Адпраўляць (адправіць) у штаб Духоніна каго. Устар. Запазыч. з руск. м. Расстрэльваць. [Следчы: ] Раскажыце, хто вас зацягнуў у гэтае балота? За гэта сурова караць вас не будуць, дадуць гады тры, і ўсё. А інакш вас могуць у штаб Духоніна адправіць. Зразумелі? (П. Пруднікаў. Яжовыя рукавіцы).
Генерал Духонін узначальваў у 1917 г. Вярхоўнае Галоўнакамандаванне рускай арміі і 20 лістапада 1917 г. на магілёўскім вакзале стаў адной з першых ахвяраў бальшавіцкага тэрору. Выраз склаўся ў сувязі з гэтай падзеяй і быў асабліва хадавым у гады грамадзянскай вайны і пасля. Жахлівае забойства Духоніна паказана ў рамане М. Зарэцкага «Сцежкі-дарожкі».
Адпускаць (адпусціць) гайкі. Уласна бел. Паслабляць патрабаванні, рабіць іх менш строгімі. — Горай, думаеш, не будзе? — Горай быць не можа, — сказаў граф. — Хаця б таму, што кожнае новае цараванне спачатку на некалькі год адпускае гайкі, зарабляе сабе добрае імя (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім).
Антанімічнае ўтварэнне на аснове фразеалагізма закручваць гайкі каму (Гл.).
Адпусціць лейцы. Гл. папускаць (папусціць; адпускаць, адпусціць) лейцы.
Адрабляць шарварку. Гл. шарварку адрабляць.
Ад рукі пісаць, маляваць і пад. Агульны для ўсходнесл. і польск. (оd ręкі) м. Ручным спосабам. Перад адыходам напісалі ад рукі ўсім салдатам ліст, у якім тлумачылі, чаму пакідаюць фронт, і звалі другіх зрабіць гэтаксама (П. Галавач. Дзве сцежкі).
Лічаць, што выраз стаў ужывацца пасля таго, як быў вынайдзены друкарскі станок і пачалося кнігадрукаванне. Перш чым што-небудзь надрукаваць, пісалася ад рукі.
Адрэзаная луста (скібка, кавалак). Агульны для ўсходнесл. м. (руск. отрезанный ломоть, укр. відрізана скиба). Абазначае ‘чалавек, аддзелены ад сям’і’ і ‘чалавек, які парваў сувязь з чымсьці прывычным’. У Кліма Пятручыка шасцёра дзяцей. Трое старэйшых — Іван, Алена і Каця — ад першае жонкі. Гэта ўжо адрэзаныя скібкі: у кожнага свая сям'я, свой клопат, па іх галава не баліць (П. Місько. Ціхае лета). Для яе не дачка — сыны аказаліся адрэзанымі кавалкамі (І. Шамякін. Гандлярка і паэт).
Выток фразеалагізма — прыказка Адрэзанае лусты не прылепіш, якая першапачаткова ўжывалася, калі гаворка ішла пра аддадзеную замуж дачку.
Адстаўной казы барабаншчык. Запазыч. з руск. м. Чалавек, з якім не лічацца, які займае невысокае становішча. Што і казаць, сын — маладзец, а сам ён, Паўлюк Лапатка? Хто ён такі? Аніхто. Прышый кабыле хвост. Адстаўной казы барабаншчык… Саўгасны пенсіянер (М. Гіль. Пяць нарзанных ваннаў).
У аснове фразеалагізма ляжыць даўнейшы звычай. У кірмашовыя дні выводзілі напаказ «вучонага» мядзведзя, а таксама прыбранага «пад казу» хлопчыка-танцора. Іх суправаджаў барабаншчык, звычайна адстаўны салдат, які барабанным боем заклікаў гледачоў і прыцягваў іх увагу да асноўных «акцёраў»: мядзведзя і «казы». Роля барабаншчыка ў гэтай працэсіі была самая сціплая і незайздросная. У руск. м. выраз склаўся на ўзор спалучэнняў тыпу отставной гвардии поручик, таму першы кампанент фразеалагізма дапасуецца не да другога, а да трэцяга (отставной барабанщик). У беларускую ж мову выраз перайшоў механічна і стаў ужывацца без уліку яго сапраўднага этымалагічнага вобраза (адстаўной казы барабаншчык замест адстаўны казы барабаншчык).
Ад усяго сэрца. Калька з ням. м. (von ganzem Негzen; параўн. у французаў: dе tout mon соеur — «ад майго сэрца»; у палякаў: z саłедо seгса — «з усяго сэрца»). З усёй шчырасцю. Хоць быў я яшчэ малы, але спачуваў рэвалюцыйным выступленням ад усяго сэрца (М. Гарэцкі. Віленскія камунары).
Сэнсаўтваральным кампанентам фразеалагізма з’яўляецца слова сэрца як ‘сімвал пачуццяў, чуласці, настрою чалавека’. У бел. м. займеннікавы кампанент усяго часта выступае як факультатыўны элемент «Ты мне, як сын бацьку, скажы, ад сэрца скажы, як рабіць» (П. Галавач).
Адчуванне локця. Гл. пачуццё (адчуванне) локця.
Ад шчырага сэрца. Агульны для бел., укр. (від щирого серця) і польск. (ze szczerego serca) м. Вельмі шчыра, чыстасардэчна, адкрыта Я табе зычу гэтага ад шчырага сэрца… (М. Зарэцкі. Вязьмо).
Утвораны на мадэлі ад усяго сэрца, ад чыстага сэрца з выкарыстаннем граматычнай структуры і двух кампанентаў (ад, сэрца).