Адданне чэсці. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. отдание чести, укр. віддання честі). Вітанне каго-н. па-ваеннаму, з прыкладаннем рукі да галаўнога ўбору. І заўважаецца адразу тут іншы край… парадак, дысцыпліна, лад, адданне чэсці… (Я. Колас. На шляхах волі).
Назоўнікавы фразеалагізм, утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага аддаць чэсць (каму).
Аддаць богу душу. Гл. богу душу аддаць.
Аддаць канцы. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі: 1) адвязаць канаты, трос або ланцуг, калі судна адыходзіць ад прычала ў плаванне, 2) уцячы, 3) памерці. — Клыпу ўгору! — кажа боцман, свідруе пальцаму столь, а тады перакладае. — Падняць якар. Шпурняй вяроўкі! Аддаць канцы! (Г. Пашкоў. Палескія вандроўнікі). Будзьце здаровы, цётка Зося, я аддаю канцы (М. Ваданосаў. Пераломнае лета). Прымі сына. Канае мой Васька. Калі не выхадзіш — канцы аддасць (В. Карамазаў. Пушча).
Выраз сваім першым значэннем прыйшоў у літаратурны ўжытак з прафесійнага маўлення маракоў, дзе замест афіцыйнага аддаць швартовы кажуць і аддаць канцы (швартовы і канцы — ‘канаты’). Другое значэнне (‘уцячы’) развілося на аснове першага (адчаліць — пайсці — з’ехаць…); параўн.: «Зрэшты, была і яшчэ важная прычына аддаць канцы, кажучы марской тэрміналогіяй, — нясцерпны сум па Каці» (А. Асіпенка). Трэцяе значэнне склалася не на аснове сэнсавай сувязі з марскім тэрмінам (яе няма), а ў выніку каламбурнага выкарыстання двух значэнняў слова канцы, падмены значэння ‘канаты’ значэннем ‘смерць’ (параўн., напрыклад, у Р. Мурашкі: От толькі не пусці, дык канцы табе будуць!). У гэтым пераасэнсаванні, відаць, адбілася традыцыйная ацэнка мора як пастаяннай небяспекі для жыцця: Хто па моры не плаваў, той бяды не ведаў; Чакай гора з мора, бяды ад вады; Хораша мора — з берага.
Аддаць сэрца каму. Гл. аддаваць (аддаць) сэрца каму.
Ад дошкі да дошкі. Агульны для ўсходнесл. м. Ад пачатку да канца, нічога не прапускаючы (чытаць, прачытаць і пад.). Жураўскі праглядаў толькі апошнія старонкі: спорт, фельетоны, здарэнні… Валовік і Сініцын чыталі ўсё, як кажуць, ад дошкі да дошкі (М. Герчык. Вяртанне да сябе).
Утвораны метанімічным шляхам ад свабоднага словазлучэння, звязанага з даўнейшым спосабам пераплятання кніг: іх вокладкі рабіліся з дошак, абцягнутых скурай або тканінай. У «Зборніку беларускіх прыказак» І. І. Насовіча выраз фіксуецца ў форме ад дошкі да дошкі, а ў сярэдзіне ні крошкі і тлумачыцца як ‘насмешка з хлопчыкаў, якія хваляцца ўменнем чытаць’.
Адзін бок медаля. Уласна бел. Знешняя, відавочная частка якой-н. справы. Прэміі, званні, ордэны, кнігі, слава! Гэта адзін бок, як кажуць, медаля. На другім жа — праца, барацьба (Б. Сачанка. Не на той вуліцы).
Антанімічнае ўтварэнне на аснове фразеалагізма адваротны (другі) бок мёдаля (гл.).
Адзін канец. Агульны для бел. і руск. м. Ужыв. як выказванне роспачнай рашучасці са значэннем ‘няма выбару, кепскі зыход непазбежны’. Там [у Картуз-Бярозе] ужо ўсё роўна не было чаго губляць чалавеку, хоць зракайся, хоць прызнавайся — усё роўна адзін канец (М. Машара. I прыйдзе час…).
Сэнсаўтваральным тут выступае кампанент канец, які асацыіруецца са словамі пагібель, смерць.
Ад зямлі не адрос. Уласна бел. (параўн.: руск. от земли не видать, укр. від землі не видно, чэшск. u zemё аnі vіdёt, польск. lеdwіе оdrosl оd ziеmі). Вельмі нізкага росту, малы. — А што, паночку, бачылі? — кінуў услед Даніку Палуян. — I шапкі скінуць не хоча! Ад зямлі яшчэ не адрос, а ўжо, глядзіце, бальшавік!.. (Я. Брыль. Сірочы хлеб).
Узнік праз супастаўленне з раслінай, засноўваецца на літоце (знарочыстым прымяншэнні).
Ад коркі да коркі. Запазыч. з руск. м. Цалкам, поўнасцю, нічога не прапускаючы (чытаць, прачытаць, вывучыць і пад.). Прачытаў ад коркі да коркі і зараз шкадую: чаму паспяшаўся (М. Лужанін. Руплівай душы камуніст).
Узнікненне фразеалагізма звязана з даўнейшым спосабам пераплятання кніг: іх вокладкі рабіліся з дошак, абцягнутых скурай або тканінай. Таму першапачаткова прачытаць ад коркі да коркі абазначала ‘прачытаць ад вокладкі да вокладкі’.
Адкрываць (адкрыць) Амерыку. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘знаходзіць, выяўляць што-н. зусім новае, невядомае’ і ‘гаварыць, аб’яўляць пра даўно ўсім вядомае’. Не адкрыю Амерыку, калі скажу, што для нармальнага, гарманічнага развіцгрі школьніка патрабуецца мінімум пяць гадзін заняткаў фізічнай культурай у тыдзень (Настаўн. Газ. 6.01.1988). —Каб жа ты ведаў, колькі там нашага брата, працоўнага бедняка! — Безумоўна, больш і значна больш, як розных паноў і падпанкаў. Амерыку адкрыў. Думаеш, я не ведаю? (М. Машара. Ішоў дваццаты год).