Выбрать главу

- Дзед - волат, велікан? Нашто яму затыкаць каго за пояс? Гэта гульня такая?

- Не велікан ён, а звычайны чалавек. Але ва ўсім свеце такога больш няма. У яго і ордэны, і медалі ёсць, ён партызанам быў, разведчыкам.

- Кандыдатура падыходзіць, можна і дзеда.

- Дык чаго мы ловім варон? Я цябе зараз... на плячо... вось так... - Ваня схапіў Эрпіда за бакі, хацеў прыпадняць і закінуць сабе на плячо. Але Эрпід быў такі цяжкі, што нават з месца не зварухнуўся. - Ог-го! Мо сто кіло...

- Дзевяноста дзевяць кіло і дзевяцьсот дзевяноста грамаў. Але я хачу сказаць, што мы варон не ловім і не будзем лавіць. Жывёльны і раслінны свет, глебу будзе даследаваць Эрпід-два. Мне даручана падтрымліваць з ім сувязь.

Эрпід замоўк, заміргаў жоўтаю і зялёнаю лямпачкамі, заварушыў вусамі. Ваня пачакаў крыху, потым паківаў галавою: «З гэтым Эрпідам жывот можна падарваць ад смеху». Пайшоў за елачку, куды кінуў адну палавінку панцыра. Пачаў разглядаць яе больш уважліва. Не гладкая яна была знутры, а нібы ад грэцкага арэха. Былі там і бугрынкі, і выемачкі, і перагародкі.

Наскуб зялёнага моху, прыкрыў, прыхаваў яе (пра другую палавінку зусім забыў). Потым гэтае ж самае зрабіў з партфелем. Задраў угору галаву, каб запомніць якія-небудзь своеасаблівыя прыкметы. І нічога такога не знайшоў. Тады нарваў доўгіх пляцёнак дзеразы, апавіў ёю бліжэйшую бярозу. Прыйдзе сюды пазней, адшукае панцыр, занясе ў школьны музей. Нават уявіў, як паложыць яго ў самым цэнтры пакоя на падстаўку, а на падстаўцы будзе таблічка з надпісам: «Касмічны аб'ект. Знойдзены Іванам Гардзеем каля вёскі Клінцы».

Вярнуўся да Эрпіда.

- Ну што, знайшоўся брацік?

- Знайшоўся. Я ўлавіў яго аварыйны сігнал, запеленгаваў каардынаты. Мой вывад: да карабля на арбіце яго сігнал не даходзіць таму, што ён не можа скіраваць антэну ў патрэбны бок.

- Што ж там у яго за ліха-бяда? Трэба ісці на выручку. А ты не можаш сказаць, колькі да яго кіламетраў?

- Трыццаць дзевяць кіламетраў і чатырыста пятнаццаць метраў. Курс - паўночны ўсход.

- Паўночны ўсход... Паўночны ўсход... - закруціўся Ваня, прыкідваючы. - Дык у тым жа баку Менск! А да яго пяцьдзесят чатыры кіламетры. Мы ўчора ездзілі туды ў перасоўны звярынец, дык шафёр казаў, што спідометр накруціў пяцьдзесят чатыры.

- Я назваў адлегласць правільна да сантыметра. Па курсу.

- Разумнік! А хто ж па курсу ходзіць ці ездзіць? Тут ведаеш якія лясы? Пар-ты-зан-скі-я!

- Інфармацыю не зразумеў.

- Я цябе з дзедам пазнаёмлю. Ён табе такога нарасказвае, чаго нідзе больш не пачуеш. Ты быў яшчэ дзе-небудзь, на другой планеце?

- Брацік Ваня... Я сканструяваны і зроблены спецыяльна для вывучэння Зямлі.

- А хоць бы і быў! Ні на якой іншай планеце такога не пачуеш. А як ваша планета называецца? На ёй таксама людзі ці хто?

- Я запраграміраваны для ўспрыняцця інфармацыі. Звестак пра нашу планету ў мяне запісана мала. Загадана траціць энергію толькі для вывучэння Зямлі і ўвесь час падлічваць, колькі яшчэ засталося энергіі. Трэба, каб хапіла на зваротны шлях.

- А мо ты не касмічны разведчык, а які заакіянскі шпіён?

- Пытанне не зразумеў. Адзначаю нізкія разумовыя здольнасці Вані.

- Не крыўдуй... Дык ты ўсё-такі паляціш назад на карабель? - Ваню раптам да слёз стала шкада расставацца з Эрпідам. - Ты ж казаў, што перадаў мяне на карабель. Ну дык і хопіць, а сам заставайся. Мы цябе вучням і настаўнікам пакажам, вучоным.

- Не магу. Па-першае, усяго, што я назбіраю, не хопіць энергіі перадаць. Па-другое, загад ёсць загад. Іван Аляксеевіч Гардзей, ты казаў, што ўчора быў у горадзе Менску...

- Не толькі я. Увесь клас, у звярынец ездзілі.

- Зразумеў, раблю вывады: збіў з курсу мяне ты. Я павінен быў прызямліцца ў горадзе і сустрэцца з табою там. А ты апынуўся тут, і мяне павярнула сюды.

- А чаму... са мною? Хіба мала ў горадзе людзей? Ці ўвогуле - на ўсёй зямлі.

- Электронна-вылічальныя машыны на борце карабля прапаноўвалі мільёны варыянтаў запісаў электрамагнітных палёў людзей. Я выбраў запіс электрамагнітнага поля твайго мозга.

- Кгы-км... - пракашляўся Ваня. Нібы маслам па сэрцы правёў Эрпід. «І чым я спадабаўся яму?» - падумаў.

- Пасля прызямлення я навёў цябе на сябе, - бясстрасным голасам апавядаў Эрпід. - Ты ішоў на мае пазыўныя.

- Яшчэ што выдумай! Ніякіх сігналаў я не чуў.

- І не мог чуць. Ты адчуваў іх. А цяпер пайшлі шукаць Эрпіда-два.

Чалавечак захістаўся. Знізу ў яго адкінуліся створкі, і выпусціліся, нібы колы з самалёта, невялікія, на пядзі паўтары, гусеніцы, расставіліся ў бакі шырэй за тулава.

- Х-хэ... - пагардліва хмыкнуў Ваня. - Тут на іх многа не наездзіш. Гэта табе не горад, не асфальт. На нашым робаце-лунаходзе не гусеніцы, а колы былі.