Ваня пашукаў у правых кішэнях, потым перакінуў Жучка пад другую руку, праверыў левыя кішэні ў штанах і пінжачку - нідзе ніводнай манеты!
- Эрпід, звярынец мы не можам агледзець: у кішэнях вецер свішча.
Эрпід патушыў лямпачкі.
- Інфармацыю не зразумеў. Вецер не можа ў кішэнях свістаць. А мо ты хочаш сказаць, што падраныя кішэні?
Дзеці зноў зарагаталі. Яны ўжо любілі Эрпіда і гатовы былі рагатаць нават з выстаўленага мезенца.
- Я хачу сказаць, што няма ні капейкі грошай, не зможам купіць уваходны білет, - растлумачыў Ваня.
- Мы дамо! Мы назбіраем! - загарэўся хлапчук з рабаціністым носам, палез у кішэню. - Во, пятак магу даць. Хто больш? - Ён склаў далоні каробачкай і затрос у іх манету.
У рукі яму са звонам пасыпаліся медзякі.
- Іван Аляксеевіч, я хачу сфатаграфаваць грошы. Я не разумею іх прызначэння, - сказаў Эрпід. - У нас грошай няма.
- Ты... як цябе зваць? Паднясі яму манеты да акуляра, хай пераздыме, - папрасіў Ваня.
- Грыша я, Грыша! - сказаў рабаціністы. - А пра што ён гаворыць? Дзе гэта ў іх няма грошай?
І не толькі рабы Грыша зацікавіўся словамі Эрпіда. Каб папярэдзіць новыя пытанні, Ваня паспяшаўся сказаць:
- Вы не вельмі звяртайце ўвагі на яго словы. У яго рэле перагарэла і адключаны трыццаць два блокі памяці, от і загаворваецца часам... Яму ўсё здаецца, што ён з другое планеты да нас прыляцеў... Кгы-км... - Ваню было ніякавата ад такое хлусні, і ён нахіліўся да самага твару Эрпіда. - А ты не звяртай увагі на мае словы. А то можа стацца, што з гэтага падарожжа не вернешся, - прашаптаў яму.
- Інфармацыю зразумеў, - кінуў Эрпід.
Рабаціністы Грыша быў пракідны, баявіты. Ён і ў касу палез без чаргі, і каля цёткі, што правярала білеты, падняў шурум-бурум:
- Таварыш кантралёр! Прашу арганізаваць праход! Прашу наладзіць парадак! На тэрыторыю звярынца праедзе Піпетка - Піянерская перасоўная тэлевізійная камера. Будзем здымаць кінажурнал.
- Ой, а я ж прычоску сёння не... Я ж не хадзіла ў цырульню! - перапалохалася кантралёрка.
- Таварыш кантралёр! Вы ж не дзікі звер, вас Піпетка толькі краёчкам аб'ектыва захопіць, - важна сказаў Грыша. - Дый без цырульні вы як артыстка кіно выглядаеце!
Цётка хутчэй шмарганула з боку на жывот сваю сумачку, дастала патрэбныя прычындалы і, углядаючыся ў люстэрачка, пачала падмалёўваць губы і бровы, даставаць з-пад шапачкі чубок валасоў на лоб.
- Калі ласка! Праходзьце, праязджайце! Здымайце кіно! - Яна адступіла з праходу ўбок, абедзвюма рукамі запрашаючы Эрпіда, і нават схілілася ў паклоне.
Эрпід важна, без паспеху праехаў цераз вузкі ўваход. За ім прайшоў Ваня, потым яшчэ некалькі хлапчукоў. Грыша стаяў ззаду і прыгаворваў:
- Прапускайце, прапускайце смялей! Гэта асістэнты... Гэй вы, рыхтуйце месца для здымкаў! А на некаторых ёсць білеты! - Трос ён дзвюма сіненькімі паперкамі, хоць хлапчукоў прайшло чалавек дзесяць.
- Калі ласка! - не пераставала запрашаць кантралёрка. - Здымайце кіно... Шкада, што Мішкі няма... Ён цыркач у нас, колісь у цырку выступаў ды састарэў, нам перадалі... Ага... Дык ён і танцаваў у клетцы, і цераз галаву куляўся, і лапу працягваў, каб цукерку далі... Шкада, уцёк сёння ноччу. Мы ўжо ўсю міліцыю на ногі паднялі. Прыязджалі з сабакам сляды нюхаць... Мядзведзь-то і свойскі, абучаны, але ж звер і ёсць звер. А звер на волі - гэта не жартачкі. - І раптам спахапілася: - А гэтыя - таксама асістэнты? Не?! Вашы білецікі папрашу! Бач ты, падшыванцы...
Выключныя арганізатарскія здольнасці былі ў Грышы. Ваня толькі падыходзіў памалу за Эрпідам ды пасміхаўся, пагладжваў Жучка, каб супакоіць: сабака нюхам чуў звяроў і нервова павіскваў, вырываўся.
- Дарогу, таварышы! Дарогу! - мітусіўся Грыша. - І клетак не засланяйце, дайце Піпетцы добры агляд!
Эрпід спыніўся быў каля першай клеткі, але тут жа старанна выгаварыў:
- Ракурс не той... Нізка... Звера па прозвішчу пантэра я кепска бачу.
- Нізка?! - усклікнуў Грыша. - Гэта мы мігам... штосьці прыдумаем. Хлопцы, я пазаўчора тут недзе насілкі бачыў... Расшукаць!
Некалькі яго сяброў кінуліся ў розныя бакі вялікага пляца-чатырохкутніка, абстаўленага вагончыкамі-клеткамі. Заглядвалі ў кожны куток, у кожную шчыліну, пад кожны вагончык. Урэшце прагучаў радасны крык: «Ё-ё-ёсць!»
Знайшлі насілкі каля клеткі з надпісам: «Мішка-артыст». Насілкамі, мабыць, не так даўно карысталіся службоўцы, прыбіраючы ў мядзведзя, бо хлапчукі пачалі рваць траву, адціраць ёю дашчаны памост насілак.
Жучок усё рваўся з рук, і Ваня сказаў:
- Пачакайце! Дайце сабаку добра панюхаць, - і паднёс яго да насілак. - След! Нюхаць!.. Мішку-мядзведзя нюхаць! - І Жучок нюхаў, нервова тузаючыся з рук, дыбячы на загрыўку шэрсць.
- Піпетка, ал-ле - оп! - скамандаваў Грыша Эрпіду, нібы якому мопсу ў цырку.