Выбрать главу

Ваня не бачыў, як Эрпід уз'язджаў на насілкі, яго з Жучком адціснулі ўбок. Пачуў толькі Эрпідаву рэпліку:

- Я - Эрпід, Электронны робат-паліглот ізаляванага дзеяння. Я не магу быць піпеткай.

- Ты не крыўдуй, лады? - чуўся голас Грышы. - У нас ва ўсіх мянушкі ёсць. Я - Рабы, Андрэй - Не дурэй, Сёмка - Цікі-Так, Жэнька - Чмых... І ніхто не крыўдуе! Весялей з мянушкамі!

Ваня ўбачыў, як чацвёра самых здаровых хлапчукоў паднялі насілкі на ўзровень сваіх плячэй і завохкалі ад цяжару. Насілкі схіснуліся, Эрпід зыбнуўся і ледзь не скуліўся пад ногі. Насілкі зноў апусцілі на дол.

- Па двое бярыцеся за кожную ручку! - распарадзіўся Рабы, але сам не ўзяўся і на гэты раз.

Насілкі паднялі ўжо не ўчатырох, а ўвасьмёх, прыладкавалі ручкі на плечы і гэтак панеслі ўздоўж рада клетак, спыняючыся каля кожнай. І каля кожнай клеткі Эрпід ветліва гаварыў: «Дзякуй шчыра... Валачыце, калі ласка, далей». І гэтая ветлівасць жалезнага чалавечка пацяшала ўсю світу: «Вой, пацеха!» Дзеці ажно падскоквалі ад захаплення, а хто-ніхто і ў ладкі пляскаў: «Ай ды Піпетка-Эрпідзёнак!» Нібы Эрпід дзякаваў асабіста кожнаму з іх і нібы гэта ім купілі такую незвычайную цацку.

Абышлі насільшчыкі ўсе чатыры бакі звярынца, вярнуліся зноў да выхаду. Патрымалі трошкі насілкі так, каб Эрпід сфатаграфаваў цётку-кантралёрку. Невядома, ці здымаў яе Эрпід, але кантралёрка цвіла, як вясёлка ў небе, і рабіла добры-добры і ветлівы твар. Пяць хлапчукоў прашмыгнулі ў гэты час паўз яе на тэрыторыю звярынца.

Урэшце насілкі з Эрпідам асцярожна апусцілі на зямлю.

Ваня прабраўся да Эрпіда:

- Ты не забыў пра аб'ект нумар два?

- Не забыў. Курс - норд-вест... Аб'ект памалу рухаецца. Зусім памалу і ў наш бок. Аб'ект падае аварыйныя сігналы.

- Тады - уперад! - скамандаваў Ваня.

- Да пабачэння! - раскланялася цётка-кантралёрка. - Прыходзьце яшчэ, будзем вам заўсёды рады. А ў якім кінатэатры будуць ваш журнал паказваць?

- Ва ўсіх! - адказаў за Ваню Грыша Рабы.

За Эрпідам і Ванем вываліў са звярынца натоўп дзяцей.

- Хлопчыкі, а вы ж куды? Зараз звяроў будуць карміць, гэта ж так цікава! - У голасе цёткі была незвычайная дабрыня. - Ах, вы не асістэнты? Тады назад не пушчу! - Уголасе яе адразу зазвінеў метал.

- Дзякуй за дапамогу, - паціснуў Ваня руку Грышу. - І ўсім дзякуй! Да пабачэння! За намі не ідзіце, а то сарвяце важнае заданне навуковага цэнтра.

- Я хачу з табою сябраваць, чуеш? Дзе ты жывеш? Дай свой адрас! - крыкнуў услед Грыша.

- Калі ласка: вобласць сталічная, Менская, вёска Клінцы, Івану Гардзею. Пішы!

- Дык ты не мінчанін?! - зрабіўся кіслы твар у Грышы.

І чаго было гэтак моршчыцца? Быццам геніяльныя вынаходнікі Эрпідаў могуць жыць толькі ў сталіцах!

14

Праўду казаў дзядзька Мікалай, што будзе дождж. Напрарочылі яго асколкі: вунь ужо і сонца схавалася, а край неба пачарнеў і разбух ад цяжкай вялізнай хмары. І на добрае, то трэба было б шукаць які прытулак, каб была страха над галавою. А Эрпід-адзін каціўся па дарожцы міма стадыёна проста да кола агляду, што ўзвышалася над краем лесапарку і ўсё яшчэ паволі кружылася. Жучок добра адпачыў у Вані на руках і цяпер смела гойсаў то ўправа, то ўлева ад дарожкі, рабіў уперадзе паўкруг і азіраўся, нібы чакаў ад Вані якога загаду. Сабака часта прынюхваўся да зямлі, задзіраў морду ўгору, лавіў носам вецер.

А з парку ўжо спяшаліся людзі - мамы і бабулі вялі малых, а зусім маладыя мамы кацілі перад сабою рознакаляровыя каляскі - многа калясак траплялася. Эрпід не спыняўся каля іх, толькі паварочваў тулава так, каб акуляр хоць на імгненне глянуў на іх, і каціў далей. Ваня ішоў ззаду і толькі гразіў пальцам хлапчукам, калі тыя растапырвалі рукі, заступалі дарогу Эрпіду, нібы хацелі пераняць аблудную авечку. І дзеці неахвотна адступалі ўбок, уздыхалі: гэткая незвычайная цацка, а пагуляць не даюць. Адзін раздураны малы ажно нагамі затупаў, хацеў на зямлю сесці, патрабуючы сабе Эрпіда. Але каля яго спыніўся Жучок і сказаў: «Р-р-р!» Малы адразу акругліў вочы ад крыку: «Ма-а-ма!!!»

- Гэта чорт ведае што! - залямантавала яго мама. - Параспускалі сабак без наморднікаў! Мілі-і-іцыя-я!

- Вы лепш свайго капрызу глядзіце, то і міліцыя не спатрэбіцца, - адрэзаў Ваня.

Жучок узрадаваўся, што яго апраўдалі, пабег трушком перад Эрпідам, задзёршы хвост на спіну.

- Света, глядзі! Яшчэ адзін едзе, серабрысты! А ў Танькі жоўты... І ледзь поўзае на руках і нагах! - Гэта спыніліся, праводзячы паглядамі Эрпіда і Ваню, дзве дзяўчынкі ў чырвоных гальштуках. - Пабеглі ёй скажам! - сыпала адна, як гарохам.

- Ёй і таго хапае, - адказала другая, больш разважлівая. - І з тым не ведае, што рабіць. Лепш дадому пабеглі, а то дождж скора лупцане!