- Ведаю. А мяне - Ваня... Эрпід-адзін, дакладвай, што ўдалося даведацца.
- У Эрпіда-два энергіі засталося крыху больш, чым на зваротную дарогу. Каб трохі, то і зусім перагарэў бы ад дарэмнага напружання. Та-ам ужо пра ўсё ведаюць, я далажыў, заданні яму амаль усе адмянілі.
Пакуль Эрпід-адзін гаварыў гэта, Таня часта-часта патузвала галавою, нібы зганяла з носа муху. А вочы ад здзіўлення расплюшчвала ўсё шырэй і шырэй. Тым часам і Эрпід-два выпусціў спадыспаду такія самыя гусеніцы, як і серабрысты, а ручкі і ножкі склаў і прытуліў да тулава. Загаварыў:
- Гэтае нізкае дрэва-куст з чырвонымі ягадамі стогне і задыхаецца. Яно не любіць вунь тое дрэва з шырокімі лістамі... - павярнуўся жоўты да ліпы.
- Воўчы бэз не любіць лі-іпы?! - Ваня быў вельмі ўражаны. - А па выгляду не пазнаеш, і ягад вунь колькі...
- Каб гэты бэз не быў атручаны ліпаю, то ягад меў бы ў пяць разоў больш, - сказаў Эрпід-два.
- Ліпе ж таксама бэз не падабаецца, а лісце вунь якое лапушыстае і зялёнае, хоць і восень, - сказаў Ваня.
- Не так. Пах бэзу ліпе падабаецца, яна ўсміхаецца ад прыемнасці, - сказаў жоўты.
- Любоў без узаемнасці, - падала голас Таня. - Такое бывае, - дадала яна аўтарытэтна.
- Я прааналізаваў ужо стан навакольных дрэў. Многія, асабліва тыя, што з іголкамі, трасуцца ў ліхаманцы, у іх павышаная тэмпература... Яны задыхаюцца, але не так з-за суседзяў, як з-за кепскага саставу паветра.
Што задыхаюцца, то мо і праўда: заводы кругом. Вунь у сасны ўжо тырчыць замест вяршка нейкая сухая рагулька. І вунь, і вунь... А вунь тая зусім ссохла, усе шыпулькі абсыпаліся... Ваня пераводзіў позірк з дрэва на дрэва і раптам улавіў на нос вялікую дажджавую кроплю.
- Палу-ундра! - закрычаў ён, як бывалы матрос. - Трэба хавацца, а то паржавееце!
- Мы не ржавеем, - у адзін голас сказалі Эрпіды. А серабрысты дабавіў: - Навальніца для нас карысная, мы ловім з паветра электрычнасць, падзараджаемся.
- А ты чаго тут кіснеш? Марш дадому! - Ваня зноў накрычаў на Таньку.
- Ванечка, можна я з вамі пабуду? - жаласліва папрасілася яна. - Тут так цікава, а дома пасадзяць гамы развучваць.
- Ы-ых... - уздыхнуў Ваня і махнуў рукою. Не любіў ён дзяўчынак, а тым больш такіх, што мучаць Эрпідаў. - А дзе ж мой Жучок? Хаця б не згубіўся... Фю, фю, фю-ю! - пасвістаў ён.
Здалёк, недзе з-за трамвайных ліній, даляцеў ледзь чутны голас Жучка. Яго брэх быў падобны на яхканне, але не такое, як гоніць зайца, а больш хрыплае - нібы ўскрыкі з перапуду.
- Сабака Жучок гаворыць, што напаў на след вялікага звера: «Ах, вялікі! Ах, вялікі!» Просіць, каб ішлі да яго на дапамогу, - сказаў Эрпід-два.
- Мядзведзь?! Мішка?! - у адзін голас усклікнулі Ваня і Таня.
- Сабака Жучок гаворыць: «Ах, вялікі! Пахне гэтаксама, як насілкі ў звярынцы», - дадаў Эрпід-два.
- Пабеглі! Хутчэй! - Ваня не ведаў, што зрабіць, каб Эрпіды рухаліся хутчэй.
- Што ты! Міліцыя сказала, каб да мядзведзя не падыходзілі! І я цябе не пушчу! - закрычала Танька голасам гаспадыні ў хаце.
- Мала кашы ела. Ды я цябе і не заву - бяжы барабаніць свае гамы!
- Інфармацыю не зразумеў, - сказаў Эрпід-адзін. - Таня галодная? - Ён журчаў навыперадкі з Эрпідам-два, следам за Ванем. А той бег наперадзе, выглядаючы, дзе знайсці лепшы спуск на вуліцу.
- Не пакідайце мяне адну, я баюся! - бегла і Таня.
- Сюды! - знайшоў Ваня заасфальтаваны спуск-дарожку і выставіў рукі, каб падтрымаць Эрпіда-адзін. А Эрпіда-два падстрахавала Таня.
А калі перабіраліся цераз рэйкі, дык Ваня нават трамваям сігналіў рукамі, каб прытармазілі, далі пераехаць Эрпідам.
Па другі бок вуліцы лес яшчэ больш быў падобны на сапраўдны. Добра чуваць было, як ляскалі па кляновым лісці абсадаў буйныя дажджавыя кроплі. Цёмныя яліны курыліся туманам.
- Бу-бу-бу-бу... Гах-дах-дух! - сварыўся гром, бегаючы над лесам. У гэтых раскатах голас сабакі зусім згубіўся. Уз'ехаўшы на дарожку па другі бок вуліцы, усе пасталі, прыслухоўваючыся. Ваня нават далоні прыстаўляў да вушэй - не памагала. Прапаў сабака...
- Дык на чым ты іграеш? - спытаў у Тані, але прыслухоўвацца да лясных галасоў не перастаў.
- Я на скрыпцы пачынала... Потым перавялася ў клас цымбал, - адказала яна.
- Ну і як... цымбаліш трохі? - Ваня не пераставаў круціць галавою.
- Тата кажа, што мне на ўдарніка... на ўдарніцу лепш вучыцца.
- На ўдарніка не вучацца. Гэтае званне прысвойваецца таму, хто добра працуе. Мой бацька, напрыклад, ударнік.
- Не-а, я не на такога... Таго, што ў аркестры барабаніць.
- Ха-ха-ха! - не вытрываў Ваня.
- Чаго ты рагочаш? - Таня ніколькі не пакрыўдзілася. - «У джазе адны дзяўчаты», кіно нават такое ёсць. Там на ўсіх музычных інструментах дзяўчаты іграюць, нават на барабанах.