«Добра, што Эрпіды да нас спусціліся, у нашу краіну. А што было б, каб за акіян трапілі, у рукі імперыялістаў?» - падумаў Ваня.
Эрпід пачуў яго думкі.
- Эрпід-тры трапіў не за акіян, а ў акіян. Ён плавае пад вадою, вывучае, што робіцца ў акіяне, хто там жыве.
- Значыць, і трэці Эрпід ёсць? А ты ж спачатку не гаварыў пра трэцяга! Гавары цяпер, колькі ўсіх запусцілі! - трохі раззлаваўся Ваня.
- Трох. Усяго трох.
Каля задняга борта з'явіўся шафёр дзядзька Міця, злёгку пастукаў рукою, нібы хацеў далікатна пабудзіць пасажыраў.
- Та-ак, я ўжо два свае заданні выканаў і ў аптэку заскочыў. А табе, хлопча, дзе выходзіць? Дзе ваша выстаўка тэхнікі? У Доме піянераў?
- Ён скажа, - кіўнуў Ваня на Эрпіда. - Куды далей рухацца?
- Пытанне зразумеў. Курс - норд, норд-ост. Да аб'екта чатыры кіламетры шэсцьсот дзевяноста адзін метр... Не, ужо дзевяноста два... Дзевяноста тры... Эрпід-два рухаецца ад нас!
- Ост - гэта ўсход, ці што? - пачухаў бараду шафёр. - А мо вы тут ужо самі як даберацеся? Тут жа многа ўсякага транспарту ходзіць.
- А вы па вуліцах едзьце, толькі каб напрамак быў амаль што ўсходні. Туды недзе, пад Партызанскі праспект, - сказаў Ваня.
- Карацей, так: мы едзем на калгасны рынак трактарнага завода. Гэта амаль на ўсход... Задавальняе вас?
- Ага! Газуйце!
- Ну, тут вельмі не нагазуеш, гэта не за горадам. - Шафёр пайшоў садзіцца ў кабіну.
- Аналіз паветра паказвае: рэзка ўзрасла колькасць шкодных для людзей газаў, зменшылася колькасць кіслароду. Нашто ты яму сказаў, каб газаваў, яшчэ больш рабіў шкодных газаў? - папытаў Эрпід.
- Пра авечку прымаўку не забыў? - замест адказу папытаў Ваня.
- Не забыў. Але я не авечка. Мне трэба ўсё ведаць. А нашто дзядзька Мікалай таксама газуе, пускае з рота і носа шкодны дым? Нашто ўдыхае шкодныя газы ў лёгкія?
Дзядзька Мікалай, які ўсю дарогу стрымліваўся і толькі зараз закурыў, закашляўся ад Эрпідавых пытанняў. Потым папляваў на цыгарэту і пстрыкнуў яе за борт.
- Шкодныя газы, праўду кажаш... Мне і ўрач уталкоўваў: «Кіньце шкодную прывычку! А то мы не вылечым ваш страўнік...» А яно, каб на яго ліха, не кідаецца. З вайны гэтая прывычка.
- Адзначаю: людзі многа робяць шкоднага для сябе і не могуць кіраваць самі сабою, - зазначыў Эрпід.
- Многія ўжо кінулі курыць, - сказаў Ваня. - Так што ты запішы: людзі ўвесь час разумнеюць, бяруць сябе ў рукі.
- Браць сябе ў рукі... За бакі, ці як? - мармытаў сам сабе Эрпід.
Але ніхто яму не растлумачыў.
Далейшая язда напамінала дзіцячую гульню, калі трэба нешта схаванае знайсці і ўсе крычаць: «Холадна! Цёпла! Горача!» - у залежнасці ад таго, куды паварочвае шукальнік, набліжаецца да схованкі ці аддаляецца ад яе. Эрпід час ад часу прыгаворваў: «Курс машыны адхіляецца ад зададзенага ўправа... А цяпер улева... А чаго мы павярнулі амаль назад? Аб'ект ад нас зноў аддаляецца». Антэны Эрпіда злёгку паварушваліся, а мо правільней было сказаць так: Эрпід-адзін навёў іх проста на Эрпіда-два і ўвесь час так трымаў іх, а здавалася, паварочваў, калі паварочвалася машына. На твары Эрпіда гарэла толькі адна чырвоная лямпачка, і, як толькі машына адхілялася ад курса, яна трывожна мігала. «Да аб'екта засталося дзвесце трыццаць метраў... Дзвесце шэсцьдзесят... Мы аддаляемся...»
- Ой, нам лепш тут сысці! - закрычаў Ваня.
Дзядзька Мікалай пагукаў шафёру, але той не пачуў, і тады ён пачаў браць са скрынкі яблыкі і шпурляць уперад, паміж радамі. І хоць не ў кабіну яны грукалі, шафёр пачуў. Машына падвярнула да тратуара і затармазіла.
- Вунь той парк маладзенькі, дзе звярынец стаіць! Я пазнаў! - закрычаў Ваня, звесіўшыся цераз задні борт. - І звярынец тут, яшчэ не паехаў!
Да борта падышоў дзядзька Міця, адшчапіў, адкінуў уніз.
- Эй, паўзун! Каці сюды! - пазваў шафёр Эрпіда, каб зняць.
Дзядзька Мікалай памог Эрпіду выблытацца з саломы.
- Бліжэй, бліжэй. Вось так... - прыгаворваў шафёр. - Оп-па! - Падхапіў Эрпіда на рукі, вынес на тратуар.
Ваня хацеў ужо скочыць дадолу, але дзядзька Мікалай спыніў яго за плячо.
- Стой, стой! Шапку давай... Яблык, во, набяры... Схрумстаеце, як знойдзеце. - Ён гаварыў так, быццам хрумстаць гэтыя яблыкі будзе і Эрпід.
- Дзякуй! Дзякуй вам за ўсё! - расчулена паўтараў Ваня.
- Няма за што, - усміхнуўся дзядзька Мікалай. - Бывай! А як ты назад будзеш дабірацца? Сёння ці калі?
- Не ведаю яшчэ! - адказаў Ваня, скокнуўшы на зямлю.
Машына зрушыла з месца.