- Ну, ну... Старайся... - падахвоціў Ваня, а ўсмешка так і не сыходзіла з яго твару.
- Я чую Жучка. Курс - норд-вест... - сказаў Эрпід-адзін.
- І я чую, - дабавіў жоўты. - Скардзіцца, чаму доўга не ідзём, і яму аднаму даводзіцца трымаць звера... пад дажджом.
- Дык жа ў той бок гушчар непралазны! І мне цяжка прабрацца, не толькі вам!
Аднекуль насоўваўся густы, нібы кружылі ў рэшаце гарох, шум.
- Ма-ама! - усклікнула Таня і першая сіганула пад густую яліну. А на Ваню і Эрпідаў абрушыўся навальны дождж.
- Сюды! Сюды! Ды хутчэй жа вы! - пакуль памог Ваня забрацца пад яліну Эрпідам, вымак да ніткі.
- Прастудзішся, дурненькі... - пашкадавала яго Таня. Ваню і гэта не спадабалася: «Ну чаго яна лезе? Што ёй да мяне?»
- Дык, значыць, табе барабаны купяць, як таму зайцу? - зноў пачаў насміхацца над дзяўчынкаю. - Чаму ты не можаш рашуча сказаць маме, што табе мядзведзь наступіў на вуха? Каб не мучылі...
- Ну што ты! У мяне вялікія музычныя здольнасці, мама кажа.
- Мама... А выкладчыца музыкі?
- А тая толькі ўздыхае ды нейкія таблеткі смокча. «Зрухі ёсць...» - кажа.
- Інфармацыю не зразумеў... - прамармытаў Эрпід-адзін. - Калі Тані мядзведзь наступіў на вуха? Як гэта здарылася - яна спала ў лесе? Мядзведзя таксама звалі Мішка?
- Эрпід, я табе потым усё растлумачу, - сказаў Ваня.
- Дарэмна траціцца час, тлумач зараз. Я запісаў ужо дождж, зрабіў аналіз вады і ступень электрызацыі паветра, дзесяць разоў запісаў Таню. Мне няма чаго рабіць.
- Скажу... У яе няма музычнага слыху. Ты толькі не крыўдуй, Таня, добра?
- Я гэта ўжо ведаю. Толькі мама не хоча ведаць, - уздыхнула дзяўчынка. - Ад гэтых гам мне хочацца ў цёмны лес, у тайгу ўцячы.
- Эрпід, лепш ты скажы, як гэта ў вас ловяць электрычнасць.
- У нас таксама электрычныя заводы ёсць. Яны ловяць з хмар электрычнасць, запасаюць на складах шаравыя маланкі. А потым размотваюць іх, як клубок нітак.
- Дык вам ні вугаль, ні нафта не трэба на паліва? І гідраэлектрастанцый няма?
- Няма.
- Здо-орава! Галавастыя вашы вучоныя.
- Шаравыя маланкі ўзрываюцца! Яны і чалавека могуць забіць, і разбурэнні ўсякія зрабіць, і падпаліць, - сказала Таня.
- Нашы вучоныя... - пачаў тлумачыць Эрпід і раптам змоўк, заміргалі чырвоная і зялёная лямпачкі.
- Што, сеанс сувязі? - папытаў Ваня. Але Эрпід-адзін яшчэ крыху памаўчаў, потым сказаў:
- Расказваць забаронена. Размагнічана яшчэ шаснаццаць блокаў памяці.
- Дык што ж гэта выходзіць!.. Вы ў нас запісваеце ўсё, што толькі захочацца, а нам нічога не расказваеце? Хочаце вакол пальца абвесці? Дык што ж гэта за дружба такая: мы табе ўсё, а ты нам кукіш? - абурыўся Ваня не на жарты. «Не, яны ўсё-такі шпіёны... Чэрці б іх пабралі...» - падумаў ён.
- Іван Аляксеевіч Гардзей... Чэрці нас не могуць пабраць. І мы не шпіёны, мы прыляцелі з візітам дружбы. Атрыманыя звесткі мы не скарыстаем на шкоду вам...
- Ты не дзівіся, гэта ён на мае думкі адказвае, - патлумачыў Тані хлопчык.
А Эрпід, скончыўшы апраўдвацца, папытаў:
- А як гэта - абвесці вакол пальца?
Давялося тлумачыць. А дождж усё ішоў...
15
Калі ў лесапарку ўрэшце пасвятлела, а потым нават і сонца выбліснула, усе ўздыхнулі з палёгкаю. Усюды яшчэ віселі велізарныя, з іскаркамі ўсярэдзіне кроплі, і вылазіць не хацелася - пад ялінаю было суха. Ваня ўсё-такі рашуча ўстаў, замахаў рукамі, як баксёр, падрындаваў на месцы, паляпаў сябе далонямі па плячах. Зачапіў лапку, і з яе сыпанула жменя кропель - якраз Тані за каўнер. Тая ўскочыла і страсянула яшчэ большую галіну, каб трапіла і на Ваню. Але той паспеў адскочыць.
- Значыць, так... Часу ў нас засталося зусім мала. Усім да Жучка і мядзведзя ўсё-такі ісці не трэба, а то будзе многа марокі, - пачаў разважаць ён. - Эрпід-два, ты чуеш сабаку?
- Жучок пачынае плакаць. Ён разгубіўся, не ведае, што рабіць: бегчы шукаць вас ці вартаваць мядзведзя. Баіцца, што дождж змыў вашы сляды і цяжка будзе адшукаць Ваню. Пытае, чаму не цікавіцеся такім зверам, такою дзічынаю.
- А мядзведзь маўчыць? Церпіць каля сябе сабачае скуголенне і нічога не робіць?
- Ляжыць мядзведзь, стогне: «Ой, адстань ад мяне, назола! Ой, і без цябе моташна...» Ён узмоцнена выпраменьвае цяпло.
- У яго тэмпература? Захварэў, мабыць... Колькі да яго метраў?
Адказаў Эрпід-адзін:
- Сто шэсцьдзесят пяць.
- Таня, загадваю: застацца з Эрпідам-адзін тут. А з жоўтым я пабягу туды.
- А-а, хітранькі... А як за гэты час мядзведзь кругом-кругом ды сюды прыбяжыць? Хто нас адбароніць ад яго?
Узбунтаваўся і серабрысты.
- Я змагу дадаткова набыць шмат інфармацыі. Эрпід-два ўсё не зможа зрабіць. Я еду з Ванем.
- Завялі валынку... Я цябе не прымушаў заставацца з намі, магла ісці барабаніць у свае барабаны. А то нешта многа ў цябе мух у носе, - Ваня знарок гаварыў толькі да Тані, Эрпіда не чапаў.