Выбрать главу

Выходзіць са строю. Гл. выбываць (выбыць; выходзіць, выйсці) са строю.

Выцягнуць гізунты з каго. Гл. цягнуць (выцягнуць) гізунты з каго.

Выцягнуць жылы з каго. Гл. цягнуць (выцягнуць) жылы з каго.

Выцягнуць ногі. Гл. ногі выцягнуць.

Выяда душы. Уласна бел. Назойлівы, надакучлівы чалавек. І зноў, як там, у кабінеце, Зімаўцу захацелася турнуць ад сябе выяду душы (В. Карамазаў. Пушча).

Вытворны ад суадноснага дзеяслоўнага фразеалагізма выядаць душу каму ‘моцна хваляваць каго-н., дакучаючы чым-н. непрыемным’.

Вяртацца (вярнуцца) у строй. Агульны для ўсходнесл. м. Набываць працаздольнасць ці баяздольнасць. Далей [Алесь] павінен сам паклапаціцца пра сябе. Уласна кажучы, клопат у яго адзін — хутчэй вярнуцца ў строй, знайсці сваё месца ў вайне з фашызмам (І. Шамякін. Гандлярка і паэт).

Узнік у выніку пераасэнсавання тэрміналагічнага словазлучэння, якое ўжываецца ў маўленні ваенных, дзе слова строй абазначае ‘воіны, пастроеныя радамі’ і ‘састаў дзеючай арміі’.

Вясельны генерал. Паўкалька з руск. м. (свадебный генерал). Вядомая, важная асоба, запрошаная на якую-н. імпрэзу з мэтай надаць значнасць гэтай падзеі. Пытанне пра падбор гасцей таксама адпадае: Любан — дырыжор, Вольфсан і Ляўкоў — на ролях вясельных генералаў (Г. Колас. «Жыву пад аховай…»).

Склаўся на аснове апавядання А. П. Чэхава «Вяселле з генералам» (1884), дзе апісваецца пашыраны ў асяроддзі купецтва і мяшчанства звычай запрашаць, наймаць генерала на вяселле, ды яшчэ абавязкова ардэнаносца: «Страшэнна ім хочацца, каб на вяселлі генерал! Тысячу рублёў не трэба, а толькі пасадзі за іх стол генерала!»

Вясёлая міна пры дрэннай гульні. Гл. добрая (вясёлая) міна пры дрэннай гульні.

Г

Гавары з чортам пацеры! Уласна бел. Выказванне абурэння, незадавальнення тым, з кім немагчыма весці размову, ніяк нельга дамовіцца. — Ніхто вам зайздросціць не стане. — Вось і гавары з чортам пацеры! Відаць, не ўсім вялікім пад святымі сядзець (А. Махнач. На паляванні).

Пацеры — малітва, тэкст, які гавораць вернікі, калі звяртаюцца да Бога. У вобразнай аснове фразеалагізма як бы супрацьпастаўляюцца Бог (праз пацеры) і чорт; з гэтага вынікае зыходны сэнс: немагчыма гаварыць з чортам тое, што яму проціпаказана.

Гаворыць сам(-а, — о, — і) за сябе. Калька з лац. м. (rеs ірsа рег sе vосіfегаtur; літаральна «справа гаворыць сама за сябе»). Выразна сведчыць пра што-н., не патрабуючы іншых пацвярджэнняў. Ужо адзін факт, што Саід мае тры аўтамашыны, гаворыць сам за сябе (А. Мяснікоў. Рэаліі Арабскіх Эміратаў).

Тут дзеяслоўны кампанент — сэнсаўтваральны, суадносны са значэннем ’сведчыць аб чым-н., паказваць на што-н.’.

Гадаваць змяю на сваіх грудзях. Гл. змяю гадаваць на сваіх грудзях.

Гадзіна (змяя) падкалодная. Агульны для бел. і руск. (змея подколодная) м. Агідны, шкодны, каварны чалавек, які дзейнічае спадцішка. Адцураўся сын, выракся… Гэта Альжбета так яго навучыла, змяя падкалодная… Гэта ж трэба — прыедзе, а да бацькі і воч не пакажа… (М. Гіль. На заходзе сонца).

Узнік у выніку супастаўлення каварнага чалавека з гадзінай (змяёй), што хаваецца пад калодай і джаліць спадцішка.

Гадзіны(-а) пік. Калька з франц. (hеurеs dе роіntе) ці паўкалька з англ. (реаk hоurs) м. Час найвышэйшага напружання ў рабоце транспарту, прадпрыемства і пад. У магазіне было цесна і душна, як у тралейбусе ў гадзіну пік (А. Крыга. Паўночны фарватэр).

Гад печаны. Уласна бел. Агідны, шкодны чалавек. Гэтак жа нацярпеліся ад таго гада печанага, дык ва ўсіх языкі паразвязаліся: усё яму прыгадалі, за ўсё аддзячылі (Р. Сабаленка. Іду ў жыццё).

Узнік у выніку «разгортвання слова ў фразеалагізм» (В. М. Макіенка). Выраз абазначае тое самае, што і слова гад у сваім другім, пераносным сэнсе (‘вылюдак’), але адрозніваецца павышанай экспрэсіўнасцю, бо «нарошчаны» кампанент-прыметнік лагічна можа спалучацца са словам гад толькі ў яго зыходным значэнні ‘змяя, гадзюка’. Пры ўзнікненні фразеалагізма адбылася адначасовая каламбурная рэалізацыя двух значэнняў, накладанне на прамое значэнне ‘змяя’ пераноснага з далейшым далучэннем экспрэсіўнага дадатку. Параўн. ужыванне слова гад і фразеалагізма гад печаны ў наступным урыўку: «Я гэтага гада ведаю… Ён строіў з сябе такога пільнага, адданага, што другога такога, як ён, пашукаць трэба было… А сам, гад печаны, вунь куды меціў. У фюрэры» (Р. Сабаленка). Або: «Ох, гад жа я, гад печаны. Як толькі хапала ў мяне дзёрзкасці сказаць табе кепскае слова і падняць на цябе руку!» (Я. Колас).