Выбрать главу

- Я вінаваты перад вамі! - казаў сваё Алег Максімавіч. - Я ўнучку вашу дарэмна пакрыўдзіў. Можна было і чацвёрку паставіць, а я паставіў тройку з плюсам! Я вінаваты, даруйце, больш так не буду рабіць! - Буйныя слёзы каціліся па твары настаўніка. - І ты, Лёня... Чуеш? Перадасі Ваню... Здольны ён хлопчык, надзвычай здольны. Але ўседлівасці малавата! Круціўся ён на ўроку, а я заўвагу яму ў дзённік запісаў. А можна было паўшчуваць, і ўсё! Даруйце, людзі!

Алег Максімавіч закрыў твар насоўкаю і зарыдаў, як дзіця.

6

- На, цю, на! - выставіў Ваня да Жучка руку. Але нічога не даў, а забраў у яго з зубоў шапку.

Так, гэта была звычайная старая кепка, шапка Двайнога Гардзея. Яе Ваня пазнаў бы з тысячы іншых. У яе ёсць ззаду прапалінка, нібы хто гарошынаю прастрэліў. Дзед заўсёды надзявае яе ў лес.

Ваня пакруціў шапку і сяк і так. Трывога ўсё больш забірала яго: як магло здарыцца, што дзед згубіў шапку? Ён жа не малы хлопчык, які можа загуляцца і забыць пра ўсё. Не можа быць і такога, каб выкінуў яе і хадзіў з непакрытаю галавою па лесе. Каб хацеў такое зрабіць, то даўно выкінуў бы. Ёсць жа дома і кепка новая і капялюш. Капялюш, праўда, надзявае ён рэдка, як і пінжак, цяжкі ад ордэнаў і медалёў. Найбольш тады, калі адбываецца сустрэча ветэранаў-партызан ці аднапалчан.

Што здарылася з дзедам? Мо яму зрабілася кепска, падвяло сэрца і ён знарок паслаў Жучка з шапкаю? Больш за семдзесят гадоў Двайному Гардзею - не жартачкі. Але ж дзед ніколі не скардзіўся на сэрца.

Эрпід моўчкі сачыў за Ванем, потым нібы чмыхнуў ці пракашляўся. Ваня нават не паверыў сваім вушам, паглядзеў на робата. Той бліскаў зялёнаю лямпачкаю, нібы падміргваў.

- Іван Аляксеевіч Гардзей, мы не рухаемся ўжо чатыры хвіліны і семнаццаць секунд.

- Дзед прапаў! З дзедам нешта здарылася!

- Ён не прапаў. Дзед шпарка рухаецца, у яго свой курс. Можна сказаць па-вашаму - бяжыць. І плача.

- Куды бяжыць?!

- Да свае запаветнае мары. Я прасвятліў яго памяць.

- Зноў ты ўмяшаўся, натварыў чорт ведае чаго. Без майго дазволу!

- Чорт не можа ведаць. Ведаю я.

- Запішы сабе на лбе! Зарубі на носе! Наматай на вус: без майго дазволу нічога на Зямлі не рабі! Ты не разумееш нашага жыцця, а ўмешваешся!

- Запішы на лбе... Інфармацыю не зразумеў. Па маіх звестках, людзі на лбе не пішуць, і я не буду. Бо не ведаю, для чаго гэта. Не буду рабіць зарубку на носе - няма ў мяне носа. У многіх афрыканскіх плямёнах робяць зарубкі на носе, на шчоках. Насы пратыкаюць, прасоўваюць упрыгожванні... Ты не сказаў таксама, што матаць на вус. Ніткі? Няма ў мяне нітак, і ў цябе няма, акрамя тых, што ў тканіне. Мае вусы - антэны. Калі ты хочаш узмацніць адчувальнасць маіх антэн, то трэба не ніткі матаць, а дрот. Як бачыш, інфармацыя твая няправільная, а таму бескарысная, нават шкодная.

- Разгаварыўся вельмі! Энергію эканоміць трэба!

- Я яшчэ не ўсё сказаў. На нашай планеце нічыйго дазволу не пытаюць, каб рабіць добрае адзін аднаму. Проста ўлоўліваем тое, што больш непакоіць чалавека, і памагаем.

- Аг-га, значыць, і ў вас людзі?!

- Людзі не людзі, а істоты вельмі разумныя.

- А чаго дзед плача?

- Хочацца, вось і плача. Ён ужо не бяжыць, а стаіць. І плача. І яму робіцца лягчэй ад плачу.

- Плача - значыць, бяда нейкая. Трэба бегчы на дапамогу! - Ваня закруціўся на месцы, як нядаўна Эрпід. Не ведаў, што рабіць: кінуцца спачатку да дзеда, выручаць з невядомай бяды? Ці хутчэй дабірацца да гравійкі, лавіць машыну? Эрпіда-два таксама трэба выручаць, гэта ўжо справа не мясцовага, а міжпланетнага значэння. Калі бегчы спачатку ўсё-такі да дзеда, то куды падзець Эрпіда-адзін? Па лесе прабірацца з ім адна пакута, а без робата дзеда не знойдзеш. Во задачкі, рашы паспрабуй!

У лесе раптам пачуліся галасы дзяцей, Ваня пазнаў нават дзяркаты і хрыплы, як у іхняга пеўня, голас Пеці Галабродзькі. Радуюцца, дурні: Алег Максімавіч захварэў, заняткі сарваліся.

- Атас! - закрычаў моцным шэптам Ваня.

- Інфармацыю не зразумеў. Слова з якое мовы, на якую мову мне пераналаджвацца?

- Хавацца, кажу, трэба! Пеця Галабродзька ідзе! Сюды лезь, у елкі! - Ваня першы ўшыўся паміж елачак і заціх.

- Хачу пазнаёміцца з Пецем Галабродзькам: можа, і яго перадам на карабель? - Эрпід пад'ехаў блізенька да Вані, а той кульнуў яго на бок, падкаціў пад лапкі.

- Ты што?! Ды ты ведаеш, які ён? На караблі падумаюць, што ўсе людзі такія. У яго клёпкі ў галаве не хапае!

- Інфармацыю не зразумеў. Клёпкі бываюць у бочках, цабэрках. У галаве чалавека, як паказваюць вымярэнні, клёпак няма. Сцверджанне тваё абсурднае: не можа чалавеку не хапаць таго, чаго ў яго ўвогуле не бывае і не патрэбна яму.