У разяўленым Ваневым роце высах ад хвалявання язык. Хацелася скаўтнуць сліну, але сліны не было, языком варухнуць не мог. Не разумеў яшчэ Ваня ніякіх замежных моў, у малодшых класах іх не вывучаюць. І ён нічога не сказаў, толькі паціснуў плячыма.
Чалавечкавы рукі дацягнуліся да галавы. Круць, круць - нібыта крыху пакруцілі яе. Лямпачкі на твары пераміргнуліся жоўтым, зялёным і чырвоным і патухлі.
У гэты момант Ваня пачуў трэск ззаду. Зірк туды - і скалануўся знячэўку. Міма прамільгнула чорнае калматае стварэнне і кінулася да жалезнага чалавечка. «Гаў! Гаў!» - паспрабавала схапіць таго за бок. Але зубы скрыгатнулі, каўзануліся, і тады Жучок (а гэта быў ён!) схапіў чалавечка за нагу: «Рр-р-р!» - і завішчаў, залямантаваў: «Ай-яй-яй!» Мо зубы паламаў?
- Пайшоў вон! - знайшоўся ў Вані голас.
- Пасёў вунь... Пасёў вунь... - паўтарыў чалавечак. І загаварыў выразна, нават без дрынчання: - Інфармацыю зразумеў... Прывітанне вам, жыхар Зямлі! - Па-нашаму загаварыў!
- Здароў, калі не хлусіш... - разгублена адказаў Ваня - акурат як любіў гаварыць дзед Гардзей. І спахапіўся, сказаў ужо больш ветліва: - Добры дзень вам! Дык вы... гэта... адту-у-уль? - паказаў пальцам угору. - Вы, значыць, не метэарыт?!
- Адтуль, з калязямной арбіты. Там наш карабель застаўся... А што гэта за звер сціскаў маю нагу зубамі? І што ён сказаў?
- Хэ, ды гэта Жучок наш, сабака. І сабакі не гавораць, а толькі брэшуць, - першы раз нясмела пасміхнуўся Ваня.
- У кожнага звера, птушкі - свая мова. Нават у раслін. Мой брацік Эрпід-два разумее іх, можа расшыфраваць. А я разумею іх толькі крыху, я наладжаны на другую праграму - вывучэнне людзей.
- Дык ты што - Эрпід-адзін? - зусім пасмялеў Ваня.
- Так. Гэтая назва скарочаная... Як гэта... Абрэвіятура! А поўнасцю - Электронны робат-паліглот ізаляванага дзеяння.
- Глот, глытаць - зразумела...
- Інфармацыю ўспрыняў няправільна. Паліглот - не на вашай мове. А значыць тое, што я ведаю ўсе мовы зямлян.
- Усе-ўсе?! Дудкі, такога не можа быць!
- Інфармацыю не зразумеў. Дудкі - музычныя інструменты. У спалучэнні са словамі «такога не можа быць» даюць няправільную інфармацыю. Адбой.
- Я хацеў сказаць, што ты хлусіш... Ну, сам даеш мне няправільную інфармацыю, - перайшоў на мову робата Ваня.
- Я не магу даць звыш таго, што ўтрымліваецца ў маёй электроннай памяці. А што ёсць - ісціна.
- А наш Лёня казаў, што ў Афрыцы і ў Індыі яшчэ і цяпер знаходзяць у джунглях такія плямёны, якія гавораць на зусім не зразумелых мовах.
- Пытанне: хто ёсць Лёня?
- Брат мой, у восьмым класе вучыцца. - Ваня супакойліва пагладзіў Жучка, бо той зноў хацеў наляцець на Эрпіда. Мо не ўпадабаў, як чалавечак вымаўляе імя Лёні?
- Інфармацыю зразумеў. Уяві свайго брата... Уявіў?
- Ага-а...
- Так... Так... Бачу і я яго. Але ж ён большы за цябе!
- Бо ён у восьмым класе, а я ў трэцім. А дарослыя людзі яшчэ большыя.
- Дык ты яшчэ дзіця? А я думаў, людзі такія, як ты.
- Ну-у... не зусім дзіця. Дзеці во такія... - Ваня пашоргаў рабром далоні ў сябе пад шыяй, а потым каля пупка. - А нараджаюцца вось такія... - развёў рукі на паўметра.
- А як тваё імя?
- Ваня.
- Расшыфруй скарачэнне.
- Ну... Іван, Іван Аляксеевіч Гардзей.
- У нас імя даюць не так. Адно кароткае і адно доўгае. Вось як маё - Эрпід, а расшыфроўваецца...
- Ты гаварыў ужо: Электронны робат-паліглот ізаляванага дзеяння.
- Усё гатова. Сеанс закончаны.
- Што гатова? Які сеанс?
- Я скончыў перадаваць твайму брату Лёню ўвесь слоўнікавы запас, які ёсць у маёй электроннай памяці. На ўсіх зямных мовах.
- За дзве хвіліны?! Бедны Лёня! Ён жа звар'яцець можа. У яго цяпер такая каша ў галаве!
- Не звар'яцее. У цэнтры памяці ў яго яшчэ засталіся незагружаныя семдзесят два мільярды чатырыста сорак чатыры мільёны шэсцьсот трыццаць тры тысячы дзвесце семдзесят дзве клеткі-нейроны. Рэзерв.
- Не веру! Нічому не веру! - горача ўсклікнуў Ваня, нават рукі ўскінуў угору. - Мы тут, а Лёня ў школе, як жа ты...
- Пытанне зразумеў. Я прасіў Ваню ўявіць у галаве брата Лёню. Ты ўявіў. Я зняў электраэнцэфалаграму твайго мозга і ўбачыў брата Лёню, вылічыў яго электрамагнітнае поле і праз гэтае поле ўздзейнічаў на мозг Лёні.
- Н-не разумею...
- На вашай мове навукі называюцца фізіка, хімія, вышэйшая матэматыка і яшчэ многа ўсякіх. Нічога такога ты яшчэ не вывучаў. Я цябе зараз падвучу, і ты ўсё зразумееш...
- Пачакай! Не рабі гэтага. А то ў мяне такі вэрхал будзе ў галаве! А мне яшчэ верш сёння вучыць трэба.
- Уяві сабе той верш. Зверху ўніз...
Ваня ўявіў старонку кнігі. Павёў у думках вачыма па радках.