Выбрать главу

Склаўся на аснове свабоднага словазлучэння, звязанага з паводзінамі сабакі, які пры гарачыні ці стамляльным бегу высалоплівае язык.

Высмоктваць (высмактаць) з пальца што. Відаць, калька з ням. м. (sісh аus dеn Fіngеrn sаugеn). Гаварыць, сцвярджаць што-н. без належных падстаў; выдумваць. [Моцкін: ] А што вы думаеце? Гэту лічбу я з пальца высмактаў? У мяне ёсць квітанцыі (А. Макаёнак. Выбачайце, калі ласка).

У аснове фразеалагізма — нерэальны вобраз.

Высокай пробы. Агульны для ўсходнесл. м. Ужываецца са значэннем ‘выключнай вартасці, якасці, дасканаласці’, калі характарызуюць асобу ці прадмет. Драма «Партызаны» — дасканалая па мастацкай форме. Мастацтва, майстэрства тут такой высокай пробы, што яго як быццам не заўважаеш (І. Навуменка. З прастораў жыцця).

Узнік у выніку пераасэнсавання свабоднага словазлучэння, якое бытуе ў асяроддзі ювеліраў; у іх золата ці серабро як матэрыял для вырабу розных рэчаў можа быць самай высокай, высокай або нізкай пробы, што залежыць ад долі высакароднага металу ў сплаве. На колькасць частак гэтага металу ў сплаве паказвае кляймо, якое ставіцца на залатых, сярэбраных і плацінавых вырабах і таксама называецца пробай.

Выстаўляць дулю (фігу, кукіш) каму. Гл. паказваць (выстаўляць) дулю (фігу, кукіш).

Высцебаць самога сябе. Паўкалька з руск. м. (высечь самого себя). Выявіць свае дзеянні, слабасці, недахопы і тым самым нашкодзіць сабе. [Наталля: ] Што гэта? Выклік? Я і прыняць магу. [Лютынскі:] Прымі, калі ласка! Высцебай сама сябе. Адной унтэр-афіцэрскай удавой больш будзе (К. Крапіва. Канец дружбы).

Пераасэнсаваны крылаты выраз з камедыі М. В. Гогаля «Рэвізор», дзе гараднічы гаворыць Хлестакову, прыняўшы яго за рэвізора: «Унтэр-афіцэрша нахлусіла вам, быццам бы я яе высцебаў; яна лжэ, дальбог, ілжэ. Яна сама сябе высцебала».

Выхад з-пад пяра. Агульны для ўсходнесл. м. Напісанне, стварэнне кім-н. (літаратурнага твора). Масаваму чытачу, мабыць, і не сніўся такі дарунак… Амаль праз трыццаць гадоў пасля выхаду з-пад пяра твор [ «Сказ пра Лысую гару»] выйшаў у свет (В. Жуковіч. «Быў час, быў век, была эпоха…»).

Утвораны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выходзіць з-пад пяра каго, чыйго, які абазначае ‘быць напісаным кім-н.’.

Выхад са строю чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Псаванне, паломка чаго-н. Мы ведалі, што пры любой аварыі ці ў выпадку выхаду са строю якой-небудзь адной машыны калона доўга не затрымлівалася б (М. Лынькоў. За акіянам).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выбываць (выходзіць) са строю (гл.), адно са значэнняў якога — ‘пераставаць дзейнічаць, станавіцца непрыгодным, ламацца, псавацца’.

Выхад у свет чаго. Агульны для ўсходнесл. м. Друкаванне, апублікаванне (кнігі, брашуры і пад.). Ніна заказала Карбюзье задоўга да выхаду кнігі ў свет (І. Шамякін. Атланты і карыятыды).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выходзіць у свет, які абазначае ‘быць апублікаваным (пра кнігу, брашуру і пад.)’.

Выходзіць (выйсці) на арбіту. Агульны для ўсходнесл. м. Станавіцца прыметным, вядомым, дабівацца больш высокага становішча ў жыцці. Мікалай Васільевіч сказаў яму пра цябе, што ты ініцыятыўны і з галавой таварыш… Так што ты, браце, выходзіш на арбіту… (Л. Гаўрылкін. Каця).

Паходзіць з тэрміналагічнага словазлучэння, якое з прамым значэннем выкарыстоўваецца ў галіне касманаўтыкі.

Выходзіць (выйсці) у тыраж. Агульны для ўсходнесл. м. Ужыв. са значэннямі ‘становячыся непрыгодным да чаго-н., канчаць ранейшую дзейнасць’ і ‘старэць, станавіцца непрыгодным для выкарыстання’. [Ульяна Феакцістаўна] бачылаў Іване Сцяпанавічу як не ідэал партыйнага кіраўніка… І вось ён, яе кумір, раптам выйшаў у тыраж (В. Якавенка. Акно на плошчу). Змены правапісу звязаны са значнай затратай дзяржаўных сродкаў: у тыраж выходзіць вялікая колькасць кніжнай прадукцыі (у першую чаргу школьныя падручнікі), і гэту прадукцыю трэба друкаваць нанава (К. Крапіва. Пытанні беларускага правапісу).

Склаўся ў выніку пераасэнсавання аднайменнага састаўнога тэрміна, які ўжываецца ў галіне фінансаў, дзе тыраж абазначае ‘пагашэнне аблігацый і іншых каштоўных папер установай, якая іх выпусціла’.