Выбрать главу

- Нядобрая планета Зямля... - мармытаў сваё Эрпід. - Трывогі людскія не толькі з арбіты ўлоўліваюцца - нават з далёкага космасу. Радыёхвалі думак, трывожныя імпульсы ляцяць і ляцяць... Калі ўсё тут знішчыцца, то і для нас гэтая планета будзе страчана.

- Эрпід, памаўчы. Ты лішне разгаварыўся, - папярэдзіў Ваня.

Эрпід нібы паслухаўся, змоўк. У паўзмроку засвяціліся на яго твары лямпачкі.

- Ты чаго? У цябе сеанс сувязі? - папытаў Ваня.

Эрпід не адказаў, пакуль не патухлі лямпачкі.

- Яны мяне выклікалі. Палаялі, што ўмешваюся ў зямное жыццё. Не на тое трачу энергію. Размагніцілі трыццаць два блокі памяці.

- Дык яны цябе няспынна кантралююць? - здзівіўся Ваня.

- Так. Адзін канал сувязі ўвесь час падключаны.

- Дык што ж там у вас за камандзіры, калі загадваюць гэта не заўважаць, на тое заплюшчыць вочы, слухаць на паўвуха і трымаць язык за зубамі? Хіба ж так вывучыш людзей і Зямлю? - не вытрываў Ваня.

- Ёсць незразумелыя выразы, але пытаць не буду, - сказаў Эрпід. - Ты спі, Ваня, спі.

Ваня прылёг, падклаўшы пад вуха руку.

- Дык ён, гэта самае... і праўда не нашым касманаўтам служыць? - урэшце здагадаўся дзядзька Мікалай.

- Не, ён з другой планеты. Там зялёнчыкі жывуць... І ў іх два сонцы... І яны харчуюцца сонцам... - Ваня гаварыў усё больш невыразна, з цяжкасцю адольваючы дрымоту.

- Тэмпература, мабыць... Беднае хлапчаня, загаворвацца стаў.

Дзядзька памацаў Ванеў лоб, потым зняў з сябе цупкі, нібы каляны, плашч і прыкрыў хлопчыка па самую шыю.

- Я не захварэў... - млява пасупраціўляўся Ваня.

- Ты ляжы, ляжы. Паспі, табе палягчэе. Я скажу, калі Менск, - лагодна гаварыў дзядзька Мікалай.

- Мама... Тата... - прамармытаў яшчэ Ваня і... заснуў.

Ён не чуў ужо, як гаварыў Эрпід:

- Іван Аляксеевіч Гардзей... Я чую твае думкі. Не бойся... Твае бацькі не будуць турбавацца, перажываць, дзе ты падзеўся. Яны нават не заўважаць, колькі мінула часу. Спі!

Але раптам Ваня прыйшоў да памяці і зусім выразна сказаў:

- Ты толькі асцярожна са сваімі фокусамі... - і заснуў канчаткова.

Дзядзька Мікалай паціху, як над калыскай, заспяваў:

У чыстым полі, полі пад ракітаю,

Дзе клубіцца па начах тума-а-ан...

10

У Ваневай маці, Ганны Макараўны, была блакітная мара: хоць раз пабачыць за сталом усю сваю сям'ю. Бо што гэта за сям'я, калі яна ніколі не можа сабрацца разам? Ва ўсіх свае справы-турботы, свая бегатня... І от каб сабраліся ўсе за сталом, і каб яна была свабодная ў гэты дзень, і быў бы ў яе толькі адзін клопат - накарміць удосталь усіх блінцамі. І ўсе б елі не похапкам, не давячыся, а спаважна, смакуючы - хто з маслам, хто са здорам, хто з мачаннем, хто са смятанаю, хто з малаком, хто з варэннем... І яна таксама снедала б разам з усімі і бачыла б, як і старэйшым, і дзецям смачна, як усе задаволены, як дзякуюць ёй...

І сёння, бегучы з фермы, з ранішняй дойкі кароў (ферма амаль на роўнай адлегласці паміж Клінцамі і Бярозаўкаю), Ганна Макараўна песціла сваю мару. Хоць ведала, што такога не можа быць, нікога ж дома няма, хіба што адзін Ваня. Нават дзед і той не ўседзеў сёння дома, нічога не памог па гаспадарцы - памчаў у лес. Знойдзе ці не таго грыба, а от дзень змарнуе. Стары, што малы. Значыць, ёй давядзецца сёння яшчэ ўходжвацца па гаспадарцы, гатаваць абед. І добра было б выкапаць на прысядзібным участку хоць сотку бульбы. Людзі ўжо канчаюць выбіраць на агародах, а Гардзеям усё няма калі.

Пакарміла свіней і курэй, памыла посуд, папрыбірала ў хаце, паставіла ў печ варыць абед. На газавай пліце горш - не адысціся, стой ды стой крукам.

Выскачыла з рыдлёўкаю ў агарод. Капала і капала, выварочвала карчы, але бульбу не збірала, чакала, каб падсохла. І дарэмна не збірала, бо Галабродзькаў певень ужо цікаваў з-за плота, чакаў свайго часу. І толькі пайшла яна з агарода, той адразу пераляцеў цераз плот. «Ко-ко-ко!» - паклікаў за сабою галодную плойму курэй, каб праз колькі хвілін пакінуць ад бульбы адны чарапкі.

А Ганна Макараўна забыла пра ўсё. Бег часу спыніўся для яе. Ёй раптам здалося, што яшчэ ранняя раніца, прытым свята, усе адсыпаюцца. А яна парупілася, устала, каб падрыхтаваць усім сюрпрыз, напячы блінцоў. Ды столькі, каб усе наеліся дасхочу і яшчэ засталося.

Узяла самую большую, літраў на дзесяць, каструлю, усыпала мукі, солі, цукру, шухнула збан кіслага малака, убіла яйкі, старанна ўсё размяшала, дабавіла соды і зноў памяшала.

Пякла на дзвюх скавародах, на пліце. Не пякла - свяшчэннадзейнічала. Сэрца яе раставала ад замілавання, шыпенне цеста на патэльнях гучала для яе як самая пекная музыка.

Усё вышэй расла гара блінцоў, блізка было дно ў каструлі. І раптам каля варот раўнула машына, загукалі галасы даярак: