Узнік на аснове фразеалагізма хапацца абедзвюма рукамі за што (гл.) у выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента. Ужываючыся пры іншых дзеясловах-суправаджальніках, рэалізуе прыслоўнае значэнне.
Муж аб’еўся груш. Уласна бел. Незаконны, не аформлены юрыдычна або які знік, прапаў. — Яна што? Замуж выйшла? — Якое там замуж… Муж аб ’еўся груш (Л. Арабей. Іскры ў папялішчы).
Ужываецца толькі пры слове муж як іранічна-ацэначны, камічны, смехатлівы дадатак да гэтага назоўніка, з якім звязаны рыфмай як сродкам спайкі і зліцця абедзвюх частак у непадзельны і марфалагічна нязменны комплекс. Выкарыстоўваецца і з нарашчэннем і лопнуў: «— У мяне муж ёсць… — Быў у цябе муж, ды аб’еўся груш і лопнуў, — зласліва пажартавала Агата» (Р. Сабаленка).
Абіванне парогаў. Агульны для ўсходнесл. м. Настойлівы зварот з просьбамі да каго-н. Відаць, сноўданне ды абіванне парогаў у пошуках лёгкага хлеба збіла яму [Івану] рогі (А. Васілевіч. Шляхі-дарогі).
Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага абіваць парогі чые, каму, каго, чаго (гл.).
Абіваць (паабіваць) парогі чые, каму, каго, чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Настойліва хадзіць куды-н., просячы, дамагаючыся чаго-н. Месяцамі калясіў Мікалай у пошуках заробку па пыльных дарогах чужога краю, абіваў парогі розных кантор (В. Праскураў. Аповесць пра шчасце).
Утвораны шляхам пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое абазначае ‘частай хадой стоптваць парогі, шкодзіць іх паверхню’.
Абкласці чырвонымі сцяжкамі каго. Уласна бел. Стварыць крайне неспрыяльныя ўмовы для чыёй-н. жыццядзейнасці. Атрымліваецца, што рэдактара газеты абклалі чырвонымі сцяжкамі (Нар. воля. 7.05.2002).
Склаўся ў выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, звязанага з аблавай на ваўкоў. Параўн. у апавяданні В. Карамазава «Час ваўкоў»: «Ваўкі ішлі ўздоўж чырвоных, нібы плямы крыві на белым снезе, сцяжкоў, а мы з Петраком стаялі ў крузе, у загоне, і добра бачылі, як прыгожа яны ішлі. Нас шэрыя пачулі даўно, можа, як толькі мы тут з’явіліся, чулі, як абносілі іх лес сцяжкамі».
Абкручваць вакол пальца каго. Гл. абводзіць (абкручваць) вакол пальца каго.
Абліванне граззю <каго>. Агульны для ўсходнесл. м. Несправядлівае абвінавачванне, незаслужанае зневажэнне. Масей Сяднёў як мага стараўся быць нейтральным да бакоў што змагаліся між сабой, не займаўся паклёпніцтвам і абліваннем граззю свайго непрыяцеля (ЛіМ. 3.09.1999).
Сфармаваўся ўнутрыфразеалагічным спосабам на базе суадноснага дзеяслоўнага выразу абліваць граззю (каго, што) і адрозніваецца ад яго семантыкай, катэгарыяльным значэннем прадметнасці, марфалагічнымі формамі і сінтаксічнай роляй.
Аблудная авечка. Гл. заблудная (блудная, аблудная) авечка.
Абмазаць дзёгцем каго, што. Гл. мазаць (абмазаць, вымазаць) дзёгцем каго, што.
Абняць неабдымнае. Гл. абдымаць (абняць) неабдымнае.
Абое рабое. Агульны для бел. і ўкр. (обое рябое) м. Адны не лепшыя за другіх, адзін не лепшы за другога. Раздушыце інквізітараў — усё адно, папоў ці ксяндзоў. Абое рабое (УКараткевіч. Каласы пад сярпом тваім).
Выраз з’яўляецца фрагментам рыфмаванага выслоўя Абое рабое, паеў воўк абое, у якім першапачаткова меліся на ўвазе, відаць, маладыя істоты. Форма абое рабое замест чаканага абое рабыя выклікана патрабаваннем рыфмы. Існаванне фразеалагізма ў сучасных бел. і ўкр. м. падтрымліваецца тым, што ў абедзвюх мовах паралельна з абодва (мужч. і н. р.) і абедзве (ж. р.) ёсць зборны лічэбнік абое, які звычайна ўжываецца, калі гаворыцца адначасова пра асоб і мужчынскага, і жаночага полу. Параўн. у руск. м.: оба, обе. У старабеларускай мове лічэбнік абое меў родавыя адрозненні: обои — мужч., обоя — ж., обое — н. роду.
Абразаць (абрэзаць) крылы (крылле) каму, у каго. Калька з франц. м. (соuрег lеs аіlеs á qn). Пазбаўляць магчымасцей дзейнічаць, ажыццяўляць што-н. Ну, вядома, шляхта, у якой абразаюць крылы, не з намі, ды яна нам і не патрэбна (Я. Нёманскі. Маці).