Таемнасьць Кіша
Мінуў дзень, мінуў другі; на трэці наляцела страшная навальніца, а Кіш усё ня прыходзіў. Айкіга рвала на сабе валасы і вымазала свой твар нагарам ад цюленевай тлустасьці ў адзнаку жалобы. Жанчыны ўпікалі мужчынам за тое, што яны пакрыўдзілі малога і сталі прычынай яго сьмерці. Мужчыны нічога не адказвалі і зьбіраліся ісьці шукаць цела Кіша, як толькі сунімецца навальніца.
На наступны дзень, раніцай, Кіш прышоў у вёску. На плячох ён нёс цяжкі кавалак мядзьведзіны. У яго хадзе і ва ўсёй постаці адчувалася паважнасьць, гаворка яго была сталай і сур’ёзнай.
— Возьмеце сабак і сані і ідзеце па маіх сьлядох, — сказаў ён. — Там, на лёдзе, шмат мяса— зэ. біта мядзьведзіца і двое вялікіх мядзьведзяў.
Айкіга, матка, была вельмі рада, але Кіш, як сталы мужчына, сказаў толькі:
— Хадзем, Айкіга, будзем есьці. А потым я лягу спаць, бо я вельмі змарыўся.
І ён увайшоў у інгу і ўсмак пад’еў, а потым спаў аж цэлых дваццаць гадзін.
Такому здарэньню спачатку ніхто ня верыў. Паляваць на белага мядзьведзя вельмі цяжка і страшна, а забіць мядзьведзіцу з дзецьмі—гэта ўжо штосьці нячуванае для Кіша. Людзям ніяк не хацелася паверыць, што хлапчук Кіш, ды яшчэ адзін, без усялякай дапамогі, забіў такую мядзьведзіцу.
Нарэшце, паляўнічыя рушылі ў дарогу, мармычучы, што ён, напэўна, не расьсек тушы забітых мядзьведзяй. На далёкай поўначы гэта звычайна робіцца ўсьлед-жа, як толькі забіваюць зьвера, бо мяса зьмярзаецца і потым ніякімі нажамі яго не парэжаш, а ўзваліць на сані і цягнуць па лёдзе мёрзлую мядзьведжую тушу, вагою пудоў на восемдзесят, таксама нялёгкая справа.
Прышоўшы на месца, паляўнічыя ўбачылі ня толькі забітых зьвяроў, але і гаспадарлівую руплівасьць: Кіш, як сталы паляўнічы, выняў вантробы.
З гэтага дня ўсе загаварылі аб таемнасьці Кіша, і таемнасьць гэта з кожным днём станавілася ўсё больш незразумелай.
У другі раз ён забіў рослага маладога мядзьведзя, а ў трэці—вялікага старога мядзьведзя і мядзьведзіцу.
Ён звычайна ішоў на тры — чатыры дні, але здарылася і так, што ён цэлы тыдзень вандраваў па лёдавай цаліне. Ён адмаўляўся браць з сабою каго-небудзь, і ад гэтага людзі яшчэ больш дзівіліся.
— Як ён гэта робіць? — пыталіся яны адзін у другога. — Ён ніколі не бярэ з сабою нават сабакі, а сабака можа шмат дапамагчы.
У вёсцы пачалі гутарыць аб чарах Кіша.
— Яму памагаюць злыя духі,—казалі некаторыя, — і праз гэта яму гак шанцуе.
— А можа гэта ня злыя, а добрыя духі,—казалі другія. — Хто ведае?
А Кішу сапраўды шанцавала, і менш спрытныя паляўнічыя толькі тое і рабілі, што вазілі ў вёску яго здабычу.
Дзялілася здабыча заўсёды справядліва. Таксама, як і яго бацька, ён сачыў за тым, каб самая старэнькая бабулька і самы стары дзед атрымлівалі-б роўную з усімі долю, і пакідаў сабе ня больш чым даваў іншым. Дзякуючы ўсяму гэтаму, людзі паважалі яго і пачалі ўжо гаварыць аб тым, каб зрабіць яго правадыром пасьля старага Клош-Квана. Успамінаючы аб усім, што ён зрабіў, людзі чакалі, што ён зноў прыдзе на сход, але ён ня прыходзіў, а ім сорамна было паклікаць яго.
— Я парашыў пабудаваць сабе інгу, — сказаў ён аднойчы Клош-Квану і яшчэ некалькім паляўнічым. — Яна павінна быць вялікай і раскошнай, каб мне і маёй матцы, Айкізе, добра было жыць у ёй.
— Праўда кажаш, — згаджаліся эскімосы, ківаючы галовамі.
— Але ў мяне няма часу. Мая справа — паляваньне, і на гэта я трачу ўвесь свой час. Будзе справядлівым, калі мужчыны і жанчыны, на якіх траціцца мая здабыча, пабудуюць для мяне інгу.
Інгу была збудавана нават раскашнейшая ілепшая за Клош-Кванаву. Кіш і яго матка перабраліся туды, і Айкіга ўпяршыню пачала жыць у багацьці і гонары з таго часу, як памер яе муж…
Але эскімосы ўсё-ж вельмі цікавіліся таемнасьцю Кіша, а аднойчы Углук перад усімі абвінаваціў яго ў чараўніцтве.
— Цябе абвінавачваюць, — злосным голасам загаварыў Углук, — ты маеш сувязь з злымі духамі, і таму табе заўсёды шанцуе.
— Хіба мяса дрэннае? — адказаў на гэта Кіш. — I хіба хто-небудзь у вёсцы захварэў ад таго, што зьеў мяса. Адкуль ты ведаеш, што гэта чараўніцтва? Ці, можа, ты толькі так думаеш таму, што цябе зьядае зайздрасьць?
Углук змоўк, яму стала сорамна, і калі ён адступіўся ад Кіша, жанчыны пасьмяяліся з яго. Але праз некаторы час, на сходзе, пасьля доўгіх спрэчак, парашылі паслаць за ім усьлед шпіёнаў, калі ён зноў пойдзе на паляваньне, і так даведацца пра спосабы яго паляваньня.