Выбрать главу

Адным махам семярых забіяхам. Паўкалька з руск. м. (одним (единым) махом семерых убивахом). Меркаваць пра каго- ці што-н. зусім аднолькава, не ўлічваючы індывідуальных асаблівасцей. Нельга на адзін аршын мераць — «адным махам семярых забіяхам», — і ўсіх рэдактараў, якіяў большасці таксама пісьменнікі, ды і ўсіх пісьменнікаў… (Б. Сачанка. Ведаць мінулае, заглядваць у будучыню).

Лічаць, што выраз склаўся пад уплывам спалучэння адным ударам семярых з казкі братоў Грым «Храбры кравец» (1814), дзе кравец адным махам забівае сем мух. Магчыма, выраз узнік у асяроддзі семінарыстаў, якія для рыфмоўкі скарысталі старажытную форму 1-й асобы мн. л. забіяхам (мы забіваем). Выраз фіксуецца ў беларускіх крыніцах, праўда, у крыху іншай форме: адным махам сем сот душ забіяхам (І. Насовіч); адным махам сто забівахам (М. Федароўскі); адным махам сем мух забіяхам (Ф. Янкоўскі).

Адным мірам мазаны. Агульны для ўсходнесл. м. Вельмі падобныя адзін на аднаго ў якіх-н. адносінах, з аднолькавымі недахопамі. — Адным мірам мазаны, — нібы ўгадаўшы Петрусёвы думкі, заўважыла бабка Саклюта, — што гультай, што лодар, тое самае і прагульшчык (А. Кулакоўскі. Першы малюнак).

У складзе фразеалагізма ёсць цяпер ужо забытае царкоўнае слова міра, якое абазначала духмяны алей для хрысціянскага абраду памазання. У час хрышчэння, перад смерцю, пры каранацыі цароў і ў некаторых іншых выпадках рабілі крыжападобнае мазанне мірам.

<Адны> скура ды косці засталіся на кім, у каго, ад каго. Агульны для ўсходнесл. м. Хто-н. вельмі схуднеў. Ніхто не пазнаваў яго — скура ды косці засталіся на хлопцы (В. Праскураў. Зялёная рапсодыя).

Склаўся ў выніку пашырэння кампанентнага складу фразеалагізма <адна> скура ды косці (Гл.), атрымаўшы структуру двухсастаўнага сказа, іншую спалучальнасць са словамі кантэксту і адпаведна іншы сэнс.

Ад печы (ад печкі). Агульны для ўсходнесл. м. 3 самага простага, з самага пачатку (пачынаць рабіць што-н.). [Навіцкі:] Дзяніс Іванавіч, давайце не будзем забягаць наперад, а пачнём, як кажуць, ад печы. [Размысловіч: ] Разумею, Георгій Максімавіч… Можна і ад печы, так сказаць (А. Петрашкевіч. Трывога).

Утвораны на аснове фразеалагізма танцаваць ад печы (ад печкі) (Гл.) у выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента. Адарваўшыся ад кампанента танцавацьу выраз стаў спалучацца з іншымі дзеясловамі поўнага лексічнага значэння (найчасцей з дзеясловам пачынаць).

Адплаціць той жа манетай каму. Гл. плаціць (адплаціць) той жа манетай каму.

Адправіцца (пайсці, паехаць) да Абрама на піва. Агульны для бел. і польск. (роjесhаć dо Аbrаhата nа ріwо) м. Памерці. — Лёгка, Сцяпанавіч, выдумляць, калі я цудам не адправіўся да Абрама на піва. — Шчыгол пахмурна звёў бровы (А. Масарэнка. Баргузікскае лета).

Узнік па мадэлі з ужо існуючым, сэнсава тоесным фразеалагізмам адправіцца на той свет. Абрам — біблейскі персанаж, якога пасля яго смерці Бог за пакорлівасць і адданасць узяў у нябеснае царства. Адправіцца да Абрама — першапачаткова ‘адправіцца на той свет, туды, дзе знаходзіцца Абрам’. А на піва — дасціпны жартоўны дадатак, які (паводле М. А. Даніловіча) каламбурна накладвае на імя біблейскага персанажа іншае, тоеснае, пашыранае ў мінулыя стагоддзі сярод яурэйскага насельніцтва Польшчы і Беларусі імя Абрам (як гаспадар карчмы, куды заходзілі і «на піва»).

Адпраўляць (адправіць) у Магілёўскую губерню каго. Агульны для бел. і руск м. Забіваць, знішчаць. Невядома, што чакае наперадзе. Можа, шампалоў усыплюць, а могуць і расстраляць. Завядуць у цёмны двор, паставяць да сцяны і адправяць у Магілёўскую губерню (Л. Дайнека. Запомні сябе маладым).

Утварыўся пад уплывам і на ўзор фразеалагізма адправіць на той свет (каго). Спалучэнне ў Магілёўскую губерню — каламбурнага характару: тут прыметнікавы кампанент выклікае асацыяцыю са словам магіла (‘смерць, пагібель’). Выраз мог узнікнуць пасля 1772 г., калі паводле ўказа Кацярыны II на ўсходнебеларускіх землях, далучаных да Расіі, была ўтворана Магілёўская губерня.