Дарога вяла з Клінцоў на паўночны захад, у Бярозаўку. Там школа, там цэнтр калгаса. Ісці крыху больш за кіламетр, і каб не бярозавы пералесак, што прымыкаў да Партызанскага лесу і перабягаў дарогу, то былі б відаць і школа, і нават дамы калгаснікаў. Каля пералеску ад гравійкі адбягае ўправа лясная дарога і вядзе ў Партызанскі лес. Дзед павярнуў на яе, постаць яго замільгала сярод бяроз і кустоў і знікла. Дзед - былы партызанскі разведчык. «Схаваўся недзе за кустом і цікуе за мной... - падумаў Ваня і прыпусціўся бягом. Але скора засопся, перайшоў на хаду. - Трэба адстаць, хай ідзе сабе, хай хаваецца. А то вечарам нагаворыць маме, што я не ў дванаццаць у школу выбраўся, а зранку... Не парабіўшы ўрокаў! Яшчэ партфель гэты... І нашто я ўзяў яго! Скажу заўтра Алегу Максімавічу, што балела галава... ці жывот. А сёння зусім у школу не пайду. Шкада, што Жучка дзед забраў. Ён бы і мне спатрэбіўся...»
Сонца свеціць ззаду, і ўвесь дол у пералеску спярэшчаны светлымі і цёмнымі палосамі і плямамі. На траве раса як боб, і Ваневы чаравікі адразу набрынялі і раскіслі ад вільгаці. У іх чвякала і пішчала, нагам зрабілася холадна. Але хутка Ваня прывык і перастаў звяртаць на гэта ўвагу. Вочы звыкла шныпарылі туды-сюды, зазіралі пад елачкі і кусты арэшніку. Выпараў некалькі бабак і падасінавікаў, адзін баравік і спахапіўся: «Я ж не ў грыбы прыйшоў! А што з гэтымі рабіць?» Начапіў іх на вострыя сучкі - высахнуць, то вавёркі падбяруць.
І зноў захадзіў управа-ўлева - то пад дарогу, што загібала ў Партызанскі лес, то пад гравійку, што вяла ў Бярозаўку, то зноў назад. Дзеда нідзе не было відаць, мабыць, адразу падаўся ў глыб Партызанскага лесу.
Праз нейкі час Ваня адчуў: яму не хочацца адхіляцца ні ўправа, ні ўлева! Хочацца ісці проста на поўнач, нібы хто падказваў гэты напрамак ці даў у рукі невідочную нацягнутую нітку: трымайся за яе, ідзі хутчэй! І ён слухаўся гэтага невыразнага загаду, хоць ужо не цяміў, куды бяжыць, дзе спыніцца. Яму нават не хацелася аббягаць кусты, а хацелася дзерціся праз іх, як мядзведзь праз маліннік. Цяжару партфеля зноў не чуў. «Што са мною?! Хто мяне цягне?!» Ён гатовы ўжо быў без сілы ўпасці на мох, але ўбачыў каля елачкі шэры камень-валун правільнай формы. Ён нагадваў дыню, толькі вялікую. Прысеў на камень, кінуў партфель убок, выцер пот з ілба. «Дзе гэта я апынуўся? Добра, што сонца свеціць, а то можна было б і заблудзіцца».
Ваня пагладзіў валун і адчуў, што камень цёплы, нібы яго ўвесь дзень пякло сонца. І ён быў не жорсткі і шурпаты, а нібы аплаўлены. Ніякага моху на ім і звання не было.
Раптам здалося, што камень пад ім зварухнуўся. «Фу, набегаўся, ажно ў бакі водзіць...» - паляпаў па камені супакойліва. І зноў здзівіўся: камень азваўся нейкім гудам, быццам у ім былі пустоты. Зноў калыхнуўся камень пад ім - моцна, нібы хацеў падбрыкнуць, як жарабя. Ваня спуджана ўсхапіўся, памацаў сябе за штаны, агледзеў камень з усіх бакоў. Ужо добра было відаць, што ён дробненька паварушваецца, нібы выбірае месца, каб зручней легчы ці ўстаць. «Жывы?!» - захаладзела пад грудзьмі ад страху.
Пачуўся лёгкі трэск і рыпенне, быццам хто паволі адчыняў нязмазаныя дзверы - кр-ры-і-і... Уздоўж каменя з'явілася цёмная зубчатая трэшчына, зазмяілася, аббегла камень наўкруг і пачала шырыцца. Палавінкі каменя пакалыхваліся, нібы яечная шкарлупінка, з якое хацела выбрацца кураня...
«Змей Гарыныч!.. Яго яйка!» - Ваня адступаў задам, дранцвеючы ад жаху і не зводзячы з расколатага яйка вачэй. Гатовы быў даць лататы ў любы момант.
Палавінкі разваліліся ў бакі зусім, паміж імі паўстала нейкая серабрыстая істота на тоненькіх пласцінчатых ножках. Істота нагадвала чалавека. Тулава яго было крыху выцягнутае знізу ўгору і нібы сабранае з кліночкаў. Каб у гэты час тут быў Лёня-васьмікласнік, то назваў бы гэтую фігуру няправільнай шасцівугольнай прызмай. Зверху да гэтай прызмы-тулава быў прыстаўлены рогам кубік - нібы галава. І былі ў гэтай галаве дзве лямпачкі-вочы і трэцяя, большая, як нос. І вочы і нос не тырчалі, а былі прытоплены ўсярэдзіну.
Ніякіх агрэсіўных дзеянняў чалавечак і не думаў учыняць, і Ваня больш не адступаў. А чалавечак патроху ажываў: з галавы папаўзлі ўгору і крыху ў бакі рожкі-антэны, вельмі падобныя на вусы майскага жука. Левае вока ў чалавечка заміргала жоўтым святлом, а правае - зялёным, потым і нос заірдзеўся - чырвона і зырка. Ад тулава выпрасталася танюсенькая, нібы зробленая з металічных лучынак, ручка - спачатку левая, потым правая. Ручкі падняліся ўгору, пачуўся нават крэкт, нібы чалавечак пацягнуўся спрасонку.
- Хаў ду ю ду! Гутэн таг! - раптам загаварыў чалавечак на розных замежных мовах.
Голас быў нямоцны і з нейкім металічным дрынчаннем. Словы чалавечак вымаўляў асобна адно ад другога, без усялякай інтанацыі. Адразу скажаш, што не чалавек гаворыць, а машына.