Выбрать главу

- Калі захочаш!.. Падыходзь гадзіны праз чатыры на калгасны рынак!.. К шаснаццаці! Можам і назад прыхапіць! - даляцела здалёк.

- Дзякуй! - Ваня памахаў свабоднаю рукою. Ён яшчэ глядзеў услед машыне, калі пачуў каля ног слабае павіскванне. Зірнуў уніз. - Жучок, ты-ы?! А які ж ты мокры і брудны! Ты ўсю дарогу бег за намі?! - Ваня ніяк не мог паверыць сваім вачам. - І пад машыны не трапіў?!

Жучок хацеў лізнуць працягнутую руку, але сілы не хапіла. Ён дыхаў са стогнам, целяпаўся доўгі ружовы язык. Сабака ўлёгся каля Ваневых ног, выцягнуў усе чатыры лапы, нібы збіраўся паміраць.

- Эрпід, гэта ўсё твае фокусы! Ты зрабіў так, каб я зусім забыў пра сабаку!

Эрпід адказаў, але не тое:

- Да аб'екта трыста трыццаць тры метры... Аб'ект рухаецца... Не разумею, калі ён увесь час рухаецца, то чаму не можа выйсці на сувязь з караблём ці са мною?

13

Ваня перакладваў яблыкі з шапкі ў запазуху, надзеў шапку, заціснуў пад рукою Жучка.

- Пайшлі, чаго стаіш? Святлафора не бачыў? Нам зялёны, можам пераходзіць вуліцу.

- Святлафор мяне не цікавіць - прымітыўнае прыстасаванне, - зазначыў Эрпід.

Ваня працягнуў да яго свабодную руку - падтрымаць, каб Эрпід не кульнуўся з бардзюра. Але серабрысты неяк схіліўся да праезджай часткі, адпрастаў ад боку адну нагу, другую, працягнуў іх да асфальту, як спрабуюць, ці цёплая вада, і абапёрся на ногі, як на падпоркі, паволі з'ехаў. А цераз вуліцу паехаў хутка, нават Ваню выперадзіў.

- Пераходзіць вуліцу трэба спакойна і толькі ў тых месцах, дзе намалявана «зебра», - дагнаў яго Ваня.

- Ні зебры, ні якое іншае жывёлы не бачу. А-а-а, гэта там яна намалявана? - павярнуўся Эрпід у бок звярынца. - А як жа цераз яе пераходзіць?

- Там звярынец, а навокал яго шчыты з малюнкамі звяроў: зебра, мядзведзь, леў, пантэра, малпы вісяць уніз галавою, хвастамі зачапіліся... Заходзіць нам туды няма калі, - сказаў Ваня.

Іх ужо акружыў натоўп дзяцей і дарослых. У многіх на тварах свяціліся добрыя ўсмешкі: людзі пачалі сачыць за Эрпідам і Ванем, калі яны яшчэ пераходзілі вуліцу.

- Ты сам яго зрабіў? Здо-о-орава... - Дзеці абмацвалі Эрпіда, пагладжвалі, і здавалася, што яму прыемна, што ён жмурыцца, як кот. - Чуеш, а чаму ў яго не такія колы, як у лунахода?

- Гэта робат? А чаму ў яго такія кепскія ногі?

- А нашто яму ногі!

- Гэта робат, - адказаў Ваня. - Ён не прызначаўся для бездарожжа, у яго іншыя задачы і функцыі, - перайшоў Ваня на навуковы стыль. «Хай думаюць, што гэта я зрабіў яго...» Дастаў з запазухі яблык, куснуў так, што наўкол паляцелі пырскі.

- Іван Аляксеевіч, я хачу яшчэ запісаць тыя намаляваныя карціны. Новая інфармацыя... - Гэтых слоў Эрпіда было дастаткова, каб зноў пачулася: «У-ух ты-ы!!!» - «Дык ён і гаворыць?!» - «А што ён яшчэ ўмее?» - «Лепш у звярынец завядзі яго, хай жывых звяроў паглядзіць!» - Звярынец нам па курсе, - сказаў далей Эрпід. - Калі Эрпід-два дасюль нічога не перадаў пра раслінны і жывёльны свет, я павінен яго замяніць хоць часткова.

- Іван Аляксеевіч, - з пашанаю звярнуўся да Вані хударлявы хлапчук з рабацінкамі на носе, - як ты назваў свайго робата? Ці доўга ты яго рабіў?

- Зваць Эрпід. Электронны робат-паліглот ізаляванага дзеяння. Рабіў доўга, можна сказаць, усё свядомае жыццё.

«А сам адзін ці з гуртком?» - «А з якое ты школы? Яна з тэхнічным ухілам?» - «А Эрпід у шашкі, шахматы гуляе?» - пасыпалася з усіх бакоў.

- Давай сюды, - скіраваў Ваня Эрпіда на дарожку, што вяла проста да звярынца. - Ён можа такое, што вам нават і не снілася. Дарогу, дарогу яму!

Не ўлічыў Ваня, едучы ў горад, што тут такая процьма народу. «Як ад іх адкруціцца? Яны ж і кроку не дадуць ступіць!» - пакутліва думаў ён.

- Эрпід, ты іх усіх прасвяціў, запісаў? - Ваня думаў, што такім пытаннем трохі адпужае цікаўных. Але дзіва што!

Ледзь паспеў Эрпід пацвердзіць, што запісаў, як усчалася гамана: «Усіх-усіх запісаў?! А як запісаў, як прасвечваў? Гэтак, як рэнтген?» - «Калі рэнтгенаўскімі прамянямі, дык гэта ж шкодна!» - «І куды глядзяць настаўнікі?» - «Сынок, адыдзі ад гэтага жалезнага пудзіла, бо захварэеш!» - «Дачушка, ты ж у звярынец хацела, а гэта ўжо прыліпла, цацку знайшла?»

Калі дзеці ўбачылі, што на твары Эрпіда заміргалі лямпачкі, зноў сыпанулі пытаннямі: «Дзе ты браў дэталі для робата?» - «А я змагу такі зрабіць?» - «Ён на батарэйках ці можа падзараджацца токам, як акумулятар у аўтамабілі?» - «А чаго ён заміргаў, мо яму кепска стала?» - «У яго ўсярэдзіне магнітафон ці як ён гаворыць?»

Выручыў Эрпід:

- Будзеце знаць усё да канца, састарыцеся, як аўца.

Дружны выбух смеху, захопленыя выгукі: «Ну і шпарыць! Ну і чорт лазаты!» - «А ён гумарыст! Ваня, а ён у цябе з гумарам!» - «Як жывы!»