўся на маю галаву...» - хацеў вылаяцца Ваня. Але Эрпід улавіў яго думкі і спакойна сказаў:
- Мысленне ў цябе зараз недакладнае. У галаве сумбур, пануюць эмоцыі. Трэба супакоіцца.
- Сумбур... Эмоцыі... - сказаў Ваня яшчэ даволі гучна, але пачаў адчуваць, што паступова супакойваецца. - Я жывы чалавек, а не куча жалеза, як ты.
- Інфармацыя пра мяне недакладная. У маім метале жалеза амаль няма. Я складаная электронная машына.
- Завёў шарманку... Калі ты машына, то і заставайся машынаю. І нечага соваць нос туды, куды цябе не просяць.
І зусім ужо вяла варухнулася ў Ваневай галаве: «А мо кінуць гэтага Эрпіда, збегаць дадому, сказаць пра Лёню? І пра дзеда...»
- Завёў шарманку... Соваць нос, куды не просяць... - мармытаў сам сабе Эрпід, нібы хацеў лепш запомніць.
Натужліва прараўла міма сямітонка з поўным кузавам бульбы. У кабіне акрамя шафёра сядзелі яшчэ двое людзей, і Ваня не падымаў руку. А хоць бы і была машына свабодная, то галасаваць не варта: яна везла бульбу на чыгуначную станцыю.
Потым прайшлі яшчэ два грузавікі з бульбаю, і Эрпід не ўтрываў:
- Чаму Ваня не ловіць машыну?
- Таму, што канчаецца на «у». Нам у Менск трэба, а не ў райцэнтр, на станцыю. Там бульбу ў вагоны перагружаюць і вязуць у вялікія гарады... Ведаеш, колькі тысяч тон трэба бульбы, капусты, агуркоў, памідораў, каб пракарміць мільённы горад? А яшчэ ж і на зіму трэба запасы зрабіць... І ўвогуле, ты хоць ведаеш, што людзям трэба есці, каб жыць? Многа ўсякіх прадуктаў трэба з раслін, і мяса-малочных, і рыбы? Каб іх здабыць, трэба круглы год працаваць - во як! - чыркнуў Ваня пальцам па горле.
- У вас неразумная трата часу. Замест таго каб развіваць свае разумовыя здольнасці, вы змагаецеся за існаванне.
- А ў вас хіба не так?
- Не так. У нас энергію людзі... Лічы, што і ў нас людзі... Энергію нашы людзі засвойваюць непасрэдна ад сонца, ад яго праменняў.
- А ноччу як?
- У нас няма ночы. Адно сонца заходзіць, другое ўсходзіць.
- Два сонцы?! Сі-і-іла... У нас таксама, Лёня казаў, расліны засвойваюць энергію сонца і ўсякія прадукты, рэчывы робяць, запасаюць. Фотасінтэз называецца, ці што... Мы гэтага яшчэ не праходзілі... Ха-ха, дык у вас што - людзі зялёненькія, з лісцікамі? Ходзяць, галінкамі памахваюць?
- Калі маладыя, то крыху зеленаватыя. А каторыя дарослыя, спелыя, тыя не такія зялёныя.
- Ой, умора... Дык што, вашы зялёнчыкі ніколі не спяць, не адпачываюць?
- У вас два паўшар'і ў мозгу, і ў зялёнчыкаў два. Толькі намнога большыя, усё роўна як двайны мозг.
- Мазгі-спарышы, ці як?
- Хай сабе і спарышы. Таму і галовы ў зялёнчыкаў раздаліся ўшыркі, не такія круглыя, як вашы. Адзін мозг працуе, другі адпачывае, потым наадварот. Сонцы ў нас не аднолькавыя, і кожны мозг прыстасоўвае арганізм да свайго сонца. А ў час перазменкі працуюць адразу абодва мазгі. Тады і нараджаюцца ўсялякія вялікія навуковыя адкрыцці і робяцца вынаходствы.