- І шафёр глузды згубіў! Яшчэ пад трактар трапіць... - Даярка, што пільнавала Ганну Макараўну, кідала быстрыя позіркі то на яе, то ўслед шафёру. Нічога, мабыць, Ганна Макараўна не цяміла, што наўкол робіцца. На твары яе блукала добрая ўсмешка.
На шчасце, трактару не трапілася па дарозе ні будыніна, ні тоўстае дрэва. А прышчэпы ён клаў, трушчыў, як салому, заворваў.
- Стой! Стой, кажу! - замахаў шафёр трактарысту. І адскочыў з дарогі, бо трактар не спыніўся.
Хруснуў плот, лёг пад колы. Трактар выперся на вуліцу, вывалак за сабою плугамі добры кавалак плота і заглух.
Шафёр падскочыў да кабіны трактара, ірвануў дзверцы...
Узлёгшы грудзямі на баранку руля, сядзеў Аляксей Гардзеевіч і... соладка пахропваў.
- Жывы?! - Сыпаліся з кузава машыны даяркі, беглі да трактара. - Глядзі, мо п'яны?
- Не, проста заснуў. Эй, уставай, прыехалі! - затузаў яго за плячо шафёр.
Учапіліся ў Гардзея і даяркі, памаглі шафёру выцягнуць яго з кабіны. Грузнага Аляксея Гардзеевіча паклалі пад ліпу на траву. І гэтак яму стала, мабыць, добранька, што ён нават вольна раскінуў рукі, заснуў яшчэ мацней.
З бліжэйшых хат і з канторы павыходзілі людзі, абкружылі трактарыста і Ганну Макараўну, якая прысела каля мужа, гладзіла яго па валасах.
- Шкоды колькі нарабіў! А хто ж мне пакрые ўсе страты?! - крычала цётка Магда, школьная прыбіральшчыца. Гэта яе агарод пераараў трактар.
- Аплацім, аплацім вашу шкоду... - сказаў старшыня калгаса Трафім Іванавіч.
- Званіце ў «хуткую дапамогу»! Хіба не бачыце - уся сям'я заражаная! - крычалі даяркі.
- Гэта іх муха цэцэ ўкусіла! Я чула ў школе, у Афрыцы ёсць такая муха... Укусіць, і чалавек засынае! - гаварыла цётка Магда.
- Не выдумвайце, цётка! Беларусь жа не Афрыка! - пярэчылі ёй.
- Разыходзьцеся, жанкі! Тут вам не базар! Каровы нядоеныя, а вы ля-ля разводзіце! Рэжым парушыцца! - гаварыў Трафім Іванавіч, але яго, здаецца, ніхто не слухаў.
- Калі ўся сям'я ненармальная, значыць, эпідэмія! Дакторка з горада так гаварыла! - выкрыквала цётка Магда.
- Алег жа Максімавіч не з іх сям'і!
- Людзі, а хто ведае, дзе Двайны Гардзей? І як Ваня?
- Няма іх у Клінцах! Мы ж адтуль ехалі! - сказала адна з даярак.
- А мо яны ўсе грыбамі атруціліся? Я раз была нейкіх воўчых з'ела, дык што п'яная была! - даводзіла сваё цётка Магда.
- Ад грыбоў такога не бывае!
- Праўда, ад грыбоў не можа быць! - згадзілася цётка Магда. - Лёня Гардзей ссівеў у класе за некалькі хвілін! І як пачаў гаварыць па-ўсякаму, як пачаў! Збегліся настаўнікі, а ніхто зразумець не можа! А Алег Максімавіч плача, як дзіця. «Цётачка, міленькая, - на мяне кажа, - даруйце мне за ўсё!»
- Машыны ў вуліцу завярнулі... Адна, дзве... Тры «хуткія дапамогі»! І міліцэйская машына! - закрычалі з натоўпу.
- А хто іх паспеў выклікаць?
- Ой, людцы, разыходзьцеся!
«Хуткія дапамогі» пасталі паўколам, ахапіўшы натоўп. Міліцэйская праскочыла крыху далей, спынілася каля ганка праўлення калгаса. Заляскалі дзверцы... На вуліцы пасвятлела ад людзей у белых халатах.
- Дзе старшыня калгаса? - спытала самая тоўстая цётка ў белым халаце, адзетым не так, як трэба: кішэнькі былі на спіне.
- Тутачкі, тутачкі!
- Пад ліпаю хворыя! З галавою ў іх не ў парадку!
- Я старшыня! - падышоў Трафім Іванавіч да тоўстае цёткі. - А вы загадчык санэпідстанцыі? Вельмі прыемна... - падаў цётцы руку.
Тым часам Аляксея Гардзеевіча (ён так і не прачнуўся) панеслі ў машыну. Ганна Макараўна пайшла за ім сама. Яна нічога не разумела, што робіцца, шчасліва ўсміхалася.
Загадчыца санэпідстанцыі загаварыла загадным тонам:
- Таварыш старшыня! Нам трэба памяшканні для ізалятараў. Усіх гэтых людзей, што былі ў кантакце з хворымі, трэба ізаляваць. Далей... Па радыё трэба аб'явіць пра каранцін. Ніхто з Бярозаўкі нікуды не павінен выходзіць, гэтаксама і з Клінцоў. Будуць на ўсіх дарогах і выхадах пасты, парушальнікаў аштрафуем - і ў ізалятар. Далей... Загадайце бульдазерысту, каб на выхадах з вёсак выграб неглыбокія ямы, а шафёры падвезлі пілавіння. Будзем рабіць каранцінныя падушкі...
- А як жа работа? - спрабаваў пярэчыць Трафім Іванавіч. - У нас жа некаторыя жывуць у Клінцах, а на работу ходзяць сюды.
- Ніякага хаджэння, ніякага кантакту! Абыходзіцца мясцовымі сіламі... Далей... Дзе ў вас жыве Магдалена Пятроўна Сівіцкая? Ізаляваць у першую чаргу!
- Тутачкі была... Цётка Магда, дзе вы? - пачалі азірацца даяркі. - А вунь яна, пабегла ў свой двор!
- Ізаляваць! - выставіла, як пісталет, палец у бок цёткі Магды загадчыца санэпідстанцыі.
Выконваць загад кінуліся два санітары. Але цётка Магда паспела заскочыць у сенцы і шоргнуць засаўкаю.