Трэці спосаб, таксама малапрадуктыўны, — фразеалагічна-лексічны. Сутнасць яго заключаецца ў тым, што фразеалагізм утвараецца на базе асобнага слова, у выніку «разгортвання слова ў фразеалагізм» (В. М. Макіенка). Так склаліся, напрыклад, такія выразы генетычна каламбурнага характару: гад печаны, гарадзіць плот, дулю з макам, заводзіцца з паўабароту, малоць не падсяваючы, плесці лапці, цягнуць рызіну. Гэтыя фразеалагізмы пры супастаўленні іх з адпаведнымі свабоднымі словазлучэннямі не ўспрымаюцца як метафарычныя ўтварэнні. Яны ўзніклі ў выніку адначасовай рэалізацыі двух значэнняў аднаго са слоў-кампанентаў і яго каламбурнага дапаўнення другім словам (гл. пра гэта больш падрабязна, напрыклад, у слоўнікавым артыкуле варона загуменная).
Сэнсаўтваральны кампанент маюць і такія фразеалагізмы, як адзін канец, быць, трымацца, стаяць і пад. на роўнай назе з кім, чортава гібель каго, чаго, чорт лысы.
Сярод выразаў, утвораных фразеалагічна-лексічным спосабам, можна асобна вылучыць невялікую групу фразеалагізмаў, у якіх «кожны кампанент паасобку семантычна суадносіцца (але не супадае!) з перыферыйнымі значэннямі аднайменных слоў свабоднага ўжывання»[7]. Гэта фразеалагізмы з аналітычным значэннем: благім матам, браць верх, знаходзіць агульную мову з кім, падаць духам, падымаць голас, стаяць на сваім і інш.
Агульнае, што аб’ядноўвае фразеалагізмы, утвораныя любым з трох названых спосабаў,—гэта іх узнікненне на аснове адзінак іншых моўных узроўняў — словазлучэння, сказа, слова. Разам з тым у мове ёсць нямала выразаў, якія ўзніклі на базе ўнутраных фразеалагічных рэсурсаў, склаліся на аснове ўжо існуючых фразеалагічных адзінак. У такім разе можна і трэба асобна гаварыць пра ўнутрыфразеалагічную дэрывацьно і яе шматлікія разнастайныя працэсы ўтварэння новых фразеалагізмаў.
1. Мадэліраванне фразеалагізмаў, г. зн. стварэнне новых выразаў па гатовай мадэлі — на ўзор тых, якія ўжо ёсць у мове. Звычайна пры мадэліраванні выкарыстоўваецца структура фразеалагізма-папярэдніка і адзін яго кампанент, другі ж замяняецца іншым словам. Гл., напрыклад, пра ўзнікненне такім чынам наступных фразеалагізмаў: ад а да я, біць у званы, звязваць канцы з канцамі, з другіх вуснаў, капціць свет, на ўсіх парах, ні а ні бэ, пад шафэ, пажынаць плады.
2. Фразеалагічная кантамінацыя, або зліццё, аб’яднанне частак двух фразеалагізмаў. Так, кантамінаванае ўтварэнне куды вочы нясуць узнікла на аснове фразеалагізмаў-сінонімаў куды вочы глядзяць і куды ногі нясуць. Параўн. таксама: браць у пераплёт каго, вісець паміж небам і зямлёй, заліваць чарвяка, мераць на адзін капыл, сам-насам з сабой, цягнуць гізунты з каго і інш.
3. Утварэнне назоўнікавых фразеалагізмаў на аснове дзеяслоўных як іх фрагментаў, што ўзнікаюць у выніку ўсячэння дзеяслоўнага кампанента. Дэрывацыйнай базай у такіх выпадках можа быць толькі не менш як трохкампанентны дзеяслоўны фразеалагізм. «Абломак» дзеяслоўнага выразу захоўвае «долю» семантыкі ўсяго фразеалагізма. Так, пускаць чырвонага пеўня мае значэнне ‘рабіць пажар, зламысна падпальваць што-н.’, а фрагмент гэтага выразу чырвоны певень абазначае ‘пажар’. Катэгарыяльнае значэнне прадметнасці і адпаведныя граматычныя ўласцівасці набылі шмат якія «абломкі» дзеяслоўных фразеалагізмаў: агульная мова ў каго з кім, вострыя вуглы, камень за пазухай, каменьчыку агарод чый, палкі ў кола, пыл у вочы, ружовыя акуляры і г.д.
4. Утварэнне ад выразаў дзеяслоўнага тыпу суадносных з імі назоўнікавых фразеалагізмаў. Новы выраз фарміруецца ў выніку ўтварэння аддзеяслоўнага кампанента-назоўніка ад граматычна галоўнага слова; пры неабходнасці замяняецца і склонавая форма залежнага слова-кампанента: абіваць парогі — абіванне парогаў, перамываць костачкі — перамыванне костачак, сыходзіць са сцэны — сыход са сцэны. Такія назоўнікавыя ўтварэнні адрозніваюцца ад суадносных дзеяслоўных выразаў семантыкай, катэгарыяльным значэннем, марфалагічнымі формамі, сінтаксічнай роляй. Фразеалагічны фонд актыўна папаўняецца падобнымі назоўнікавымі выразамі: ад'яда душы, вайна з ветракамі, выхад у свет чаго, гульня з агнём, закручванне гаек, таптанне на месцы і інш.
7
7
Жуков В. П. Роль образности (метафоричности) в формировании целостного значения фразеологизма// Проблемы фразеологии и задачи ее изучения в высшей и средней школе. Вологда, 1967. С. 103.