Выбрать главу

- Трэцяя свечка не дае іскраў, - нечакана сказаў Эрпід.

Шафёр паціху, з нейкім шыпеннем свіснуў.

- Гэта ён... Гэта яно... Ну, каробка гэта твая, гаворыць?! І нешта кумекае ў рабоце рухавіка?!

- Калі сказаў, значыць, кумекае. Ён у электрычнасці разбіраецца. Электронны робат.

- У сталіцу чаго? На выстаўку?

- На выстаўку. - Ваня і гэтаму шафёру не расказаў усяго пра Эрпіда.

- Дзядзька Мікалай, у вас там знойдзецца месца для аднаго... для дваіх? - закрычаў шафёр. - А то ў мяне тут сумкі.

- Мо як знойдзем, - адгукнуўся нехта з буды глухім голасам.

- Прымай тады гасцей! - Шафёр адчапіў і адкінуў задні борт. Прыгнуўся, падхапіў Эрпіда, махнуў у кузаў. Быццам не сто кіло ён важыў, а ўсяго дзесяць. Пачакаў, пакуль Ваня забярэцца сам, падняў і замацаваў борт.

Ваня нясмела разглядаў таго, хто валодаў такім глухім голасам. Дзядзька стары, мо скора семдзесят, твар худы, маршчыністы.

- Міця, а што там з маторам? - пагукаў шафёру дзядзька Мікалай.

- Ды нічога асаблівага. Памяняю свечку, і паедзем, - адказаў быццам здалёк шафёр і нечым бразнуў бляшаным, мо капотам машыны.

9

- Ну, чаго стаіш? Давай, гэта самае... - дзядзька Мікалай устаў, угнуўшыся, паразводзіў рукамі. - Размяшчайцеся, гэта самае...

Скрынкі ў кузаве стаялі шчыльна, некалькімі радамі. Толькі каля самага задняга борта было месцейка як тром сесці.

- Яго трэба спачатку, баюся, каб не растрэсла за дарогу, - сказаў Ваня.

- А мы яму саломкі больш наскубем... Во та-ак... У цеснаце, ды не ў крыўдзе - уга! - лагодна гаварыў дзядзька Мікалай. - Куляй яго сюды!

- Дзякуй, я пастаю, - раптам сказаў Эрпід ветліва.

Дзядзька стаў на калені перад Эрпідам, абмацаў Эрпіда зверху да нізу і раптам адною рукою кульнуў Эрпіда, а другою - Ваню.

- Вось так вось... - пасміхнуўся ён. - За пастой грошы плацяць.

Ваню дзядзька пачаў падабацца.

- У вас у целе я бачу кавалкі металу, - сказаў Эрпід. - Нашто ён вам? Гэта запчасткі? Ва ўсіх, каго я здымаў, такога не было.

- Гэта самае... машына твая - рэнтген? Тут амаль прыцемак, а ён нават наскрозь бачыць... Гэта цяпер такія рэнтгены выпускаюць, што гаварыць умеюць? Ай-яй-яй, во тэхніка да чаго дайшла! - Дзядзька Мікалай паварочаўся, зручней усаджваючыся паміж Эрпідам і Ванем.

- Ён яшчэ і не такое ўмее. Ён адтуль... - паказаў Ваня ўгору. Гаварыць яму ад стомы і ляноты не хацелася, ён раптам адчуў сябе ў машыне ўтульна, як у пасцелі.

- А-а, спускаемы апарат, касманаўты нашы спусцілі. Дык ты яго знайшоў і ў Менск вязеш? - пацікавіўся дзядзька.

- Ага.

- От свет настаў. Гэта ж каб даўней хто сказаў, што я дажыву да такога, засмяяў бы.

- Адзін кавалак металу не выклікае ў вас запаленчага працэсу, - бубнеў сваё Эрпід. - Вакол двух другіх гэты працэс ёсць. Электрычныя палі моцна зменены.

- Ай-ей, чыстую праўду гаворыць твой апарат. Не сядзіцца на месцы двум асколкам. Як разгуляюцца часам, аж зубамі скрыгічу... Казаў хірургу - мо выразаць, каб не заміналі, не шкодзілі? Не, кажа, важных органаў яны не кранаюць, не будзем паласаваць. А яму што, хірургу? Хіба мае асколкі яму баляць? Дый малады ён, пасляваенны... Ох-ха... - Дзядзька памацаў сябе за бок, завёў руку і за спіну. - А дождж, гэта самае... мудрэй за бюро прагнозаў прадказваюць. І сёння к вечару збярэцца дождж.

- Адкуль узяўся метал у вашым целе? - спытаў Эрпід.

- Адчапіся ад чалавека! Хочаш здымаць - здымай паціху і маўчы, - умяшаўся Ваня. - Я ж табе гаварыў, што вайна тут была. І дзед мой ваяваў, партызаніў, ты і яго хацеў запісаць. Эканом энергію.

- Не, чаму. Хай слухае, калі ахвоту мае... Ехаць яшчэ больш за гадзіну.

- Іван Аляксеевіч Гардзей, ты паспі, калі табе нецікава. А мая справа збіраць інфармацыю - хоць ад дзеда, хоць не ад дзеда, - Эрпід пачаў паказваць свой нораў.

Пад роўны гул машыны дзядзька Мікалай расказваў, як ваяваў, дзе і колькі разоў быў паранены, колькі баявых таварышаў загінула, пакуль прагналі гітлераўцаў і прыйшла Перамога.

- Дваццаць мільёнаў нашых людзей загінула! - дабавіў Ваня. - Алег Максімавіч гаварыў: нібы дзве даваенныя Беларусі вынішчылі да апошняга чалавека. А параненых дзесяткі мільёнаў было.

- Не разумею, нашто людзям вайна, - сказаў Эрпід. - Хіба няма больш чаго рабіць? Нядобрая планета Зямля.

- Як гэта нядобрая? Добрая! А магла, вядома, яшчэ лепшай быць... - сказаў дзядзька Мікалай. - Па нас, то хай бы вечна вайны не было. Але ж капіталісты гэтыя, імперыялісты з фашыстамі лезуць. Не церпіцца ім, не сядзіцца спакойна, ваяваць хочацца ім. Столькі зброі ўсякай, бомбаў зноў нарыхтавалі... Лектар прыязджаў, гаварыў, што на кожнага чалавека на Зямлі нарыхтавана па тры тоны толу. Гэта калі ўсе выбуховыя рэчывы на тол перавесці... А чалавека каб знішчыць, гэтак мала трэба!