- Ты ўжо ведаеш гэты прымітыўны тэкст на памяць.
- Ой... праўда! Магу хоць зараз расказаць.
- Не трэба. Я веру.
- Слухай, ну што ты за разведчык, калі ў цябе ні вачэй, ні вушэй няма, хадзіць нават добра не можаш? Адны лямпачкі бліскаюць...
- Пытанне зразумеў. Гэта бачыш? - Пласцінчатая ручка Эрпіда зварухнулася, кранула тое месца на тулаве, дзе быў пупок-акуляр, вельмі падобны на аб'ектыў фотаапарата. - Я цябе запісаў у дзесяці розных вымярэннях.
- Ужо?! А як гэта... Ты ж нічога не рабіў, толькі са мною размаўляў! - Ваня ўжо стаміўся здзіўляцца.
- Я магу размаўляць і рабіць некалькі спраў адначасова.
- А ў якіх... дзесяці вымярэннях?
- Прааналізаваў твой вонкавы выгляд - раз, адзенне - два, унутраную будову цела - тры, будову клетак, з якіх складаюцца органы, - чатыры, хімічны састаў цела - пяць, запісаў біятокі, электрамагнітныя палі, вызначыў даўжыню радыёхваль, якія выпраменьвае твой мозг, запісаў усё, што ўтрымлівае твая памяць, вызначыў узровень тваёй мысліцельна-аналізатарскай здольнасці... Я ўлавіў тваю думку. Хочаш папытаць: «А які я?»
- Аг-га... - разгубіўся зусім Ваня. Выходзіць, што пры гэтым Эрпідзе і падумаць нічога такога нельга - думкі чытае!
- Адказваю. Пытанне тваё недакладнае, таму адказ можа быць доўгі і шматзначны. Трэба вучыцца мысліць дакладна. Магу толькі сказаць, што на нашым караблі ўсе мае запісы здымуць, расшыфруюць.
- Дык што... дурань я ў параўнанні з табою?
- Не дурань, але выкарыстоўваеш свае разумовыя здольнасці толькі на адну тысячную долю. Калі ж хочаш ведаць хімічны састаў свайго цела, то загляні ў гэты акуляр...
Ваня асцярожна ступіў колькі крокаў да Эрпіда. Той усё яшчэ стаяў-вагаўся сярод палавінак шкарлупіны-панцыра. Ваня ўзяў адну палавінку і здзівіўся, што яна не вельмі цяжкая і ўся ў дробных дзірачках на зломе. Шпурнуў яе пад куст у адзін бок, узяў другую і кінуў за куст у другі бок. Апусціўся на калена каля жывата Эрпіда і прыпаў вокам да акуляра. Каб не кульнуць Эрпіда, прытрымліваў яго рукамі за бакі і чуў далонямі, што бакі цёплыя і штосьці бурчыць-журчыць у робата ў жываце, нібы ён наеўся морквы ці яблык.
Спачатку Ваня нічога не ўбачыў - цемра. Потым з'явілася зеленаватая падсвечаная палоска, папаўзла злева направа. На ёй пачалі выстройвацца ў даўжэзны рад нейкія агністыя значкі, лічбы, літары, формулы.
- Зразумеў? - спытаў Эрпід. Здалося, што голас яго, дасюль бясстрасны і хрыплаваты, прагучаў насмешліва і нават кпліва.
- Ну і ну... Ніколі не думаў, што ў маім жываце не мікробы, а ўсякія лічбы і формулы скачуць.
- Цяпер ты апрацоўвай і ўсвойвай атрыманую інфармацыю, а ў мяне пачынаецца сеанс сувязі з караблём. Уся энергія пойдзе на гэтую сувязь, таму я ад цябе адключаюся. Памаўчы і ты таксама, паэканом энергію.
Эрпід замігаў лямпачкамі. Здалося, што пачуліся сігналы «біп-біп-біп», вельмі падобныя на тыя, што некалі падаваў з неба першы савецкі спадарожнік Зямлі.
Ваня стомлена апусціўся на мох, прыгарнуў да сябе Жучка...
3
Пакуль у Эрпіда-адзін ідзе сеанс сувязі з караблём-спадарожнікам, зазірнём, што робіцца ў восьмым класе Бярозаўскай школы.
Яшчэ перад урокамі, як толькі Лёня аб'явіў пра метэарыт, пачаўся неверагодны шум. Хто верыў, а хто і не, але знайшліся яшчэ двое вучняў, якія пацвердзілі. Праўда, не самі яны бачылі, як падаў, а іх бацька ці маці. Многім адразу захацелася бегчы шукаць той метэарыт. Нехта крыкнуў, што самім шукаць нельга, ці мала што можа здарыцца, а трэба напісаць у Акадэмію навук у Маскву, няхай прышлюць сваіх людзей.
На першым уроку быў дыктант па роднай мове. Але ўсе былі такія ўзбуджаныя і няўважлівыя, так былі забіты метэарытам галовы, што нарабілі безліч памылак. Але самае дзіўнае адбылося на ўроку гісторыі. Настаўніца Святлана Андрэеўна выклікала Лёню да дошкі, на якой вісела карта, і папрасіла расказаць пра Барадзінскую бітву, пра барацьбу супраць французскіх захопнікаў у 1812 годзе. Лёня выйшаў і ўжо рот разявіў, каб пачаць гаварыць. І раптам абхапіў рукамі галаву, нібы яна ў яго моцна-моцна забалела, шырока расплюшчыў вочы. Твар яго то чырванеў і пакрываўся кроплямі поту, то бялеў і аж зелянеў. І хоць Лёневы вочы глядзелі на клас, ён нічога і нікога не бачыў, нічога не чуў.
- Што з табою, Гардзей? Ты захварэў? - некалькі разоў спытала Святлана Андрэеўна. Але нічога Лёня не адказаў, і настаўніца сказала: - Сядай, адпачні. Я цябе выклічу ў наступны раз.
І на гэтыя словы нічога не адказаў Лёня, з месца не сышоў.
Святлана Андрэеўна паказала крайнім ад акон вучням, каб шырэй паадчынялі фортачкі. Сама бачком, палахліва прайшла міма Лёні да дзвярэй, расчыніла іх у калідор. Хацела зрабіць скразняк, пусціць у клас больш кіслароду.