Абяцанка-цацанка. Агульны для бел. і польск. (оbіесапка сасапка) м. Ненадзейнае ці нездзяйсняльнае абяцанне. — А пра зямлю, пра дзяленне — нічога? Дзяліць калі? — Перадзялілі ўжо! — Гаварылі, дурылі!.. Абяцанка-цацанка!.. (І. Мележ. Людзі на балоце).
Паходзіць з прыказкі Абяцанка-цацанка, а дурню радасць. Скарачэнне прыказкі адлюстроўвае адзін з жывых працэсаў і часткова вытлумачваецца стылістычным недагаворваннем, тактычным замоўчваннем. Параўн.: «— Я ж пісаў табе… і ў апошнім пісьме таксама. — Ці мала каму хто і пра што піша… Абяцанкі-цацанкі, а… — але яна не сказала „дурню“, падабрала замест гэтага слова непгга іншае, як ёй здавалася, бяскрыўднае, — а некаму радасць» (І. Чыгрынаў). Слова цацанка, неўжывальнае па-за прыказкай і фразеалагізмам, — суфіксальнае ўтварэнне ад назоўніка цаца, выкліканае патрабаваннем рыфмы з першым кампанентам.
Аддзяляць, адлучаць авец ад козлішч. Запазыч. з царк. — слав. м. Добрае ад дрэннага, карыснае ад шкоднага. [Змітрук: ]Дараваць неўміручасць бюракрату, дармаеду, злодзею, бандыту — хіба вы дзеля іх здзяйснялі свой подзвіг? [Дабрыян: ] А хто будзе аддзяляць авец ад козлішч? [Змітрук: ] Няхай самі людзі назавуць вартых неўміручасці (К. Крапіва. Брама неўміручасці).
Паходзіць з Евангелля (Матфей, 25, 31–33): «I збяруцца перад ім усе народы: і аддзеліць адных ад другіх, як пастыр аддзяляе авец ад козлішч».
Авохці мне! Уласна бел. Ужыв. як выказванне здзіўлення, задавальнення, спачування і інш. Авохці мне! Што ж гэта будзе? Што ён да старога мае? (Б. Вольскі. Цудоўная дудка). Уведзены ў літаратурную мову з беларускіх паўночна-ўсходніх гаворак аўтарам паэмы «Тарас на Парнасе»: «Авохці мне! Як там прыгожа!» У драматычных творах XVIII ст. (інтэрмедыях) выкарыстоўваліся варыянты выразу — охці ме, ахці мне, ахці мне ж. Параўн. у некаторых творах савецкага часу: «Вохці мне!.. Я ўжо і з ліку збіўся» (В. Каваль).
Сэнсаўтваральным цэнтрам фразеалагізма з’яўляецца першы кампанент, дакладней, яго частка — выклічнік вох. Другі слоўны элемент — займеннікавая форма мне — выступае як семантычна пусты кампанент у функцыі ўзмацняльнай часціцы (што нярэдка назіраецца ў гутарковым стылі, дзе мне можа ўжывацца для выражэння прыкрасці, злосці, пагрозы, асабістай зацікаўленасці; напрыклад, у паэме Я. Коласа «Новая зямля»: «Спыняе бацька грозна сына: — Але вучыцца мне без дуру, а не — як з гада спушчу скуру!»). Першы кампанент узнік лексіка-сінтаксічным спосабаму выніку аглюцінацыі, зрашчэння трох слоў у адно: узмацняльнай часціцы а, выклічніка вох і былога асабовага займенніка ў форме давальнага скл. адз. л. — ці, які, ужываючыся без націску, мог прымыкаць да папярэдняга слова (параўн. у руск. мове: не ахти — з ах+ти).
Агарод (гарод) гарадзіць. Агульны для ўсходнесл. (руск. огород городить, укр. город городити) м. Задумваць, распачынаць справу, з якой многа клопату. Цяпер, калі за справу ўзяўся Рыгор і камсамольская ячэйка, не бачыць Грамабою гэтай зямлі. А калі так, дзеля чаго і агарод гарадзіць? (К. Крапіва. Мядзведзічы).
Вобразна-пераноснае, іншасказальнае значэнне ў фразеалагізме ўзнікла, як мяркуе М. М. Шанскі, на аснове свабоднага словазлучэння агарод гарадзіць, дзе першае слова абазначала ‘агароджа’, другое — ‘будаваць’ і абодва паходзяць ад слова горад. Даўнейшае значэнне словазлучэння агарод гарадзіць — ‘рабіць абароннае збудаванне з зямлі і бярвення’.
Агнём і мячом. Калька з грэч. м. 3 бязлітаснай лютасцю, гвалтоўна. Агнём і мячом хочуць вынішчыць яны [фашысцкія заваёўнікі] усіх непакорных, устанавіць уладу палкі і штыка (У. Дамашэвіч. Партызанская слава).
Першапачаткова ў старажытных грэчаскіх медыкаў выраз асацыіраваўся са сродкам залечвання, «знішчэння» ран выразаннем іх і прыпяканнем у адпаведнасці з формулай славутага Гіпакрата: «Чаго не можа вылечыць жалеза (меч, нож), тое вылечваецца агнём». Выраз пераасэнсаваўся і стаў абазначаць ‘бязлітасна, жорстка’, калі гаварылася пра знішчэнне ўжо не ран, а ўсяго жывога і нежывога на тэрыторыі праціўніка.
Агульнае месца. Калька з франц. м. (lіеu сотmun). Збіты выраз, агульнавядомая, неарыгінальная думка. Пералік «музычных» назваў, якія давалі сваім творам беларускія паэты (Багушэвіч, Цётка, Купала), стаў ужо агульным месцам нашага літаратуразнаўства (Р. Бярозкін. Свет Купалы).