Джэк Лондан
Эскімосік Кіш
Гнеў Кіша
Маленькі эскімосік Кіш быў вельмі растаропным хлопчыкам, дужым і здаровым. Ён бачыў сонца трынаццаць разоў, бо ў тэй краіне сонца штогод зьнікае, і ўсё хаваецца ў цемру, а на другі год зноў прыходзіць сонца, каб людзі зноў маглі сагрэцца.
Бок, бацька Кіша, быў вельмі сьмелым чалавекам, але загінуў у час голаду, калі пашоў на паляваньне на белага мядзьзедзя; ён сваім жыцьцём выратаваў ад галоднай сьмерці ўсю сваю вёску. З гарачкі ў час змаганьня ён блізка падскочыў да мядзьведзя, схапіўся з ім і быў задушаны на-сьмерць; але і мядзьведзь усё-ж такі быў забіты. А з тае прычыны, што на мядзьведзі было шмат мяса, вяскоўцы выратаваліся ад галоднай сьмерці.
Кіш быў адзін сын у Бока і пасьля бацькавай сьмерці застаўся жыць з маткаю.
Людзі звычайна забываюцца аб усім, што здараецца з імі, і эскімосы скора забыліся аб сьмерці і адважным учынкі бапькі Кіша; а з тае прычыны, што Кіш быў яшчэ зусім малым, а матка яго — слабая жанчына, дык пра іх таксама забыліся, і ім прышлося пасяліцца ў самай беднай і лядаштай інгу[Хата, якая зроблена з сьнегу і лёў.].
Аднаго разу ўночы эскімосы сабраліся на сход у вялікай хаце Клош-Квана, правадыра племені, і тады Кіш даказаў ім усім, што ў жылах яго цячэ сьмелая кроў і што ён ужо больш не маленькі хлапчук. Ён, як сталы мужчына, устаў і пачаў спакойна чакаць, пакуль у хаце ня сьціхнуць.
— Праўда, што мне і маёй матцы даюць мяса, — сказаў ён, — але гэта мяса часта старое і, апроч таго, у ім вельмі шмат касьцей.
Усе паляўнічыя, як старыя і сівыя, так і маладыя і дужыя, былі зьдзіўлены. Яны ніколі яшчэ ня чулі, каб хлопчык разважаў як мужчына і гаварыў ім проста ў вочы такія крыўдныя словы.
Спакойна і сур’ёзна Кіш гаварыў далей.
— Я кажу гэта, бо ведаю, што бацька мой, Бок, быў вялікім паляўнічым. Кажуць, што ён адзін здабываў больш мяса, чым два другія паляўнічыя: што ён сам дзяліў гэта мяса, і што ён сам сачыў за тым, каб самая лядаштая бабулька і самы стары дзядуля атрымалі сваю долю.
— На-нан-на! — закрычалі мужчыны. — Праганеце гэтага хлапчука. Палажэце яго спаць. Ці-ж ён мужчына, што так гаворыць з пажылымі і старымі людзьмі?!
Але Кіш спакойна чакаў, пакуль заціхне шум.
— У цябе ёсьць жонка, Углук, — сказаў ен, — і ты гаворыш за яе. А ў цябе, Масук, ёсьць жонка і маці, і ты гаворыш за іх. У маёй маткі нікога няма апроч мяне, вось чаму гавару я. I вось, што я скажу вам: бацька мой, Бок, памёр таму, што быў вельмі ўжо гарачым чалавекам на паляваньні, і, на справядлівы лад, я, сын яго, і Айкіга, жонка яго і мая маці, павінны мець досыць яды, пакуль у вёсцы ёсьць мяса. Я, Кіш, сын Бока, сказаў гэта.
Ён сеў і ўважна прыслухоўваўся да таго, як на яго ўсе абураліся за такія словы.
— Каб такі хлапчук адважыўся гаварыць на сходзе! — мармытаў стары Углук.
— Няўжо такія дзеці будуць вучыць нас, мужчын? — грубым голасам пытаўся Масук.
Гнеў мужчын быў вельмі вялікі. Яны загадалі яму ісьці спаць, сказалі, што ён зусім не атрымае мяса, і прагражалі нават набіць яго за такую сьмеласьць.
Вочы Кіша заблішчалі, кроў загарэлася, і ён зноў ускочыў на ногі, абсыпаны гнеўнай лаянкай.
— Выслухайце мяне, усе вы! — крыкнуў ён. — Я ніколі больш ня буду гаварыць на сходзе датуль, пакуль людзі ня прыдуць да мяне і ня скажуць: «Добра будзе, Кіш, калі ты скажаш слова. Гавары, бо мы гэта хочам». Выслухайце-ж цяпер маё апошняе слова. Бок, бацька мой, быў вялікім паляўнічым. Я, сын яго, таксама пайду на паляваньне, каб здабываць сабе мяса. I ведайце ўсе вы, што здабыча мая будзе падзелена справядліва. І ніводнай удаве, ніводнаму слабаму ці хвораму ня прыдзецца паміраць ад голаду ў той час, як дужыя мужчыны будуць стагнаць ад болю ў жываце, таму што аб’еліся мясам… Прыдуць дні, калі сорамна будзе тым дужым, хто есьць вельмі многа. Я, Кіш, сказаў гэта.
Калі ён вышаў з хаты, услед за ім пасыпаліся пагардныя, насьмешлівыя крыкі, але ён моцна сьціснуў зубы і пашоў сваёй дарогай, не азіраючыся ні направа, ні налева.
На другі дзень ён пашоў уздоўж берагу, — туды, дзе зыходзіцца лёд з зямлёю. Тыя, хто бачыў яго, заўважылі, што ён нёс свой лук з вялікім запасам стрэл і што за плячыма ў яго была вялікая бацькаўская піга.
Гэта сталася прычынай сьмеху ў людзей і гаворкі, бо ніколі нічога падобнага не здаралася. Ніколі яшчэ хлапчук у такія гады не хадзіў на паляваньне, ды яшчэ адзін. Эскімосы маталі галовамі, робячы розныя здагадкі; кабеты з жалем пазіралі на матку Кіша, Айкігу, твар якой быў сур’ёзны і сумны.
— Ён скора вернецца, — казалі яны, каб супакоіць яе.
— Няхай ён сабе ідзе на паляваньне — гэта будзе для яго добрай навукай, — казалі паляўнічыя. — Ён зараз вернецца і стане спакойным, і гаворка яго будзе мяккаю да сьмерці яго.