Выбрать главу

- Ганна, о Ганна! Гардзейчыха!

- Дзе ты запрапала? Чакалі, чакалі, мусілі заязджаць.

- На абедзенную дойку познімся!

Ганна Макараўна адчыніла акно, закрычала на іх шэптам, замахала:

- Цішэй, сарокі! - і выбегла на двор, да вулічных варот. - Вы куды ў такую рань? Мае яшчэ спяць, ніхто не снедаў.

- Якая рань?! Якое спяць?!

- Ой, жанчынкі, яна не ў сваім розуме!

- Паўдня ўжо! Сонца вунь дзе, бачыш?

- Залазь хутчэй у кузаў! Мы тваё вядро захапілі! - зноў закрычалі жанчыны.

- Адчапіцеся вы! Блінцы вунь гараць! - адмахнулася ад іх, як ад пустога месца, Ганна Макараўна і паспяшалася да пліты.

Жанчын нібы які паралюш хапіў. Трохі пасядзелі ашаломленыя, а шафёр не вытрымаў такога зацішша, пасігналіў: «Пі-і-іп!» Тады даяркі пачалі порстка злазіць з машыны. Перагаворваліся, божкалі, бедавалі:

- Ой, што ж гэта робіцца на свеце?!

- Жанчынкі, чулі? Іхняга ж Лёню і настаўніка Алега Максімавіча «хуткая» павезла ў бальніцу! Таксама нешта з галовамі не ў парадку.

- А Ганна, відаць, нічагусенькі пра Лёню не ведае!

- Пошасць нейкая ўбілася! Эпідэмія!

- Ага! І да Ганны дабралася!

Даяркі ўваліліся ў кухню. Ганна Макараўна завіхалася каля пліты - разрумянілася, пахарашэла.

- Ой, хіба ты на роту салдат пячэш? - задзівіліся даяркі. - Мо сто штук ужо!

- Ціха, я зараз пабуджу сваіх салдат! Мае такія едуны, што і ўчатырох справяцца. - Ганна Макараўна пацерла аб фартух рукі, падышла да дзвярэй у пакой. Прачыніла, асцярожна прасунула галаву: - Агу-у! Мужчынкі, уставайце. Авохці, дзе ж яны... От жулікі, пахаваліся ў спальню... - Перайшла пакой, адчыніла дзверы спальні. І нікога там не знайшла. - А-а, на двор павылазілі праз акно. Паджартаваць хочуць... Але яны зараз з'явяцца. Зараз! - На яе твары блукала такая ўсмешка, нібы Ганна Макараўна з хвіліны на хвіліну чакала ад іх якога розыгрышу.

- Ганна, ты супакойся... Бачыш жа, даўно нікога няма!

- Ты не хвалюйся, Ганначка! Ты прыляж, адпачні!

- Ага! А мы тваю групу падоім! Возьмем па дзве-тры каровы кожная - і падоім.

Хто з жанчын адступаў задам да дзвярэй, спалохана намацваючы нагамі парог. Хто спрабаваў забраць з рук гаспадыні лыжку і каструлю, бо Ганна Макараўна зноў узялася наліваць блінцы, выскрэбваючы апошнія кроплі цеста.

- Я зараз дапяку ды каструлю памыю... І трэба яшчэ сала насмажыць... Мой Аляксей вельмі ж любіць, каб на скаварадзе было туку поўна, а ў ім лыжачка смятаны. А мо больш накалаціць блінцоў, мо мала будзе гэтых?

- Аляксей твой даўно ў полі ўжо, арэ!

- Якое ма-ала?! І тыя падубянеюць, пакуль прыйдзе хто есці!

- Жанчынкі! Разбірайце блінцы! Не дамо дабру прапасці! Ганна, паедзем з намі, мо дзе сустрэнем тваіх Гардзеяў, то на хаду пакормім!

Адабралі ўсё-такі каструлю і лыжку, выключылі пліту. Сілком павялі Ганну Макараўну з сабою. А вось пабудзе на свежым паветры, праясніцца ў галаве.

Пасадзілі Ганну Макараўну ў кабіну, уціснулася і яшчэ адна даярка - пільнаваць, каб не выскачыла Гардзейчыха на хаду.

11

Тая дарога, што ішла ад гравійкі па ўзлеску ў Партызанскі лес, мела працяг і па левы бок гравійкі. Калі ехаць улева, трапіш на ферму, а калі яшчэ далей - будзе поле і луг. Па гэтай дарозе і трэба было ехаць да кароў, але шафёр не звярнуў з гравійкі, ляцеў проста ў Бярозаўку. Мо хацеў барзджэй дабрацца да тэлефона, каб пазваніць пра новае здарэнне.

Ад дарогі, што вяла на ферму, і амаль да хат Бярозаўкі араў іржышча на зябліва трактар «Беларусь». Каля самых агародаў ён заварочваў, заходзіў з паднятымі плугамі на другі бок загона, апускаў плугі і рухаўся ў зваротным напрамку. Але на гэты раз...

- Ой, куды ж ён?! - войкнула тая даярка, што загарадзіла сабою выхад для Ганны Макараўны. - Здурнеў, ці што?

Трактар каля агародаў не падняў плугоў, не павярнуў, а пашыбаваў проста на чыесьці буракі. Раўнуў, буксануў трохі, калі плугі ўеліся ў цвердзь загуменнай дарогі, потым нібы ахнуў з палёгкаю, перабраўшыся цераз яе, і пагнаў чорную палосу па бураках, па бульбе, па моркве. Што там ні расло, усё пераварочвалася, заворвалася.

Шафёр ад такой неспадзяванкі ціскануў на тормаз. Даярак у кузаве кінула да кабіны, паклала. А Ганна Макараўна і даярка-спадарожніца ледзь не высадзілі галовамі пярэднюю шыбу.

- Гэта ж Аляксей Гардзеевіч тут арэ! Што з ім здарылася? - і шафёр зноў газануў на ўсю моц. - У хату ўрэжацца ці ў дрэва...

Заскочыўшы ў Бярозаўку, машына крута звярнула ўлева, паляцела напярэймы трактару. Вішчалі ў кузаве даяркі, хапаючыся за барты. Зусім блізка была ўжо кантора калгаса, калі машына моцна віскнула тармазамі, а даяркі ледзь не пападалі на кабіну.

- Вунь ён! - Адчыніў шафёр дзверцы, паказаў на чыйсьці агарод. У тры скачкі ён даляцеў да плота, перамахнуў цераз яго, пабег насустрач трактару.