Ад’яда душы (сэрца). Уласна бел. Назойлівы, надакучлівы чалавек. Сціхні ты, ад’яда сэрца! I без цябе млосна (В. Каваленка. Падвышанае неба).
Утвораны на аснове суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма ад’ядаць душу (сэрца) каму.
Ад яйка (ад яйца) адліць. Уласна бел. Неверагодна лоўка ўкрасці, прысвоіць нават тады, калі гэта здаецца немагчымым. Ніхто ў сям’і не разумее, чаму спалохаўся Варывончык. Той Варывончык, пра якога гаварылі, што ад яйка адалье… (М. Ермакоў. Жыўцы).
У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.
Пачынаць (пачаць) ад яйца. Калька з лац. м. (аb ovo). 3 самага пачатку. Я раскажу табе якую-небудзь займальную гісторыю… Напрыклад?.. Напрыклад, калі пачынаць ад яйца, паслухай, кім я марыў стаць у дзяцінстве (У. Арлоў. Я марыў стаць шпіёнам).
Ab ovo — частка рымскай ідыёмы аb оvо usque аd mаlа са значэннем ‘ад пачатку да канца’. Літаральны ж пераклад ідыёмы — «ад яйца да фруктаў» (у Старажытным Рыме абед пачынаўся з яец і канчаўся фруктамі). Упершыню выраз аb оvо ў пераносным сэнсе выкарыстаў Гарацый (68 — 8 гг. да н. э.) у сваім славутым творы «Навука паэзіі» (Аrs роеtiса).
<Аж> у роце чорна ў каго. Агульны для бел. і ўкр. (аж у роті чорно) м. Хто-н. вельмі злы, люты (пра чалавека). —А сама ж яна [Алена Секачыха] — малатарня! — Злосная ўрэдзіна, аж у роце чорна, — удакладняе Цімох (Я. Брыль. Ніжнія Байдуны).
Выток фразеалагізма — народная прымета: калі ў шчаняці паднябенне і верхняя частка языка чорныя, то будзе, як падрасце, злы сабака. Параўн. у апавяданні Л. Калюгі «Тахвілін швагер»: «Юстап… яшчэ ўзяў шчанюка на рукі, к лямпе паднёс, расшчапіў яму шчэлепні і прызнаў: — Чорна ў роце — ліхі будзе».
Акунёў вудзіць (лавіць). Агульны для бел. і ўкр. (окунів ловити) м. Драмаць седзячы. —Як гэта? — падняўся з месца пасівелы старшыня прафкома, які да гэтага часу непрыкметна акунёў вудзіў. Нават цяпер ён пазяхаўу далонь (В. Зайцаў. Персанальная справа).
Гэты фразеалагізм пры супастаўленні яго з адпаведным свабодным словазлучэннем не ўспрымаецца як жывая разгорнутая метафара, не выклікае суадносных уяўленняў аб рыбнай лоўлі. Таму, відаць, можна згадзіцца з меркаваннем В. М. Макіенкі, які лічыць, што этымалагічнай асновай фразеалагізма стаў дзеяслоў, блізкі гучаннем да слова акунь: укр. куняти (‘драмаць’) і з тым жа значэннем серб. — харв. Куньати, руск. дыял. кунять. Выраз сфарміраваўся шляхам каламбурнага расшчаплення гэтага дзеяслова і яго перараскладання ў фразеалагізм.
Акунуцца з галавой у што. Агульны для ўсходнесл. м. (руск. окунуться с головой, укр. заглибитися з головою). Поўнасцю прысвяціць сябе, аддацца чаму-н. Работа ў сельсавеце была цікавай. Я з галавой акунуўся ў новае для мяне, дарослае жыццё (У. Шахавец. Па сцежках памяці).
Утвораны шляхам метафарызацыі адпаведнага словазлучэння, якое абазначае ‘усім целам, з галавой апусціцца ў ваду’.
Акцыі падаюць чые, каго. Паўкалька з франц. м. (sеs асtіоns bаіssеnt). Чые-н. шансы на поспехі ці значэнне, уплыў каго-н. зніжаюцца. Даўно не было сакрэту: калі Барушка ветлівы, фінціць, чакай добрага. Размінуўся, не заўважыў — значыць, акцыі твае падаюць (У. Карпаў. Сотая маладосць).
Узнік у выніку метафарызацыі састаўнога тэрміна, звязанага з камерцыяй. Акцыя — цэнная папера, якая сведчыць аб удзеле яе ўладальніка ў акцыянерным таварыстве. Курс (цана) акцый падае, калі зніжаецца прыбытак прадпрыемства.
Акцыі паднімаюцца (павышаюцца) чые, каго. Паўкалька з франц. м. (sеs асtіons mоntеnt). Чые-н. шансы на поспехі ці значэнне, уплыў каго-н. Узрастаюць. —Ніколі нічыйго хлеба мы не елі, —закапыліў нос Ластоўскі. Яго акцыі паднімаліся (І. Гурскі. Вецер веку).
Утвораны ў выніку метафарызацыі састаўнога тэрміна, звязанага з камерцыяй. Калі акцыянернае таварыства мае значныя поспехі, то курс (цана) яго акцый паднімаецца, павялічваецца попыт на гэтыя цэнныя паперы.
Алах ведае. Агульны для ўсходнесл. м. Абазначае ‘невядома’, можа Ужывацца з кампанентам адзін. Як ён там, небарака, выкручваецца — адзін алах ведае (К. Губарэвіч. Брэсцкі мір).
Утварыўся на базе сінанімічнага яму выразу бог ведае. Алах — Імя Бога ў мусульман.
Альма-матэр. Запазыч. з лац. м. (аlmа mаtеr, літаральна «карміцелька-маці»). Вышэйшая навучальная ўстанова (асабліва універсітэт). Калі ж універсітэт зноў пачаў навучанне, сенат звярнуўся да студэнтаў палякаў з заклікам бараніць сваю альма матэр… (ЛіМ. 16.07.1976).