Узнік у студэнцкім асяроддзі часоў сярэднявечча як вобразная назва універсітэта. Фразеалагізм ужыв. і з захаваннем лац. напісання: «У Кракаве памятаюць бурныя дыскусіі ў залах старой ягелонаўскай alma mater на пачатку трыццатых гадоў…» (Я. Брыль).
Альфа і амега чаго. Запазыч. з царк. — слав. м. Самае галоўнае, сутнасць чагосьці. Уся сіла каўпакоўцаў, можна сказаць, альфа і амега іх стратэгіі і тактыкі, заключалася ў няспынным руху — усё наперад і наперад! (У. Краўчанка. Апавяданне пра смелае сэрца).
Фразеалагізм неаднаразова сустракаецца ў біблейскіх тэкстах, напрыклад (Апакаліпсіс, 1.8): «Я есмь альфа і амега…». Узнік як спалучэнне назваў першай і апошняй літар грэч. алфавіта.
Антонаў агонь. Недакладная кальказ франц. м. (feu Saint-Аntoinе, літаральна «агонь святога Антона»). Гангрэна, заражэнне крыві. Пакуль давезлі — быў у цябе ўжо антонаў агонь. Скура вакол раны стала плямамі (У. Караткевіч. Каласы пад сярпом тваім).
У сярэдневяковай Заходняй Еўропе існавала павер’е, што вылечыць гэту хваробу можна мошчамі «святога Антонія» — хрысціянскага аскета Антонія Фіўскага (III–IV стст.), які, раздаўшы сваё багацце жабракам, пайшоў у Егіпецкую пустыню і жывіўся там травамі і карэннем. Знахары, спрабуючы «зняць антонаў агонь» з хворага, звычайна мелі пры сабе ікону Антонія.
Апалоскваць (апаласкаць; паласкаць, папаласкаць) косці (костачкі) чые, каго. Уласна бел. Ужыв. са значэннямі ‘займацца плёткамі, абгаворваць каго-н.’ і ‘асуджаць чые-н. недахопы’. Людзі добрыя! Апалосквае чужыя косці ды яшчэ чаго вяжашся! (К. Чорны. Зямля). [У Рыгора] іншых думак поўна. Бадай што і цяпер вось, калі тутака паломчам яго костачкі, ён там дэманструе з бастуючымі рабочымі (Ц. Гартны. Сокі цаліны).
Склаўся на аснове ўсходнесл. фразеалагізма перамываць костачкі (чые, каго, каму) (гл.), узнікненне якога звязана з абрадам паўторнага пахавання. Перамываючы костачкі нябожчыка, трэба было, як даўней лічылі, вызваліць грэшніка ад закляцця, калі ён не паспеў перад смерцю раскаяцца, бо такі грэшнік-нябожчык нібыта выходзіў у выглядзе вампіра ці пярэваратня з магілы і смактаў кроў з жывых.
Апошні акт. Гл. пяты (апошні) акт.
Апошні з магікан. Паўкалька з англ. м. (thе lаst оf the Моhісапs). Прадстаўнік якога-н. тыпу, што знікае. Мы тут — «апошнія з магікан»: усё яшчэ самі пячом хлеб. На лісці. Дубовым і кляновым (І. Шамякін. Непрыгожая).
Выраз з аднайменнага рамана (1826) Ф. Купера. Магікане — вымерлае племя паўночнаамерыканскіх індзейцаў. У рамане расказваецца пра цяжкую долю апошняга прадстаўніка гэтага племя, вынішчанага еўрапейскімі каланізатарамі.
Апошняя ў папа жонка. Уласна бел. (у слоўніках іншых моў не фіксуецца). Ужыв. як рэакцыя суразмоўніка ка слова апошні. Не, не апошні. —Занясі маю сукенку ў камісійны. Чорт яе бяры, нажывём пасля. — Тады ўжо лепш свой касцюм занясу… — Апошні свой? — Апошняя ў папа жонка. А чым благі на мне? (В. Мыслівец. Задняпроўцы).
Досціп фразеалагізма ў тым, што ў папа сапраўды жонка заўсёды першая і апошняя: папу забаронена жаніцца другі раз. У зборніках І. Насовіча і Е. Раманава падаецца з некалькі звужаным тлумачэннем: ‘кажуць жартаўліва, калі хто гаворыць, што ў яго патрабуюць апошняй рэчы’, ‘суцяшэнне пры страце’.
Апускаць галаву. Гл. вешаць (апускаць) галаву.
Араць дарогі(-у). Уласна бел. Гаварыць ці рабіць якое-н. глупства. — Тукі, тукі, гаспада, — асіпла перабівала яе такая ж нізенькая і кучаравая, што авечка, гандлярка. Ганчар перавёў здзіўлены позірк з адной на другую. — Іч, падлы, дарогу аруць! (В. Коўтун. Крыж міласэрнасці).
Відаць, з прыказкі Каб свінні рогі, арала б дарогі.
Архіпелаг ГУЛАГ. Запазыч. з руск. м. Канцэнтрацыйныя лагеры ў перыяд сталінскага таталітарызму. Малады паэт атрымаў дзесяць гадоў зняволення, быў адпраўлены ў найжорсткую пашчу архіпелага ГУЛАГа, адкуль змог выбавіцца толькі ў пяцідзесятых гадах, у час «хрушчоўскай адлігі» (А. Лойка. 3 лагерных вершаў).
Паходзіць ад назвы трохтомнай кнігі (1958–1979) А. Салжаніцына. У кнізе (яна мае падзагаловак «Спроба мастацкага даследавания») расказваецца пра турэмную і лагерную сістэму ў Савецкім Саюзе з 1918 па 1956 г., пра следства, суды, этапы, ссылку і «душэўныя змяненні за арыштанцкія гады». Аўтар размяжоўвае ў кнізе напісанні: «ГУЛАГ для абазначэння лагернай краіны, Архіпелага; ГУЛаг — для абазначэння Галоўнага ўпраўлення лагераў і яго апарата».