- Пачакайце! - гукнуў ім Ваня. - Дзе вы бачылі яшчэ аднаго такога? Мы згубілі яго, шукаем.
- Там! Там! - Замахала першая дзяўчынка, паказваючы на дарожку, што адыходзіла ўправа.
Яе, мабыць, пачуў і Эрпід-адзін, бо звярнуў туды сам.
Зусім блізка злева праглядвалася вуліца з трамвайнай лініяй. Унізе за дрэвамі мільгалі жоўта-вішнёвыя трамваі, чуваць быў грукат колаў і часам званкі. Там паволі рухалася і жоўта-сіняя міліцэйская машына з рупарам і крычала ўрасцяжку тоўстым голасам:
- Мінчане і госці сталіцы! Будзьце асцярожныя і пільныя! Не пакідайце без нагляду дзяцей! А лепш за ўсё разыходзьцеся па дамах. Сёння ноччу са звярынца ўцёк мядзведзь. Магчыма, што ён хаваецца ў раёне лесапарку. Мішка лёгка ідзе на кантакт з людзьмі... Не паддавайцеся яго абаяльнасці! Звер можа быць вельмі небяспечным! Пры выяўленні мядзведзя адразу заяўляйце міліцыі або пошукавым групам таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Паўтараю... Мінчане і госці сталіцы! Са звярынца ўцёк мядзведзь! Будзьце асцярожныя і пільныя! Не падыходзьце блізка да звера!
Дарэмна, ой дарэмна міліцыя такое аб'явіла! Шукала б паціху мядзведзя, каб і людзі не ведалі.
У парку паднялася паніка. Маладыя мамы ледзь каляскі не паперакульвалі, уцякаючы. А хто хапаў дзяцей пад пахі, бег, задыхаючыся, хто валачыў малых за ручаняты, і тыя ледзь па паветры не ляцелі, падкурчыўшы ногі.
Ваня, павярнуўшы на дарожку ўслед за Эрпідам, убачыў, што насустрач ім спалохана тупаціць, але больш на месцы, чым бяжыць, цыбатая дзяўчынка. У адной руцэ ў яе матляецца на доўгай почапцы сумачка, другою яна нервова патузвае за вяровачку. Гэтак бывае, калі вось такія нецярплівыя выводзяць на прагулку сабачку, а той кідаецца да кожнага дрэва ці кусціка, хоча яго абнюхаць. Але ж у яе на павадку быў не сабачка, а Эрпід! Той самы Эрпід-два! Акурат гэтакі, як і Эрпід-адзін, толькі жоўты... І не на гусеніцах ён каціў - правільна гаварылі дзяўчынкі, - няўклюдна поўз на ўсіх чатырох. Поўз на сваіх слабенькіх ручках і ножках і хістаўся, штосьці мармытаў ці стагнаў.
- Варвар! - пагрозліва рвануўся да яе Ваня. - Варварыха! - не мог падабраць ён больш зняважлівага слова.
Жучок падскочыў і з гырчаннем учапіўся ёй у сукенку, затузаў. Тр-р-р... Адарваў кавалак.
- Ой, адбарані! Ой, я маме скажу! - енчыла Танька.
- Хопіць, Жучок! - крыкнуў Ваня, і той неахвотна адбег убок, аблізнуўся.
- Ой, а што мне мама скажа! - завяла дзяўчынка новую песню. Яна спрабавала прыкласці на месца вырваны кавалачак і ўсё прыгладжвала яго далонню.
- Скажа, што дурніца! - Ваня сядзеў на кукішках каля жоўтага Эрпіда, разматваў з яго шыі вяровачку. А гэта было не так проста: вяровачка была моцная, ад скакалкі, і заехала ў шчыліну паміж галавою і тулавам, заклініла так, што бедны Эрпід-два не мог ні павярнуць галавы, ні пакруціць ёю. - Не цяміш нічога ў гэтай справе, дык і не лезь... Такую дарагую канструкцыю сапсавала! Чужую!
Давялося Ваню і кіпці ў ход пускаць, і зубы, і цуркі, а потым знайшоў нейкі кавалачак дроту і ўсё-такі дастаў з пазашчыліны ўсю растрэпаную вяроўку. Паставіў жоўтага на ногі, паляпаў па плячы: «Трымайся, брат!» - і адступіў убок, даючы месца Эрпіду-адзін. І вось Эрпіды ўжо стаяць тварам у твар, пераміргваюцца лямпачкамі і маўчаць. Мабыць, такім спосабам перагаворваюцца паміж сабою.
- А ты ідзі, мы цябе не трымаем, - сказаў Ваня дзяўчынцы. - Гэты робат наш, мы яго паўдня шукаем.
Але Танька і з месца не скранулася, толькі крыўдліва падціснула губы.
- Падумаеш, механік знайшоўся! Адкуль мне было ведаць, што гэта за цацка? Я выйшла на двор, а ён сядзіць на клумбе, гаўкае. Думала, які сабака кветкі ломіць, схапіла дубец... А потым гляджу - дзіва! Жалязяка з ручкамі і ножкамі... і брэша па-сабачы!
- Я тады з сабакам размаўляў, ён толькі што прабег... - раптам сказаў Эрпід-два.
- Ой?! - Танька не паверыла сваім вушам, нават аглянулася па баках: хто гэта гаворыць? - Ага-а... Дык я крычу: «Чый гэта? Чый гэта?» Ніхто не адказвае. Вось я і павяла яго...
- Павяла, павяла... Каб самую так вадзілі... Ён жа зусім не прыстасаваны хадзіць! Няхай бы ў бюро знаходак здала ці ў міліцыю... - сказаў Ваня і ляпнуў сабе па лбе: «Здурэў! Здала б, тады ўспамінай, як звалі». - Гэта з Акадэміі навук электронныя робаты. Іх выпусцілі на самастойную разведку... пад наглядам юных тэхнікаў... - Пастукаў Ваня сябе ў грудзі і закашляўся. Столькі даводзіцца хлусіць! Іншы раз на цэлы месяц гэтай хлусні хапіла б, а тут трэба выпаліць за некалькі гадзін. - Во гэты можа гаварыць на ўсіх мовах, а гэты... Усіх жывёл і звяроў разумее, нават пра што дрэвы гавораць.
- Выдумля-яй больш... - недаверліва працягнула дзяўчынка. - Мяне Таня зваць, а цябе?