- Уперад! - упарта прахрыпеў Эрпід і зрушыў з месца ў паўночна-ўсходнім напрамку.
Жучок адразу натапырыў хіб, загырчаў і хацеў зноў наскочыць на яго. «Супакойся!» - даў Ваня яму пстрычку ў нос. Сабака пакрыўджана крутнуў галавою, фыркнуў і вырваўся з рук, знік у кустах.
Эрпід праехаў усяго метр ці паўтара і заблытаўся ў кусце.
- Ну, што я казаў? Давай задні ход і кіруй за мною... Даследчык, называецца! Без маёй дапамогі ты тут і двух крокаў не зробіш.
- Зраблю... - хрыпеў Эрпід, едучы за Ванем. - Мы адхіляемся ад курсу! Мы рухаемся ў процілеглы бок! - ныў ён.
- Дзед казаў: «Нацянькі пагубляеш дзянькі». - Ваня адграбаў з дарогі Эрпіда шышкі і каменьчыкі, адхіляў кусты, прытоптваў траву. - Хныкаеш, як маленькі... Я не магу цябе ўзяць на ручкі, ты не дзіця. Нам на гравійку трэба хутчэй - лавіць машыну. Эх, дасць мне заўтра пытлю Алег Максімавіч!
- Інфармацыю не зразумеў. На Зямлі што - і машын ловяць, як варон?
- Ды не, гэта так гаворыцца. Як вы там вывучалі зямныя мовы, што не можаце разумець такіх простых выразаў?
- Лавілі думкі людзей, расшыфроўвалі... Па слоўніку, які склала электронна-вылічальная машына, пыталь, пытляванка - гатунак мукі. З мукі выпякаюць хлеб і розныя іншыя вырабы. За што добры чалавек Алег Максімавіч дае вам муку?
- Якую муку?! Я хацеў сказаць - бярозавай кашы дасць... Ой, зноў ты не зразумееш. Ну, палаяць можа, бацькам паскардзіцца, а то і кол паставіць, калі не вывучу ўрока.
- Бярозавая каша... Кол паставіць... Першае - зразумеў, другое - растлумач.
- Ну, адзінку, двойку. Гэта ў нас адзнакі такія. Выклікае настаўнік адказваць урок і ставіць адзнакі. Хто якія заслужыў. А бывае, і несправядліва ставіць, незаслужана. І от, скажы ты, - па вачах пазнае, хто вывучыў, а хто не. Адразу і выводзіць на чыстую ваду.
- Інфармацыю не зразумеў. На чыстую ваду, на чыстую ваду...
- Гора мне з табою. Тры пуды солі трэба з'есці, каб пачаць разумець адзін аднаго.
- Інфармацыю не зразумеў. Соль якіх металаў маецца на ўвазе? Для чаго яе есці тры пуды, ці сорак восем кілаграмаў? Гэта што - лякарства? Яно прыбаўляе розуму?
- Ох, і зануда ты... - уздыхнуў Ваня. - Во, сцежку бачыш? Шуруй па ёй да дарогі, каб аж пыл курэў!
- Інфармацыю не зразумеў. Шуруюць вугаль у топцы, каб лепш гарэў. А пыл - найдрабнейшыя цвёрдыя часцінкі, якія ўзняліся з паверхні Зямлі або аселі на Зямлю ці прадметы. Курэць - слаба гарэць, тлець, вылучаючы многа дыму. Нашто нам падпальваць пыл? І ці будзе ён гарэць? Калі ён складаецца з неарганічных часцінак, то...
- Перастань, філосаф, у мяне цярпенне не жалезнае, - зазлаваў раптам Ваня. - Даганяй! - пабег па сцежцы ўперадзе Эрпіда. Хутка давялося прыпусціцца з усёй сілы, бо Эрпід развіў вялікую хуткасць.
Каля самага выхаду сцежкі на дарогу Эрпід спыніўся, міргнуў чырвоным носам-лямпачкаю.
- Ну, чаго ты? Давай сюды! - нецярпліва паманіў яго Ваня.
- Раблю вывад: ты незадаволены мною. Я хачу зрабіць табе прыемнае: адключыць таго нядобрага чалавека.
- Каго-о?!
- Таго, хто ставіць вам калы і выводзіць на чыстую ваду, дае пытлю і корміць бярозаваю кашаю - Алега Максімавіча. Уяві яго сабе...
- Уявіў, ну і што?
Эрпід не адказваў хвіліну.
- Усё. Гэты чалавек больш не будзе ставіць калы. - Эрпід асцярожна закруціўся, нібы выбіраў, як лепш з'ехаць на дарогу.
- Ты яго... ён памёр?! - Ваню зрабілася кепска.
- Я яго адключыў.
- ??!
Эрпід прачытаў страх на Ваневым твары.
- Не бойся. Алег Максімавіч ёсць, але яго няма.
- Як гэта? Што ты нарабіў, вар'ят?! - закрычаў Ваня абурана. - Які ж ён нядобры?!
Эрпід не паспеў нічога растлумачыць. Абодва згледзелі, як з лесу выскачыў на дарогу і памчаў да іх на ўсю моц Жучок. У зубах ён штосьці трымаў. І чым бліжэй падбягаў сабака, тым больш бялеў твар у Вані. Ён, здаецца, пазнаваў, што нёс Жучок.
У Клінцах хрыпла, нібы яго рэжуць, закрычаў Галабродзькаў певень...
5
Алег Максімавіч падыходзіў ужо да школы, як адчуў, што з яго галавою робіцца штосьці неверагоднае. Яна стала як не свая, у ёй загуло і зазвінела. Алег Максімавіч ураз забыў, чаго ён прыйшоў да школы і што гэта за будынак. Пакіраваў не на ганак, не ў дзверы, а міма.
Школа стаяла не пры самай вуліцы Бярозаўкі, а наводшыбе, за фізкультурнымі пляцоўкамі, паміж якімі да ганка вяла абсаджаная каштанамі і кустамі алея. Да школы ззаду, нібы ножкі літары «П», былі прыбудаваны дзве залы: злева - спартыўная, справа - актавая зала са сцэнай. За школаю справа цягнулася футбольнае поле, злева - сад і агарод. І Алег Максімавіч маршыраваў вакол будынка, прадзіраючыся скрозь кусты, топчучы пышныя астры на клумбах. За кожны рог і выступ школы ён паварочваў па ўсіх правілах ваеннай навукі, нават камандаваў сам сабе: «Нале...во-о! Раз, два!» Даходзіў да чарговага павароту, прыстаўляў нагу. «Раз-два! - і рэзка круціў убок. - З левай!» Правая рука рабіла рашучыя ўзмахі. Левая не махала, левая трымала цяжкі партфель з вучнёўскімі сшыткамі.