Выбрать главу

Міма пыліла яшчэ адна машына, з капустаю. Ваня і галасаваў ёй, і на Эрпіда паказваў, але яна не спынілася.

Спынілася толькі наступная, з морквай. Акрамя шафёра ў кабіне нікога не было, і Ваня ўзрадаваўся: пашанцавала.

Малады вясёлы шафёр скокнуў на дол, абышоў машыну спераду.

- Куды вам трэба? - спытаў і прысеў на кукішкі, зрабіў з пальцаў «казу рагатую» і паказытаў Эрпіду жывот: - Букі, букі, букі!

Здарылася неверагоднае. Эрпід увагнуўся, нават ручкамі прыкрыў тое месца, дзе быў пупок, і зарагатаў, як дзіця.

Шафёр ад нечаканасці сеў у пыл. Ваня таксама разгубіўся, але хутка ўзяў сябе ў рукі.

- У Менск мы. Вельмі тэрмінова, не можам аўтобуса чакаць!

- Жывы экспанат?! Злёт юных тэхнікаў, ці што? Глядзі, ён мне лямпачкамі падміргвае! - Шафёр паволі ўстаў, абабіў пыл са штаноў.

- Дзядзечка, познімся мы! Выручайце! - як не маліў Ваня, але нічога больш не тлумачыў.

- Да райцэнтра - магу. У краму моркаўку вязу. Хочаш пахрумстаць? - Хлопец захапіў з кузава дзве вялікія морквіны, падаў Ваню.

- Шчаслівай дарогі! - раптам сказаў Эрпід.

Шафёр ужо ішоў садзіцца за руль і зноў павярнуўся да іх.

- Гэта ён сказаў?! - Хлопец зрабіў губамі «уф-ху-у...», пахітаў галавою. - І трэба ж такога выдумаць! Ай-я-яй, ну і галавастыя дзеці пайшлі. Чый жа ты будзеш?

Ваня сказаў.

- Ведаю, ведаю Аляксея Гардзеевіча... Прывітанне бацькам геніяльных дзяцей!

Машына раўнула, рыўком зрушыла з месца.

«Хэ, а што б ты сказаў, каб ведаў усё?» - падумаў Ваня.

- Мне ён спадабаўся, я запісаў яго, - сказаў Эрпід.

- Не спіш у шапку. Малайчына... Давай руку.

Эрпід працягнуў яму руку і сказаў:

- Інфармацыю не зразумеў. Чаму ў шапку? Зялёнчыкі не спяць, то чаму павінен спаць іх Эрпід?

Ваня не тлумачыў, а - скроб, скроб, скроб - пачысціў аб востры кант яго рукі моркаўку, з апетытам захрумстаў.

- Замару чарвячка. А то кішкі марш іграюць.

- Інфармацыю не зразумеў. Якога чарвяка і якім прэпаратам будзеш марыць? І кішкі не музычныя інструменты, яны не могуць іграць.

- Жэрці хочацца, зразумеў?

- Зразумеў у адпаведнасці з закладзенай у мяне праграмай. Хаця сам есці хацець не магу.

- А вашы зялёнчыкі бываюць дзецьмі?

- Бываюць. А потым растуць у адпаведнасці з праграмай. Кожнаму пры нараджэнні даецца прыбор-дазатар, які рэгулюе прыём сонечнай энергіі, а значыць, і рост. Растуць зялёнчыкі да вызначанага стандарту. Вырошчваецца і невялікая колькасць веліканаў для асабліва цяжкіх работ.

- Замест пад'ёмных кранаў?!

- Можаш і так лічыць. Вырошчваюць і ліліпуцікаў, і міні-зялёнчыкаў. Гледзячы для якое мэты, якое работы. Экіпаж касмічнага карабля, што на арбіце, складаецца з ліліпуцікаў.

- Ну і дадумаліся! А калі я, напрыклад, не захачу быць міні-зялёнчыкам, а нармальным? Ці веліканам? А будучы веліканам, узбунтуюся і...

- Такога ў нас не можа быць. Усе хаценні, усе думкі кантралююцца. Зялёнчыкі хочуць толькі тое, што патрэбна для ўсіх, для нашай цывілізацыі.

- Эх-ха, сумна ж у вас там. Мухі дохнуць ад суму.

- Няма ў нас мух. Ніякіх насякомых няма, ніякіх жывёл, птушак, рыб. А расліны ёсць, толькі не зялёныя, а фіялетавыя. Нізенькія такія... І вада ёсць.

- Я сваю зямлю ні на што не прамяняю. І ні за што на свеце! Няўжо вам не хочацца мець хоць бы птушак? Салаўя паслухаць, жаваранка, шпака, зязюлю? Ку-ку, ку-ку...

- Задача нашай экспедыцыі - вывучыць такую магчымасць. Можа, калі-небудзь мы пазычым у зямлян трохі чаго.

- Пазычайце, мне не шкада. Толькі ці ведаеце, што ў нас яшчэ і ўсякія мікробы, бактэрыі, вірусы ёсць? Яны такія малыя, што не ўбачыш без мікраскопа. Сярод іх такія гады ёсць, такія паразіты! З-за іх многа хвароб усякіх, людзі паміраюць.

- Паразітаў нам не трэба. Іх мы не будзем браць.

- А яны самі ўжо набраліся. Ведаеш, колькі на табе ўжо ўсякіх бактэрый, мікробаў? Мільярды!

- Пра гэта ведаем. Іх мы не возьмем, - упарта паўтарыў Эрпід.

- Стойце! Стойце! - кінуўся Ваня напярэймы машыне з будаю - ледзь не пад колы.

Прарэзліва завішчалі тармазы. Адчыніліся дзверцы кабіны, на падножцы паўстаў шафёр - дзядзька ў гадах.

- Ты што - здурэў? Жыць надакучыла? - затрос ён з-за кабіны кулаком.

- Дзядзечка, міленькі! Нам вельмі ў Менск трэба! Тэрмінова! Вы ж у Менск ці не?

- У Менск, у Менск... - усё яшчэ злосна прабурчаў шафёр. - А ў турму праз цябе не хачу садзіцца. Сыдзі з дарогі!

Ваня не сыходзіў. У вачах у яго заблішчалі слёзы.

- Дзядзечка...

- Ну куды я цябе дзену? Поўны кузаў скрынак з яблыкамі... Дый матор нешта барахліць, можа зусім машына стаць, - стаяў на сваім шафёр.