Выбрать главу

І вось Лёня паволі адняў рукі ад галавы, апусціў іх па швах. Адзін бок галавы ў яго быў сівы, амаль белы. За хвіліну пасівеў чалавек!

Потым Лёня прамармытаў абыякавым голасам: «Пытанне зразумеў». І пачаў адказваць урок на добрай французскай мове, і голас яго ўсё мацнеў і мацнеў, нібы чалавек набіраўся натхнення, нават замахаў рукамі. Святлана Андрэеўна спачатку разгубілася ад нечаканасці і незвычайнасці. Але добра, што некалі ў інстытуце вывучала французскую мову. Улавіла, што Лёня адказвае талкова, змястоўна, і паволі апусцілася на сваё месца каля стала. Утаропілася на яго здзіўленымі вачыма і ўжо больш не адвяла позірку да самага канца. Потым сказала: «Мерсі... Б'ен...», падзякавала, значыць, і папрасіла яго сесці на месца. Адзнакі ў журнал ніякай не паставіла, а прыціснула і журнал, і свае паперы да грудзей, пайшла, хістаючыся, да выхаду.

І толькі тады клас ахнуў, загаманіў. Усе кінуліся да Лёні. Хто пытаў, як гэта яму ўдалося вывучыць самому французскую мову, калі ў іх у класе праходзяць англійскую. Хто ад захаплення моцна ляпаў яму па плячы, нібы хацеў зламаць ключыцу. Дзяўчынкі збегалі да ўмывальніка, намачылі свае насоўкі і пачалі прыкладваць халодныя кампрэсы на Лёневы лоб, шчокі, цемя. Аднак ён ужо крыху ачомаўся ад усяго, што на яго звалілася, і стаў бараніцца: «Адчапіцеся!» Лёня быў яшчэ разгублены і вялы. І раптам на пытанні хлопцаў пачаў адказваць... па-японску! Ніхто, вядома, яго не разумеў, думалі, што ён проста крыўляецца, перакручвае абы-як словы. Толькі адна дзяўчынка, самая ўражлівая, жаласліва ківала галавою, гучна снякалася ў насоўку - плакала.

Рыпнулі, шырока расчыніліся дзверы. У клас зайшоў дырэктар школы, потым выкладчыца англійскай мовы Марыя Данілаўна. За імі праціснуліся разам Святлана Андрэеўна і прыбіральшчыца цётка Магда. Марыя Данілаўна і Лёня адразу пачалі гаварыць на англійскай мове так хутка, што ў класе іх ніхто не разумеў. А потым і ў Марыі Данілаўны папаўзлі бровы на лоб, бо Лёня перайшоў на афрыканскую мову суахілі, потым на мову паўднёвых кхмераў з Кампучыі - дзесьці ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі тая далёкая Кампучыя.

Пакуль Лёня так гаварыў, не слухаючы, што пытаюць у яго дырэктар і настаўніцы, цётка Магда супакойліва гладзіла Лёнева плячо і гаротліва ківала галавою: «Беднае дзіця... Во да чаго навука даводзіць... Гэта ж трэба так нагружаць дзяцей!»

Дырэктар асцярожна ўзяў Лёню пад адну руку, цётка Магда пад другую, і павялі з класа. Святлана Андрэеўна і Марыя Данілаўна пайшлі за імі следам, наставіўшы перад сабою рукі. Мо баяліся, каб Лёню не зрабілася зусім кепска і ён не кульнуўся назад.

4

Жучок нецярпліва павіскваў, перабіраў пярэднімі лапамі, Ваня пагладжваў яго, туліў да сябе: «Ціха... Супакойся!» Паглядваў на Эрпіда: ці скора ён перастане вадзіць у бакі антэнамі і загаворыць?

І раптам той загаварыў, але ціха, нібы сам сабе:

- На вашай мове гэта называецца бяда...

- Пра што ты?

- Эрпід-два не выйшаў на сувязь у вызначаны час. На мае сігналы таксама не адказвае.

- То, можа, дзе дуба даў.

- Інфармацыю не зразумеў. Дуб - дрэва. Як можа Эрпід-два даць дуба, калі ў яго няма нічога падобнага? І каму ён мог даць гэты дуб?

- Я хацеў сказаць, мо разбіўся пры пасадцы ці сапсавалася што.

- Не разбіўся. З карабля сачылі за ім, і першы сігнал ад яго дайшоў добра - прызямліўся ўдала. А потым нейкае незразумелае мармытанне, а не радыёсігналы, і ўсклік: «Наглядаю многа-многа дамоў, а не дрэў. Многа людзей». А гэта ж я павінен быў прызямліцца ў горадзе, а ён у лесе. Усё выйшла наадварот, задання можам не выканаць - не на тое запраграміраваны.

- Праўда што... Каша заварылася.

- Інфармацыю не зразумеў. У каго заварылася каша, дзе, з якіх круп?

- Гэта я хацеў сказаць: чорт ведае чаго нарабілася.

- Інфармацыя ўведзена няправільна. Чорт нічога не можа ведаць. Па тлумачальнаму слоўніку, гэта міфічная, казачная істота. Выдуманая.

- Вой, з табою гаварыць немагчыма. У мяне скора шарыкі за ролікі заскочаць ад такое гаворкі.

- Інфармацыя ўведзена няправільна. Шарыкі і ролікі, на вашай мове, - дэталі машын і механізмаў. У чалавека такога няма, ёсць клеткі. Яны бываюць рознай формы, рознага прызначэння. У кожнай свая будова мембран, сваё электрычнае поле.

- Гэтага мы яшчэ не праходзілі. Але даю табе слова: са мною не прападзеш. Я памагу табе выканаць заданне.

- Я цябе перадаў ужо ва ўсіх дзесяці вымярэннях. Але аднаго цябе мала. Патрабуюць яшчэ як мінімум двух дарослых - мужчыну і жанчыну.

- Хадзем да мяне дадому. Я пазнаёмлю цябе з мамаю і татам. А можа, і дзеда перадасі? Гардзей Гардзей, Двайны Гардзей... Ён любога за пояс заткне.